Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Мінская архікатэдра, 9 снежня 2013 г.

Найбольшая фаварытка Бога

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гісторыя пакінула нам шмат розных аповедаў пра Божую Маці. Некаторыя з іх цесна звязаны з Евангеллем і непасрэдна адносяцца да праўдаў нашай веры.

Так, Евангелле распавядае ад тым, як фарысеі прывялі да Езуса жанчыну, якая зграшыла супраць шостай Божай запаведзі, каб Ён яе асудзіў, бо паводле габрэйскага звычаю яна павінна была быць укаменавана. Гэтым самым фарысеі выставілі Езуса на выпрабаванне. З аднаго боку Ён моцна бараніў Божы закон і нават казаў, што не прыйшоў яго знесці, але выканаць. З іншага Ён абвяшчаў Божую міласэрнасць. Таму фарысеям было вельмі цікава, што Езус зробіць у гэтым выпадку.

А як паступіў Хрыстус? Ён сказаў вельмі проста і пераканаўча; сказаў так, што быў захаваны Божы закон і не быў замкнёны шлях да праяўлення міласэрнасці. Езус сказаў: “Хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. Фарысеі моўчкі разышліся. Але ў той момант у запанаваўшай цішыні каля Езуса праляцеў камень. Езус падняў галаву і сказаў: “Мама, Я Цябе прасіў не ўмешвацца ў Мае справы”.

Гэта толькі жарт, але ў ім схавана праўда аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі: Яна, якая была без граху, кінула камень, бо так прасіў Яе Сын.

Гэты жарт таксама можа быць добрым прыкладам супрацьпастаўлення Марыі ў адносінах да фарысеяў, якія думаюць, што святасць – выключна асабістае дасягненне чалавека. Таму ў іх нярэдка развіваецца пачуццё не міласэрнасці, але нянавісці да грэшнікаў, і яны гатовы ў кожны момант кінуць у іх камень, хаця самі таксама з’яўляюцца грэшнікамі.

Супраць такіх сучасных фарысеяў выступае Папа Францішак, які кажа: “Хто я такі, каб мог асуджаць іншага?”  

2. Менавіта таму вучэнне Касцёла аб Беззаганным Зачацці Марыі з’яўляецца вельмі важным. Яно нам нагадвае, што такога стану Марыя не дасягнула выключна сваімі намаганнямі, але гэта Божы дар.

Праўда веры ад Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі была аб’яўлена благаслаўлёным Папам Піем IX у 1854 г. Гэта быў адказ Касцёла на выклікі часу, калі бурна развівалася прамысловасць і з ёй сацыяльная несправядлівасць і секулярызм, а рэлігія, паводле Карла Маркса, была “опіумам для народу”.

У такіх неспрыяльных для веры ўмовах Касцёл паказаў прыклад Марыі, як бязгрэшнай асобы, якая да канца даверылася Богу.

Кожны дагмат і праўда веры маюць сваё абгрунтаванне ў Святым Пісанні. Адносна праўды аб Беззаганым Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі такіх тэкстаў нямала як у Старым, так і ў Новым Запаветах. Аднак класічным з’яўляецца тэкст Звеставання, калі Арханёл Габрыэль назваў Марыю поўнай ласкі. Словы “поўная ласкі” азначаюць бязгрэшнасць Марыі.

Падчас аб’яўленняў св. Бэрнадэце Субіру, якія мелі месца ў Люрдзе ў 1858 г., Марыя на пытанне малой дзяўчынкі: “Хто ты, прыгожая Пані?”, адказала: “Я Беззаганнае Зачацце”. Гэтым самым неба як быццам пацвердзіла аб’яўленую Папам Піем IX праўду нашай веры.

3. У буле, абвяшчаючай праўду Беззаганнага Зачацця, Папа кажа, што Марыя была выбаўлена ад першароднага граху моцаю будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста. Яна была выключана з паўсюднага права першароднага граху, які сцягнулі на ўсё чалавецтва нашы першыя бацькі – Адам і Ева. Таму Беззаганнае Зачацце Марыі – гэта не Яе заслуга, але Божы дар. Бог адарыў Яе дасканалай чалавечай прыродай, такой, якую мелі Адам і Ева перад грэхападзеннем. Таму вучэнне аб Беззаганным Зачацці кажа нам не толькі аб тым, кім з’яўляецца Марыя, але перадусім аб тым, кім з’яўляецца Бог і кім мы з’яўляемся ў святле Яго бязмежнай любові да чалавека. У святле гэтага вучэння таксама і наша святасць – не выключна наша асабістая заслуга, але адначасова Божы дар.

