15 снежня 2013 г.
Прыйдзі, о Пане, каб усіх нас збавіць!
Дарагія браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй св. Імшы з’яўляецца як быццам скаротам усіх чытанняў, якія Касцёл прапануе нашай увазе на III Нядзелю Адвэнту. Яны яшчэ больш актуальныя ў парафіі Божай Маці Ларэтанскай у Сокале пад Мінскам, дзе айцы рэдэмптарысты распачынаюць рэгулярнае душпастырства, за што я ім вельмі ўдзячны. Колькі часу вернікі тут чакалі таго, каб мець месца малітвы і каб пастаянна быў святар!
Cённяшняе набажэнства з’яўляецца знакавым і таму, што гэта першы парафіяльны адпуст, падчас якога адбудзецца пасвячэнне капліцы ў гонар Божай Маці Ларэтанскай. Гэты тытул паходзіць ад горада Ларэта ў Італіі, дзе знаходзіцца домік з Назарэта, у якім адбылося Звеставанне, калі Арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Бог выбраў Яе быць Маці Збаўцы. Назарэтанскі домік з’яўляецца сэрцам хрысціянства, бо там распачалася рэалізацыя Божага плану збаўлення.
2. Божая Маці Ларэтанская з’яўляецца апекункай пілотаў. А Сокал знаходзіцца недалёка ад аэрапорта, адкуль штодзённа вылятаюць і прылятаюць тысячы людзей.
У пэўным сэнсе мы ўсе кожны дзень кудысьці ляцім або едзем, бо ўсе знаходзімся ў жыццёвай пілігрымцы і нам патрэбна дапамога. Калі чалавек выбіраецца ў дарогу, то думае пра сваё забеспячэнне ў ёй. Як веруючыя, мы павінны думаць і аб духоўным забеспячэнні. У жыццёвай пілігрымцы да вечнай айчыны патрэбны не толькі фізічныя сілы, але і духоўныя. Іх дае нам Хрыстус, а найкарацейшая дарога да Яго – гэта Марыя.
3. У Адвэнт мы асаблівым чынам узгадваем Багародзіцу, бо менавіта дзякуючы Яе згодзе з Божай воляй завяршыўся першы гістарычны Адвэнт, як час чакання прыйсця Збаўцы. Цяпер мы жывём падчас другога Адвэнту, калі чакаем другога прыйсця Хрыста ў славе і таксама калі рыхтуемся спаткаць Яго пасля завяршэння нашага зямнога жыцця. Таму Адвэнт мае марыйные вымярэнне. Нездарма ў Адвэнт прыпадае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Адвэнт адбываюцца традыцыйныя раратнія набажэнствы, падчас якіх праслаўляем Марыю. А сёння мы адзначаем перанесены з 10 снежня на нядзелю адпуст Маці Божай Ларэтанскай.
4. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа: “Сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна”.
Гэтыя словы з поўным правам можна адрасаваць нам. На працягу трох пакаленняў наша краіна жыла ў духоўнай цемры, калі адбываліся ганенні на Касцёл і забаранялася верыць. Мы тады былі духоўна сляпымі, кульгавымі, пракажонымі, глухімі і памерлымі. Аднак мы жылі надзеяй і чакалі новых часоў свабоды веравызнання. Мы перажывалі гэтыя часы ганенняў разам з Марыяй, якая ў фатальным 1917 г., калі атэістычны рэжым накіроўваўся на Усход, у далёкай Фаціме дала надзею, кажучы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і Расія навернецца. Марыя ўжыла слова “Расія”, яле яно адносіцца і да Беларусі, якая ў тыя часы належала да Расійскай імперыі. Мне давялося тры разы сустрэцца з сястрой Люцыяй, той, якая бачыла і чула Марыю падчас фацімскіх аб’яўленняў у 1917 г. Дык вось, яна казала, што слова “Расія” павінна азначаць увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці.
5. У выніку сацыяльна-палітычных перамен мы атрымалі свабоду веравызнання, усё больш святароў і кансэкраваных асобаў служаць у Беларусі, ёсць дзве духоўныя семінарыі, распачынаюць дзейнічаць новыя парафіі і будуюцца новыя касцёлы, развіваюцца каталіцкія медыя і дабрачыннасць, праводзіцца катэхізацыя дзяцей і дарослых і г.д.
