Мінск, Чырвоны касцёл, 24 снежня 2013 г.
Стук уначы – Езус прыходзіць
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
1. Ізноў, як штогод, мы адзначаем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі дома ладзім ялінкі, адорваем дзяцей і блізкіх падарункамі, спяшаемся да касцёла, каб у роздуме стаць каля ясляў, дзе знаходзіцца фігурка Немаўляткі Езуса. Менавіта гэтае слабое фізічна Дзіця стала мацнейшым за магутных гэтага свету і адыграла непаўторную ролю ў жыцці чалавецтва, бо Яно – гэта доўгачаканы Збаўца.
Сёння мы становімся каля ясляў, каб падзякаваць Богу за такі вялікі дар Яго любові і ад Яго вучыцца такой любові, якая павінна абняць сучасны, поўны эгаізму, самазадаволенасці і імкнення да ўзбагачэння любым коштам свет. Гэтая любоў яму патрэбная больш за ўсё. Яе адсутнасць з’яўляецца самым небяспечным крызісам, які вядзе ў сляпы завулак і які ўжо так моцна паразіў чалавецтва, што яно не ведае, як знайсці выйсце. А яно на самой справе ёсць — яно ў Езусе Хрысце і Яго любові да чалавека.
Гісторыя паўтараецца. Дзве тысячы гадоў таму чалавецтва таксама знаходзілася на мяжы самазнішчэння. Найлепшым прыкладам можа служыць Рымская імперыя, дзе панаваў прынцып: «хлеба і відовішчаў», што на сучаснай мове можна акрэсліць як імкненне да багацця і задавальненняў. Менавіта гэты прынцып давёў яе да краху.
2. Тады, дзве тысячы гадоў таму, сярод цёмнай ночы граху раздаўся стук. Гэта быў стук Марыі і Юзафа ў дзверы гасцініцы, каб знайсці месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. На самой справе гэта быў стук Бога ў дзверы чалавечага сэрца.
Хаця ў тыя часы людзі лічылі сваім абавязкам прыняць у дом падарожніка, тым не менш адказ на просьбу Юзафа быў адмоўны, нягледзячы на тое, што ноч была халоднаю. Яна была халоднаю не толькі фізічна, але перадусім маральна, бо людзі на просьбу прыняць цяжарную жанчыну ў свой дом казалі рашучае «не». Такім чынам Марыі і Юзафу трэба было шукаць цяпла сярод жывёлаў. Парадокс – чалавек не прыняў Бога, а жывёлы прынялі…
Тут дарэчы ўспомніць словы Святога Пісання з Паслання прарока Ісаі: «Вол ведае гаспадара свайго, і асёл яслі гаспадара свайго; а Ізраіль не знае Мяне, народ Мой не разумее». Або словы Евангелля: «У свеце было (Слова), і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі».
Раздаўся стук сярод ночы — і жывёлы прынялі Езуса і абагрэлі Яго ў той час, калі народ не прыняў свайго Валадара. Аднак, нягледзячы на гэта, у цемру і холад той ночы ўвайшло святло і цяпло Божай любові. Любоў абняла ўсю зямлю, а народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае.
3. Усё гэта азначае, што Бог, які з вышыні нябёсаў спусціўся на нашу грэшную зямлю, у гэты цёмны і халодны свет, на самой справе схіліўся над ім. Ён нарадзіўся не ў каралеўскім палацы, але ў Бэтлеемскай стайні, бо павінен быў перамагчы злога духа сваёй пакораю.
Гэтае схіленне Бога бачна нават у тапаграфіі месца, дзе Ён нарадзіўся. Гарады Святой Зямлі пабудаваны на вяршынях гор. Гэта было зроблена для таго, каб выкарыстаць для сельскай гаспадаркі пладародныя даліны і схілы гор. Таксама і Бэтлеем знаходзіцца на гары, у той час як багатыя пашы знаходзяцца ўнізе. Вуліцы Бэтлеема таксама вельмі пакручастыя і нават пабудаваны на розных узроўнях. Такім чынам, задняя частка многіх дамоў спускаецца крута ўніз, дзе калісьці знаходзіліся памяшканні для жывёлы.
Менавіта там Марыя з Юзафам у тую халодную і цёмную ноч шукалі месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Там Бог нахіліўся да зямлі, каб прыйсці ў гэты свет.
Тыя, хто шукае Бога, таксама павінны нахіліцца. Нават у наш час, каб увайсці ў грот Нараджэння ў Бэтлееме, найперш трэба моцна нахіліцца, прайсці праз нізкі праход і спусціцца глыбока ўніз. Там неабходна стаць на калені, каб дакрануцца да месца Нараджэння Езуса, дзе на лацінскай мове напісаны словы: «Hic Verbum Caro factum est» – «Тут Слова сталася Целам».
Такім чынам, Бог нахіляецца над намі, каб прыйсці да нас. І мы таксама павінны нахіліцца, каб знайсці Яго. Бог не мае ганарлівасці і прыходзіць, каб сваёю пакораю перамагчы яе. Гонар не можа перамагчы гонару. Толькі пакора можа яго перамагчы. Цемра таксама не можа перамагчы цемру. Яна можа быць пераможана толькі святлом. Гэта відавочна, і пра гэта мы ўсе вельмі добра ведаем.
Толькі самадастатковы, упэўнены ў сабе і ўпарты чалавек будзе працягваць жыць самазнішчальным жыццём, не гатовы прызнаць, што ён выбіўся з сіл і што яго жыццё зламалася. Але калі чалавек схіліцца перад Богам, то Ён падыме яго ўверх, адновіць і пераменіць.
«Чалавек, які ўяўляе сябе богам, у Хрысце сустракае сапраўднага Бога, які стаўся чалавекам. Непераўзыдзеная ганарлівасць і гонар чалавека сустракаюць непераўзыдзенае самапрыніжэнне і пакору Бога», – кажа сучасны англійскі антраполаг Крыстафер Уэст.
Менавіта таму Бог схіляецца над чалавекам, і мы сёння святкуем гэтую таямніцу Яго схілення над намі для таго, каб дапамагчы нам устаць. У гэтую святую ціхую ноч Божага Нараджэння Бог у вобразе Немаўляткі без шуму прыходзіць да нас, каб быць Богам з намі. Ён сёння ізноў стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Святое Пісанне кажа: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною».
4. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: што сталася б, калі б Езус пастукаў у дзверы майго сэрца? Ці было б Яму месца ў ім? Марыя з Юзафам схаваліся ў Бэтлеемскай стайні, бо не было ім месца ў гасцініцы. А як адбываецца з намі?
У сучасным свеце існуе вялікая маральная праблема: ці ў нашых сэрцах мы маем месца для Божага права, для духу Евангелля, для бедных і церпячых? Ці маем месца і час для Бога? Ці не праганяем Яго?
Праблема ў тым, што сучасны чалавек не мае часу для Бога. Чым лепшыя сродкі камунікацыі, такія як мабільныя тэлефоны, інтэрнэт, самалёты, хуткія цягнікі і машыны, тым менш часу ў яго застаецца для Бога. Таму ён перажывае сапраўдны парадокс, у выніку якога для Езуса няма месца ў эканоміцы, палітыцы, заканадаўстве і нават рэлігійных практыках.
У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці Бог ёсць у нашым сэрцы? На жаль, у сучаснага чалавека праблема Бога не з’яўляецца найбольш неабходнай і тэрміновай, бо наш час і так ужо заняты і мы вельмі хутка знаходзім масу аргументаў, каб не слухаць Бога і не ўпусціць Яго ў нашы сэрцы.
Сучасны свет жыве так, як быццам Бог не існуе. Замест Божага закону ён прапануе абсалютную свабоду без адказнасці, замест працэсіі Божага Цела – парады сексуальнай роўнасці, замест урачыстасці Усіх Святых – хэллоўін, замест віншаванняў на Божае Нараджэнне – сезонныя зычэнні, так званыя «Season greetings» і гэтак далей.
Такім чынам, мы любім толькі сябе саміх і прагнем таго, да чаго можам рэальна дакрануцца і адчуць. Мы цалкам запоўненыя самімі сабою, так што ў нас няма месца для Бога. А таму няма месца і для іншых — для дзяцей, для бедных, хворых, церпячых, маргіналаў, – як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. У свеце няма міру і справядлівасці, сям’я перажывае крызіс, дэвальвуецца Божы дар жыцця, абагаўляецца амаральнае жыццё, распаўсюджваюцца наркаманія і СНІД, якія сталі пандэміяй сучаснага свету, і гэтак далей.
5. Усё гэта вядзе да наступнай высновы: калі завершыцца гісторыя чалавецтва і ўсе яе кнігі будуць напісаны, адным з найбольш сумных сказаў можа стаць наступны: «Богу не было месца ў гасцініцы нашых сэрцаў».
Не было месца! Як дзіўна і крыўдна за гэты свет, бо ў ім няма месца Богу, які сваім вучэннем і патрабаваннямі проста не ўпісваецца ў яго, не ўпісваецца ў парадак нашага дня, графік нашых заняткаў і прыярытэтаў.
Ізноў згадваюцца словы Евангелля пра тое, што Бог прыйшоў да сваіх і свае Яго не прынялі. Пры гэтым мы забываемся, што тыя, якія Яго прымаюць, становяцца дзецьмі Божымі.
Самае вялікае няшчасце, якое можа спаткаць чалавека, - гэта калі ён размінаецца з прыходзячым да яго Богам.
А як ёсць з намі? Ці ў нашых сэрцах ёсць месца для Бога? Бо калі сапраўды ёсць, то Езус адорыць нас шматлікімі дарамі. Ноч Божага Нараджэння – гэта ноч Божых дароў. Прыслухаемся: Езус стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ці мы чуем Яго стук? Ці спяшаемся адчыніць Яму, каб Ён увайшоў туды і адарыў нас сваімі дарамі?
6. Літургія сённяшняга свята заклікае нас паспяшыць у Бэтлеем, паспяшыць туды найперш у духоўным сэнсе. Гэта азначае адважыцца выйсці з нашых грэшных звычак і задавальненняў, каб звярнуцца да Бога, які прыйшоў да нас. Гэта таксама азначае выйсці за нашы асабістыя абмежаванні і абмежаванні сучаснага свету і нарэшце спаткацца з Богам.
Таму нам не дазволена заставацца пасіўнымі і толькі чакаць. Нам неабходна знайсці месца Богу ў сваім сэрцы і сваёй душы! Ён схіляецца над грэшным чалавекам, стукае ў яго сэрца і просіцца, каб мы Яго ўпусцілі. Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што Бог ніколі не стамляецца, прабачаючы нам.
Таму, чалавек, зрабі месца для Езуса, зрабі як мага больш месца для Яго ў гасцініцы свайго сэрца, і сапраўды станеш дзіцём Божым. Езус сваёй ласкай пераменіць цябе, каб ты быў тым, які створаны па вобразе і падабенстве Божым. Езус стукае ў дзверы твайго сэрца! Ці ты, чалавек, чуеш і ці адчыняеш іх Яму?
7. Сучасны свет кожны дзень прыносіць нам усё новыя і новыя сюрпрызы. Але найбольшым сюрпрызам ёсць тое, што Бог, як кажа Папа Францішак, кожны дзень нас здзіўляе, парушаючы схемы нашага жыцця і нашы планы, і кажа: паверце Мне, не бойцеся і ідзіце за Мной! Ці мы сапраўды дазваляем Яму ўвайсці ў наша жыццё?
Езус нарадзіўся два тысячагоддзі таму. Але праз паслугу Касцёла Ён сваёю ласкаю нараджаецца ў нашых сэрцах і сёння, і голасам Касцёла стукае ў нашы сэрцы. Ці гэта нас не здзіўляе? Ці мы дазваляем Яму ўвайсці ў наша жыццё? Ці хочам, каб Ён яго перамяніў? Каму мы больш давяраем? Яму ці абяцанням гэтага свету, у якім няма трываласці і які страсаюць розныя крызісы?
Езус стукае ў нашы сэрцы і хоча, каб мы пачулі Ягоны стук і знайшлі Яму месца, бо толькі ў Ім чалавек будзе шчаслівым і будзе будаваць шчасце ўсяго грамадства.
8. Дарагія браты і сёстры!
Сёння мы радаснымі вуснамі ўсклікаем: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» Няхай наша Бацькаўшчына – Беларусь – стане краінай сапраўднага праслаўлення Бога праз захоўванне Яго закону і жыцця згодна з маральнымі нормамі! Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода і паразуменне, падмуркам якіх ёсць спакой у душы кожнага чалавека!
Ад усяго сэрца віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Віншую католікаў і тых хрысціян, якія разам з намі сёння яго адзначаюць. Віншую праваслаўных братоў і сясцёр і жадаю ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Віншую ўсіх людзей добрай волі. Няхай прыклад Бога, які схіліўся над грэшным чалавецтвам і стукае ў нашы сэрцы, дапаможа нам у духу пакоры перамагчы нашу пыху і існуючыя паміж намі падзелы, каб мы ўсе ў Езусе Хрысце былі адзінымі.
Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў і шчаслівага наступаючага Новага года.
Хрыстус нарадзіўся – Бог аб’явіўся! Ён стукае ў нашы сэрцы! Іх неабходна адчыніць!
З гэтымі пажаданнямі ў знак нашай духоўнай еднасці дзялюся з усімі вам аплаткай, даручаю вас апецы Багародзіцы Марыі і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Святога Духа. Амэн.
|