4. Праўда нашай веры аб Беззаганным Зачацці Марыі вядзе да праўды аб прадбачлівасці Бога, які забяспечвае нашу будучыню, рыхтуе нас да выканання пастаўленых перад намі заданняў, узбройвае ў патрэбныя для выканання прызначанай нам ролі ў драме збаўлення чалавека. Ужо ва ўлонні маці Бог выбірае прарокаў, святароў, кансэкраваных асобаў і  г.д. Бог не пакідае нас адных, укінутых у акіян праблем, каб мы, змагаючыся з імі, на самой справе таксама змагаліся паміж сабой. Матэрыялістычная тэорыя пра выжыванне найбольш прыстасаваных асобаў – гэта тэорыя пра жыццё парушанай першародным грахом чалавечай прыроды, але не пра жыццё збаўленых людзей.

На шчасце, наша парушаная першародным грахом, прырода ўмацоўваецца Божай ласкай, што дае нам новыя магчымасці для развіцця і вырашэння нашых праблем.

Мы нарадзіліся ў стане першароднага граху, аднак воды хросту вызвалілі нас з яго няволі і ўчынілі Божымі дзецьмі. Гэта той Божы дар, які дапамагае нам, па прыкладу Марыі, на кожную Божую прапанову казаць наша “так”, каб застацца духоўна жывымі, будаваць шчаслівае жыццё на гэтай зямлі і заслужыць вечнае шчасце ў небе.

5. Пятнаццаць гадоў таму ў адной парафіі ў Англіі ад кароткага замыкання згарэў касцёл. Пры гэтым, аднак, захавалася драўляная фігура Божай Маці. Мясцовая газета пісала: “Незразумела, як такое магло стацца”. На гэта сакрыстыянін адказаў: “Бог дзейнічае таямнічым чынам”.

Бог захаваў Марыю ад першароднага граху, што чыста па-чалавечы незразумела, бо першародны грэх пераходзіць з пакалення на пакаленне. Па-чалавечы незразумела, як падчас пажару ў касцёле не згарэла драўляная фігура. Але ў Бога няма немагчымых рэчаў.

Усё жыццё Марыі было перамогай над смерцю, бо Яна прысвяціла сябе служэнню Богу праз паслухмянасць Ягонай волі. Таму Марыя сама па сабе з’яўляецца гімнам і хвалой жыцця, з’яўляецца істотай, у якой ажыццяўляюцца словы Хрыста, што Ён прыйшоў у гэты свет, каб людзям даць жыццё і каб яны яго мелі ў дастатку.

Апостал Павел сцвярджае, што Бог выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі. Гэта азначае, што таксама і мы, людзі XXI стагоддзя, спрадвеку былі выбранымі Богам, каб жыць святым, свабодным ад граху жыццём. Гэта не што іншае, як план любові, які Бог абнаўляе кожны раз, калі мы набліжаемся да Яго, асабліва ў сакрамэнтах. Таму таямніца Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі заклікае нас распазнаць наш лёс і пакліканне быць святымі, перамененымі любоўю і прыгажосцю Бога, – як сказаў Святы Айцец Францішак учора падчас малітвы “Анёл Панскі”.

6. Касцёл, Маці якога ёсць Марыя, вядзе чалавецтва да перамогі над злом. Пасткай, якой павінен асцерагацца Касцёл, з’яўляецца грэх яго членаў. Калі Марыя пражыла сваё жыццё без граху, то Касцёл будучы святым, адначасова пазначаны нашымі грахамі.  Таму Народ Божы ў гэтым змаганні звяртаецца да сваёй нябеснай Маці і просіць Яе дапамогі, каб Яна спадарожнічала яму ў пілігрымцы веры і падтрымлівала надзею. Гэтай дапамогі мы патрабуем асабліва ў наш час секулярызму і адыходу ад веры.

Таму сёння звяртаемся да цябе, Беззаганна Зачатая Марыя – Маці нашай веры, выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста ласку і святло моцнай веры, каб мы, падобна Tабе, заставаліся фаварытамі Бога, сапраўды былі святымі, не заблудзіліся ў нашым жыцці, захавалі дар Божых дзяцей і ў Валадарстве Божым занялі месца побач з Табою. Амэн.

Адноўлена 08.12.2013 18:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі