Мінск, Чырвоны касцёл, 22 снежня 2013 г.
Не бойся
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Ужо толькі некалькі дзён аддзяляе нас ад святаў Божага Нараджэння. У апошнія дні Адвэнту Касцёл прапануе нашай увазе чытанні, якія паступова ўводзяць у таямніцу Богаўцелаўлення.
Так, сённяшняе першае чытанне і Евангелле прадстаўляюць дзве абсалютна розныя фігуры – караля Ахаза, які адмаўляецца прасіць дапамогі ў Бога, і Юзафа, які давярае Богу. З перспектывы сучаснага свету і яго тэндэнцый Ахаз – гэта вобраз чалавека нашага часу, які давярае толькі сабе, дасягненням навукі і тэхналогіі, эканамічным, вайсковым і палітычным саюзам і г.д. Жыццё, аднак, паказвае, што такі шлях далёка не заўсёды вырашае ўсе праблемы. Нездарма прыказка кажа, што без Бога не да парога.
Супрацьпастаўленнем Ахазу з’яўляецца св. Юзаф, які давярае Богу і чыніць тое, што Ён яму кажа. Таму заклік да даверу Богу з’яўляецца галоўным у апошнюю нядзелю Адвэнту, практычна ў вігілію Божага Нараджэння, калі на авансцэну Адвэнту ўваходзіць Марыя, якая мае нарадзіць Сына, якому дадуць імя Эмануэль, што азначае Бог з намі, і св. Юзаф.
2. Анёл Панскі кажа Юзафу: “Не бойся”. Не бойся, Юзэфе, бо з Марыі народзіцца Збаўца свету. Перад гэтым Арханёл Габрыэль сказаў Марыі: “Не бойся, Ты знайшла ласку ў Бога”. Падчас нараджэння Хрыста анёл сказаў пастушкам: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, у горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца”.
Такім чынам, заклік не баяцца паўтараецца ў гісторыі збаўлення. Паўтарае яго і Касцёл, які заклікае даверыцца Богу. Успомнім благаслаўлёнага Яна Паўла II, які на пачатку свайго Пантыфікату сказаў прарочыя словы: “Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту і Яго збаўчай уладзе”.
3. Ахаз, ерузалемскі кароль у VIII ст. да Нараджэння Хрыста, на жаль, не слухае Бога, хаця знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Найперш ён правініўся перад Богам, бо ў ахвяру чалавечай рукой зробленаму богу Малаху аддаў свайго сына. Гэтым самым ён перарваў працягласць Давідавага роду, з якога павінен быў нарадзіцца Збаўца. Далей супраць Ахаза выступілі суседзі з поўначы – каралеўства ізраільскае і сірыйскае.
Дзе шукае дапамогі Ахаз? У Бога? Не. Ён яе шукае ў паганскай Азіі. Аднак вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог праз прарока Ісаю кажа яму: “Не бойся сваіх ворагаў і не шукай дапамогі ў паганаў, бо станеш адным з іх”. Ахаз, аднак, не слухае прарока. Тады прарок Ісая другі раз звяртаецца да яго: “Прасі ў Бога знак”. Але Ахаз ізноў не слухае яго. Тады прарок Ісая кажа яму трэці раз: “Бог дае табе знак, вось Дзева зачне і народзіць Сына і дадуць Яму імя Эмануэль, ці Бог з намі”. Усё гэта азначае, што, нягледзячы на грэх Ахаза, маладая жонка Ахаза павінна была нарадзіць сына, каб захаваць пераемнасць роду Давіда, з якога павінен быў нарадзіцца Збаўца.
Здаецца, што Ахаз павінен быў перапрасіць Бога і паслухаць Яго. Аднак ён гэтага не ўчыніў, бо больш давяраў паганам, чым Богу. І менавіта таму ён не быў пахаваны ў каралеўскіх магілах.
4. Сённяшняе Евангелле паказвае, што ў словах прарока Ісаі знаходзіцца больш глыбокі сэнс, а менавіта нараджэнне Сына Божага як Эмануэля. Ад моманту ўцелаўлення Сына Божага Бог становіцца бачным і датыкальным. Сталася гэта дзякуючы згодзе Марыі і таксама дзякуючы таму, што Юзаф прыняў цяжарную Марыю і праз гэта Езус атрымаў легітымнага бацьку. Такім чынам, Бог паклапаціўся аб сваім Сыне.
У апошнія дні Адвэнту нам неабходна браць прыклад з Марыі і Юзафа, як прыклад абсалютнага даверу Богу. Калі мы баімся чагосьці, то іх прыклад можа нам дапамагчы.
Аповед распавядае пра тое, як адзін чалавек быў асуджаны на смяротнае пакаранне, хаця быў нявінны. Перад выкананнем кары смерці ён папрасіў дазвол выканаць з дрэва фігурку Божай Маці. Дазвол ён атрымаў. Фігура выйшла настолькі прыгожай, што суддзя засумняваўся, ці можа злачынец такое ўчыніць, і адмяніў смяротнае пакаранне.
Апошнія дні Адвэнту нагадваюць пра тое, што Марыя знаходзіцца ў дарозе да Бэтлеема, каб там нарадзіць Збаўцу свету, нарадзіць таксама для мяне і цябе, дарагі брат і сястра. Таму сёння папросім Марыю: “Вазьмі нас з сабою і завядзі да Твайго Сына, завядзі найперш праз споведзь і добрыя ўчынкі. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы жылі згодна з Божай воляй, як жыла Ты і жыў святы Юзаф”.
5. Падчас гэтай Імшы асвячаецца новы арган Чырвонага касцёла. Гэта вялікі дар для святыні, якая знаходзіцца ў цэнтры сталіцы Беларусі. Дзякуючы яго гучанню наша малітва будзе больш магутнай, каб выпрасіць у Бога неабходныя нам ласкі.
Пасля Імшы адбудзецца аплатковая сустрэча з малітоўнымі групамі і рэлігійнымі рухамі.
За справу евангелізацыі адказныя не толькі духоўныя асобы, але і свецкія, асабліва малітоўныя групы і розныя рухі. Менавіта іх члены маюць значна больш магчымасцяў для хрысціянскага сведчання, і яго неабходна выкарыстаць, каб святло Евангелля нанова распаліла веру на нашай зямлі.
6. Адзін святар меў звычку задаваць бацькам нованароджанага дзіцяці, калі яны прыходзілі дамовіцца аб яго хросце, вельмі цяжкае і нязручнае пытанне: ён пытаўся, ці напісалі яны завяшчанне, хто будзе апекавацца іх дзіцём, калі, напрыклад, здарыцца няшчасце і яны абое памруць. Маладыя бацькі нават не хацелі аб гэтым думаць і гаварыць. Гэта натуральна, аднак жыццё застаецца жыццём і ўсё можа здарыцца.
Найлепшы адказ дае Евангелле, у якім гэтае пытанне вырашана раз і на ўсе часы. Бог даверыў свайго адзінароднага Сына Марыі і Юзафу. Ці гэта нас не здзіўляе? Не пабаімся і мы даверыць сябе саміх і ўсе нашы справы Марыі і Юзафу, найлепшым апекунам, каб з намі быў Езус і каб мы маглі шчасліва жыць на гэтай зямлі і дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Амэн.
|