Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў парафіі Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана і Маці Божай Шкаплернай

ІІ Нядзеля Адвэнту, 8 снежня 2013 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. На авансцэне II Нядзелі Адвэнту з’яўляецца адвэнтавы прарок св. Ян Хрысціцель са сваім заклікам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Мы добра ведаем, што па дрэннай дарозе далёка не даедзем, можам паламаць машыну і нават трапіць у аварыю. Каб бяспечна і хутка ехаць, неабходна мець не толькі добрыя машыны, але і добрыя дарогі. Гэта аксіёма, якую ведае кожны.

Такое ж правіла дзейнічае і ў духоўным жыцці. Доўгачаканы Збаўца прыходзіць, і таму неабходна падрыхтаваць Яму дарогу. Адпаведна і такі заклік св. Яна Хрысціцеля. Гэты заклік ужо 2000 гадоў паўтарае Касцёл, бо Езус прыходзіць да нас праз яго служэнне. Праблема толькі ў тым, што дарога, па якой Ён прыходзіць, не заўсёды расчышчана і мы не заўсёды хочам Яго ўпусціць у сваё сэрца.

Падчас Адвэнту мы заняты многімі іншымі справамі, асабліва клапоцімся аб падарунках на Божае Нараджэнне ці падрыхтоўцы да святкавання як гэтага свята, так і Новага года, і не думаем аб духоўнай падрыхтоўцы і расчышчэнні дарог нашага жыцця ад грахоў і дрэнных звычак. А менавіта, па іх Езус павінен прыйсці ў нашы сэрцы, каб у іх нарадзілася і ўмацавалася вера.

Ужо напрыканцы кастрычніка ў нашых магазінах пачалася распрадажа падарункаў на Божае Нараджэнне, і людзі спяшаюцца туды. Паўсюль толькі і чуваць магічнае слова shoping. Але ці так актыўна мы спяшаемся на бясплатную распрадажу Божай ласкі, калі так можна выказацца, у нашых касцёлах і капліцах? У сувязі з гэтым паўстае вялікае пытанне да сучаснага чалавека: што яго больш цікавіць – матэрыяльнае ці духоўнае? Ці ён часамі не згубіў пачуццё таго, што створаны паводле Божага вобразу і падабенства і такім павінен заставацца? Ён хоча быць чалавекам неба ці толькі зямлі? І г.д.

2. Адна легенда распавядае пра тое, як аднойчы вялікі прыгожы арол прыляцеў да кураў, якія спакойна хадзілі па зямлі ў пошуку ежы – зярнятак або чарвяка. Куры спыталіся ў арла: “Адкуль ты?” Арол адказаў: “Я з неба”. “А дзе неба?” – спыталася чапля. “Неба? Вы што, ніколі не былі у небе?” – спытаў арол і пачаў распавядаць пра яго бязмежнасць і прыгажосць. Ён вельмі прыгожа распавядаў пра жыццё ў небе, але куры не выказвалі вялікай зацікаўленасці і напрыканцы спыталіся: “У небе ёсць чарвякі?” Арол адказаў: “Канешне, няма”. На гэта куры сказалі: “Дык ты заставайся ў сваім небе, а мы будзем на зямлі шукаць ежы”.

3. Гэтая легенда мае вялікае маральнае значэнне. Як шмат людзей, якіх Бог адарыў ласкай хрысціянскага жыцця, адварочваюцца ад Яго і замест таго, каб скіроўваць свой позірк у неба да духоўных рэчаў, скіроўваюць яго да зямлі, да зямных і грахоўных спраў, каб потым, вельмі часта позна, зразумець, што такім чынам яны самі сабе барыкадзіруюць уваход у неба! Сучасны чалавек вельмі лёгка замяняе радасць неба на жыццё ў грахоўным балоце.

4. А як з намі? Ці мы часам не патрабуем змен у нашым жыцці? Словы св. Яна Хрысціцеля адрасаваны таксама і нам. Ці чуем мы іх? Ці ўсведамляем, што яны актуальныя ў наш час? Ці хочам следаваць ім, каб дасягнуць вечнага шчасця ў Божым Валадарстве і не задавольвацца толькі справамі зямнога жыцця?

Святы Ян Хрысціцель, заклікаючы да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу, найперш мае на ўвазе ачышчэнне нашай душы праз пакаянне. Пакаянне ў біблійным сэнсе – гэта найперш адмаўленне ад граху і вяртанне да Бога.

Аднойчы адзін біскуп на Божае Нараджэнне ўпершыню апынуўся ў Бэтлееме на так званым полі пастухоў, дзе пастухі пачулі ад анёла вестку аб нараджэнні Збаўцы. Ён чуў там прыгожыя калядныя спевы і перажываў нязвыклую атмасферу блізасці Бога. Пасля гэтага ён напісаў наступныя словы: “Я не казаў: “паглядзі на мяне, Божа, які я добры, і Ты павінен ганарыцца мною”. Не. Я толькі прасіў прабачэння за свае грахі, каб я быў духоўна свабодны”. Сапраўды, чым больш мы адварочваемся ад Езуса, тым больш залежнымі становімся ад граху. І ў той жа час, чым больш мы звяртаемся да Хрыста, тым больш становімся свабоднымі ад грахоўнай залежнасці. Менавіта зварот да Хрыста дае нам магчымасць навярнуцца.

5. Таму пасланне св. Яна Хрысціцеля аб падрыхтоўцы дарогі прыходзячаму Збаўцу праз навяртанне нясе сапраўдную радасць свята Божага Нараджэння.

Святы Ян Хрысціцель, які жыў у пустыні, – прадстаўнік вялікай традыцыі габрэйскіх прарокаў. Ён добра разумеў, што час бяжыць беззваротна. Таму ў сваіх прамовах да людзей закранаў сутнасныя для збаўлення чалавека справы, а не нейкія другасныя. Ён як быццам заклікаў выплысці на глыбіню, а не плюхацца на плыткаводдзі. Адсюль і яго, як голасу клічучага на пустыні, заклік падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу.

Няхай жа сённяшні ўрок св. Яна Хрысціцеля дапаможа нам так уладкоўваць падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння, каб яны былі не толькі прыгожай традыцыяй, не толькі ўспамінам падзей, якія адбыліся ў Бэтлееме 2000 гадоў таму, але каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу і ў іх сваёй ласкай нарадзіўся Хрыстус – адзіны Збаўца і адзіная надзея. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі