Мінская архікатэдра, 14 снежня 2013 г.
Трываць у пастановах
Дарагая моладзь!
1. Чарговы раз мы збіраемся на адвэнтавае чуванне перад урачыстасцю Божага Нараджэння, каб паразважаць аб нашым духоўным жыцці і зрабіць адпаведныя пастановы ў гэты час ласкі, якім з’яўляецца Адвэнт. Гэта час, калі да нас звяртаецца святы Ян Хрысціцель з заклікам: “Падрыхтуйце дарогу Пану” (пар. Мк 1, 3). Бог прыходзіць, і таму неабходна падрыхтаваць Яму дарогу, па якой Ён прыйдзе.
Гэта зразумела ўсім. Таму ў гэтай адвэнтавай падрыхтоўцы мы павінны разгрэбці завалы на дарозе, па якой павінен прыйсці Хрыстус. Гэта азначае, што нам неабходна навярнуцца і зрабіць адпаведныя пастановы трываць у добрым, каб гэтая дарога заўсёды была расчышчанай. Таму тэмай сёлетняга адвэнтавага чування выбраны словы Евангелля: “Хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (пар. Мц 10, 22).
Кажучы пра навяртанне і пастанаўленне змяніць жыццё, у той жа час мы добра ведаем, што ўжо шмат разоў былі ў споведзі і рабілі розныя пастановы і, на жаль, вельмі часта іх не выконвалі. Так ужо ёсць у жыцці, і нават існуе прыказка, што добрымі намерамі выбрукаваны шлях у пекла.
2. Чаму так ёсць? Чаму мы не выконваем нашых, нават самых лепшых, пастановаў? Чаму яны завяршаюцца паразай? Выдаецца, што сапраўдная драма чалавека ў прызнанні таго, што параза нас дыскваліфікуе і пазбаўляе сэнсу далей чыніць штосьці ў гэтай галіне.
Таму ў нашым жыцці ўсё часцей праяўляецца так званы амерыканскі стыль жыцця, які заклікае да абавязковага поспеху. Яго можна выразіць наступнымі словамі: “Можаш быць прэзідэнтам або гангстэрам, але павінен кімсьці быць. Не можаш прайграць, бо той, хто праігрывае, не мае шансаў”.
Дакладна так жыве сучасны свет, у якім на кожным кроку мы разважаем над тым, як атрымаць імгненны даход. Такі стыль мыслення мы хочам перанесці і ў духоўнае жыццё. Мы робім добрыя і шчырыя пастановы, паправы і лічым, што яны хутка прынясуць свой плён без сталага змагання на шляху да дасканаласці. Аднак так зазвычай не адбываецца.
3. На жаль, імгненныя поспехі вельмі часта таксама імгненна завяршаюцца. Мы добра ведаем, што паміж купленым ў Макдональдзе гамбургерам і прыгатаваным мамай хатнім абедам ёсць вялікая розніца. Гамбургер купляецца на працягу некалькіх хвілін, а на прыгатаванне абеду патрэба шмат часу. Аднак смак і каларыйнасць якасна іншыя.
На самой справе трывалым застаецца тое, што было дасягнута сталай працай, не адной паразай і многімі спробамі зрабіць нанова тое ж самае.
Мы дзівімся прыгажосці сярэднявечных катэдраў і касцёлаў. Але забываемся аб тым, што яны будаваліся дзесяцігоддзямі, а можа, нават і стагоддзямі. Мы праслаўляем алімпійскіх чэмпіёнаў, але ці ведаем, колькі разоў да гэтага яны праігрывалі і якую цану, якой з’яўляюцца бясконцыя трэніроўкі і нават траўмы, яны павінны былі заплаціць, каб выйграць залаты алімпійскі медаль?
4. Такое самае права вытрываласці абавязвае і ў духоўным жыцці. Тут нічога не адбываецца імгненна. Успомнім час падрыхтоўкі да першай споведзі і Камуніі, які трывае накалькі гадоў. А час фармацыі да святарства трывае ажно шэсць гадоў.
Напэўна, часамі на пачатку дарогі да Бога можа быць акт аднаразовага навяртання. Чалавек спаткаў Бога, і яму выдаецца, што на гэтым усё завяршылася. Гэта вялікая праблема неафітаў. Бо калі такі чалавек не будзе працаваць над сваім духоўным удасканаленнем, то можа вельмі хутка страціць веру, што нярэдка і адбываецца.
Пасля такога імгненнага навяртання павінен наступіць доўгі час працы над самім сабой і над умацаваннем атрыманага дару веры. Прыгожа аб гэтым кажа кніга Мудрасці Сіраха: “Сыне, калі маеш намер служыць Пану, то прыгатуй сваю душу на дасведчанні” (Сір 2, 1). Тут даспадобы ўспомніць прыказку: “Ня бойся цяжкіх выпрабаванняў, а бойся духоўнай ленасці”. Трапна выказаўся вялікі рускі пісьменнік Леў Талстой: “Лёгка, адным штуршком адкрываюцца толькі дзверы ў пагібель” (http://shoyher.narod.ru/AntolMyisli/AntolMyisl_J4.html).
5. Якую выснову мы можам з гэтага зрабіць? Вартасць нашага жыцця не вырашаюць перамогі. Таксама яго сэнсу не адбіраюць паразы. Жыццё паказвае, што важнейшым за поспехі ёсць тое, як чалавек перажывае і ўспрымае паразы і вучыцца на іх.
Перамагчы і адпачываць на лаўрах – азначае прайграць. У той жа час, прайграўшы, не паддацца – азначае перамагчы. Нездарма прыказка кажа, што за аднаго бітага трох нябітых даюць.
Мы не павінны забывацца, што чалавек нічым не здзівіць Бога. У некаторых дысцыплінах спорту, як, напрыклад, гімнастыка ці фігурнае катанне, пункты даюцца не толькі за тэхніку, але і за стыль. У духоўным жыцці гэтага няма і не можа быць.
З нашым духоўным жыццём павінна быць як з мячыкам. Ён, удараючыся ў падлогу, адначасова адскоквае ад яе. Цікава тое, што чым мацней мы б’ем мячыкам аб зямлю, тым вышэй адбіваецца мяч. Бо такі закон фізікі.
Таксама і ў духоўным жыцці павінна быць гатоўнасць устаць і падняцца з граху. Зграшыць – гэта па-чалавечы, але заставацца ў граху – гэта па-д’ябальску.
З нашым духоўным жыццём павінна быць так, як з кавалкам дрэва. Калі яно будзе толькі ляжаць на зямлі, то проста згніе. Але калі ляжыць у зямлі, то, падвяргаючыся ціску, ператвараецца ў вугаль. Вугаль жа пад ціскам зямлі ператвараецца ў графіт. А калі графіт працягваць падвяргаць ціску, ён ператвараецца ў алмаз, з якога робяць брыльянты.
Таму нельга баяцца выпрабаванняў, бо яны вядуць да дасканаласці. Упаўшы, неабходна ўстаць і, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і спакусы, трываць у добрых пастановах і такім чынам удасканальвацца.
Святы Айцец Францішак у Апостальскай адгартацыі “Evanelii gaudium“ – “Радасць Евангелля” запрашае хрысціян, каб, нягледзячы на месца і сітуацыю, у якой знаходзяцца, штодзённа аднаўлялі спатканне з Хрыстом і шукалі яго (пар. EG 3). Гэта азначае, што Папа нагадвае пра неабходнасць сталага навяртання і вытрывання ў ім.
6. Таму ўніверсальным правам у духоўным жыцці, якое таксама дзейнічае ва ўсіх галінах жыцця, ёсць навяртанне і трываласць у імкненні да поспеху. Нам неабходна памятаць, што параза – гэта ўпісаная ў чалавечае жыццё рэчаіснасць. На паразах і памылках неабходна вучыцца, бо яны не з’яўляюцца апошнім словам у жыцці чалавека. Трываласць з’яўляецца годным плёнам навяртання (пар. Мц 3, 8). Нездарма за вернасць Езус абяцае вянок славы (пар. Адкр 2, 10) і нездарма кажа, што той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены (пар. Мц 10, 22).
Таму, дарагая моладзь, нельга марнаваць сваёй маладосці, жывучы толькі філасофіяй натоўпу, гэта азначае жывучы так, як усе жывуць. Неабходна плыць супраць цячэння і выходзіць за межы звычайнага, вельмі часта грэшнага, жыцця. На падзеі сучаснага свету не дастаткова глядзець толькі з балкона, неабходна быць сярод іх і адказваць на выклікі часу, – як сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з моладдзю 30 лістапада 2013 г. (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20131130_vespri-universitari-romani_it.html).
Няхай жа вашай адвэнтавай пастановай будзе не толькі імкненне да навяртання, але і трываласць у ім, каб, нягледзячы на ўсе цяжкасці, вы ўдасканальваліся і сталі сапраўднымі духоўнымі брыльянтамі, чаго ад усяго сэрца вам жадаю. Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Францішак. Апостальская Адгартацыя “Evangelii gaudium” (EG). 2. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/ documents/papa-francesco_20131130_vespri-universitari-romani_it.html. 3. http://shoyher.narod.ru/AntolMyisli/AntolMyisl_J4.html.
|