Таму гісторыя нашай краіны сведчыць пра тое, што Бог піша проста на пакручастых лініях гісторыі і Хрыстус ставіць апошнюю кропку над “і”, сведчаннем чаго ёсць і сённяшняе набажэнства ў Сокале, дзе асвячаецца капліца парафіі Маці Божай Ларэтанскай. Кожная капліца і касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам. Таму гэтая капліца з’яўляецца Божым дарам для парафіі і ўсіх, хто будзе сюды прыходзіць.
6. Святы Ян Хрысціцель – гэты адвэнтавы прарок – не толькі заклікаў падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу, але і паказаў Яго людзям. Касцёл ужо 2000 гадоў паўтарае заклік святога Яна Хрысціцеля да навяртання і падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Пану. Касцёл таксама паказвае нам Яго, які прыходзіць у слове Божым, сакрамэнтах, дабрачыннасці і іншай дзейнасці. Пасля трох пакаленняў пераследу Касцёл чыніць гэта і ў Беларусі, і мы маем магчымасць пачуць і ўбачыць Збаўцу.
Аднак, на жаль, не заўсёды так бывае. Нягледзячы на новыя магчымасці для духоўнага ўдасканалення, так шмат людзей не чыняць гэтага, не бачаць Хрыста або не імкнуцца бачыць.
Сучасны свет перажывае вялікі крызіс веры, які выражаецца ў адыходзе ад Бога, праўды Евангелля і вучэння Касцёла, распадзе сям’і, дэсакралізацыі і дэвальвацыі Божага дару жыцця, прапагандзе амаральнага стылю жыцця, карупцыі, наркаманіі, алкагалізме і іншых паталогіях.
Адвэнт з’яўляецца новым шансам, які Бог дае чалавеку, і нам нельга яго не выкарыстаць, каб адрадзіць і ўмацаваць веру. Гэтаму павінна спрыяць і новая капліца ў гонар Маці Божай Ларэтанскай, як духоўны цэнтр, каб у ёй людзі сапраўды маглі спаткаць Бога і каб Езус сваёй ласкай нарадзіўся ў іх сэрцах.
7. Сімвалічна, што парафія Божай Маці Ларэтанскай знаходзіцца ў Сокале. Мы ведаем, што сокал – гэта птушка, якая любіць неба. У неба таксама ўздымаюцца самалёты. Гэта ўсё стварае вельмі спрыяльную атмасферу, каб і нам не зацыклівацца толькі на зямных і матэрыяльных справах, але падняць свой позірк у неба да духоўных.
Сокал – гэта птушка, якая можа глядзець на сонца, не міргаючы. Духоўным сонцам з’яўляецца Езус Хрыстус. Наш позірк на Яго накіроўвае Касцёл, і ў сваім жыцці мы павінны глядзець на Езуса.
Мы створаны Богам і з Ягонай рукі выйшлі. На зямлі не маем сталага месца прабывання, і наша жыццё – гэта пілігрымка ў дом нябеснага Айца. Гэтай мэты мы дасягнем, калі ў жыццёвую пілігрымку адправімся з Хрыстом, якога нам дае Марыя.
8. У жыцці кожнага чалавека ёсць шмат дарог, і сярод іх павінна быць дарога да касцёла, бо тут нас чакае Хрыстус, адзіны Збаўца свету і адзіная яго надзея. Тут мы Яго спатыкаем, каб жыць Ягонай праўдай і быць моцнымі сваёй верай, як моцны быў святы Ян Хрысціцель. Нам патрэбна святло веры, каб не заблудзіцца, бо ў сучасным свеце так шмат фальшывых вучэнняў. Нам трэба чуваць з Хрыстом, каб ізноў, ужо ў варунках свабоды веравызнання, не перажываць парадоксу, а менавіта не адмовіцца ад нашай веры і не станавіцца духоўна сляпымі, кульгавымі, пракажонымі грахом, глухімі на Божую праўду і памерлымі духоўна.
Таму, дарагія браты і сёстры, не забудземся дарогі да гэтай капліцы.
Няхай яна стане сокальскім назарэтанскім домікам, дзе мы будзем вучыцца ў Марыі адказваць Богу “так” і выконваць Яго волю, бо гэтае “так” ёсць ключом да шчасця. Няхай яна стане месцам спаткання чалавека з Хрыстом, з якога нараджаецца вера, без якой няма збаўлення. Амэн.
|