Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас раратняй Імшы ў мінскай архікатэдры

12 снежня 2013 г.

“Крапіце, нябёсы, з вышыняў, і хмары няхай пральюць справядлівасць; няхай адкрыецца зямля і народзіць Збаўцу!”

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці. Усе ўдзельнікі раратняй св. Імшы!

Мы спявалі гэтыя словы перад Евангеллем. У іх выказана туга і чаканне Збаўцы. Гэтыя словы вельмі добра перадаюць атмасферу раратаў, падчас якіх мы ўсхваляем Марыю, якая нарадзіла свету Збаўцу Езуса Хрыста.

Раратнія набажэнствы глыбока ўвайшлі ў культуру нашага народу. Нягледзячы на тое, што яны цэлебруюцца вельмі рана, калі яшчэ цёмна, у іх прымае ўдзел шмат вернікаў. Асаблівую атмасферу надаюць пануючы ў касцёле змрок, вернікі і дзеці з ліхтарамі і запаленая свечка, якая называецца рараткай і сімвалізуе Марыю. Менавіта Марыя стала той ранішняй зоркай, якая абвяціла аб хуткім прышэсці Збаўцы.

Мы перажываем Адвэнт – час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і да спаткання з Хрыстом як Суддзёй.

Ужо ў XIII стагоддзі панаваў звычай, калі падчас раратніх набажэнстваў усе станы – кароль, біскуп, сенатар, рыцар, рамеснік, гараджанін і селянін - падыходзілі да алтара і, ставячы свечку на ліхтары, казалі: “Я гатовы да Божага суду”. У гэтых словах выказвалася духоўная гатоўнасць да сустрэчы з Хрыстом, які прыйшоў у гэты свет шмат стагоддзяў таму і які прыйдзе напрыканцы часоў, каб нас судзіць. Але Ён прыходзіць і цяпер, прыходзіць у Божым слове, у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах, у паслузе Касцёла.

Я памятаю, як у нашай вёсцы, у снежні, калі працы было меней, у Адвэнт практыкавалася так званая “шэрая гадзіна”. Пад вечар вёска пагружалася ў цішыню. У дамах панаваў змрок, а ў сем’ях чыталася Святое Пісанне і жыццё святых. Падчас доўгіх хвілін цішыні людзі разважалі аб прышэсці Збаўцы.

Таксама і сёння падчас гэтай раратняй святой Імшы мы, узгадваючы Марыю, разважаем аб прышэсці Сына Божага ў гэты свет, каб яго збавіць. Некалькі дзён таму мы адзначалі ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і разважалі аб Яе прывілеі – прышэсці ў гэты свет без першароднага граху. Мы нарадзіліся ў стане граху, але дзякуючы сакрамэнту хросту мы сталі святынямі Духа Святога і дзецьмі Божымі. Касцёл перад нашымі вачыма ставіць Марыю, якая згадзілася з Божай воляй і ўсё сваё жыццё яе выконвала. Згода Марыі з Божай воляй – гэта ключ да пазнання таямніцы збаўлення. Наша згода з Божай воляй – гэта ключ да нашага шчасця, якое можа быць толькі ў Богу. А Бог прыходзіць да нас, калі мы згаджаемся з Яго воляй. Гэта той урок Адвэнту і раратаў, які мы павінны вынесці з касцёла і якім павінны жыць у штодзённым жыцці.

Узгадваючы Беззаганна Зачатую, мы павінны браць з Яе прыклад і саромецца нашых грахоў. Гэты будзе святы сорам, які абуджае тугу па жыцці ў Божай ласцы.

Адвэнт – гэта час малітвы, тугі, чакання, духоўнай працы над сабой. У Адвэнт мы просім Бога: “Прыйдзі, Пане, і вызвалі нас з ярма граху. Прыйдзі і не пазніся”.

Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую з Гвадaлупы ў Мексіцы. Санктуарый Маці Божай з Гвадaлупы – самы вялікі марыйны санктуарый у свеце. Штогод туды прыбывае каля 10 мільёнаў пілігрымаў. Пачаткі санктуарыя адносяцца да XVI стагоддзя, калі Марыя аб’явілася св. Хуану Дыега і папрасіла сказаць мясцоваму біскупу, каб на месцы аб’яўленняў быў збудаваны касцёл у Яе гонар. Святы Хуан Дыега выканаў даручэнне Марыі, але біскуп яму не паверыў. Потым Марыя зноў папрасіла аб тым самым. Біскуп зноў не паверыў. Тады Марыя казала св. Хуану Дыега сарваць некалькі ружаў і ў поле свайго плашча занесці іх да біскупа. Святы так і зрабіў. Калі ружы выпалі на падлогу перад біскупам, на поле плашча з’явіўся абраз Божай Маці. Гэта быў Божы знак праўдзівасці аб’яўленняў Марыі. Вельмі хутка быў пабудаваны касцёл, а потым славутая базыліка ў гонар Маці Божай з Гвадaлупы, як апякункі Амерыкі. Падчас візіту ў Гвадaлупу ў 1999 г. благаслаўлёны Ян Павел II даверыў жыццё як народжаных, так і ненароджаных дзяцей апецы Маці Божай Гвадaлупскай.

Сёння, калі ідзе барацьба за жыццё, асабліва ненароджанае, мы звяртаемся да Цябе, Божая Маці Будслаўская, Вострабрамская, Гвадaлупская, Божая Маці, якую праслаўляем пад рознымі тытуламі, барані жыццё, як самы вялікі Божы дар, барані жыццё цела і душы, каб мы яго мелі ў дастатку і былі годнымі Божага Валадарства. Амэн.

Адноўлена 12.12.2013 10:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі