Мінская катэдра, 26 снежня 2013 г.
Параза, якая сталася перамогай
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння, у другі дзень Божага Нараджэння, Касцёл адзначае свята св. першамучаніка Стэфана. Учора літургічныя адзенні былі белыя, урачыстыя. Сёння – чырвоныя, як сімвал мучаніцтва.
Чаму так ёсць? Чаму Касцёл у такую вялікую ўрачыстасць, якой з’яўляецца Нараджэнне Хрыстова, заклікае разважаць над мучаніцтвам і смерцю?
Адказ на гэтыя і падобныя пытанні вельмі просты. Сын Божы стаўся чалавекам, каб праз сваю крыжовую смерць збавіць чалавецтва. Ён сказаў, што калі Яго пераследавалі, то будуць пераследаваць і Яго наступнікаў. Таму пераслед і крыж спадарожнічаюць хрысціянству.
2. Мы ўсе баімся пераследу, а яшчэ больш мучаніцтва, бо яно ўспрымаецца як параза. Ніхто не любіць праігрываць, бо гэта знак слабасці ў параўнанні з пераможцам. Сумнае відовішча, калі на баксёрскім рынгу падае баксёр пад ударамі суперніка або на футбольным полі любімая каманда праігрывае. Ніхто не хоча праігрываць і кожны марыць пра перамогу. Гэта натуральна і зразумела, бо кожны хоча і імкнецца быць першым.
3. Сёння мы ўспамінаем св. Стэфана, які, кажучы па-чалавечы, прайграў. Яго пройгрыш трагічны, бо мацнейшыя фізічна адабралі ў яго жыццё.
Напэўна, не адзін з нас скажа: “А нашто гэта ўсё было яму патрэбна? Быў яшчэ малады, перад ім усё жыццё. Мог не супярэчыць праціўнікам Езуса, або у адпаведны момант адысці і такім чынам пазбегнуць смерці і яшчэ доўгія гады служыць Богу і Касцёлу”. Аднак сталася інакш, у выніку чаго Стэфан увайшоў у канфлікт з тымі, каму не падабалася яго вучэнне пра Хрыста і цуды, якія ён здзяйсняў, і ён загінуў.
Дыякан Стэфан праіграў, бо пайшоў за Хрыстом, а шлях за Хрыстом вядзе да пераследу і нават смерці. Таму яго параза – гэта наступства яго выбару.
4. Чаму такія не вельмі адпаведныя святочнаму настрою Божага Нараджэння думкі? Чаму сёння, калі разважаем пра цуд Богаўцелаўлення, успамінаем аб крыжы і смерці?
У адным з кляштараў знаходзіцца вельмі цікавы і незвычайны абраз Божага Нараджэння. На ім Немаўлятка Езус прадстаўлены з крыжом у руках. У гэтым ёсць вялікі сэнс, бо зямны шлях Хрыста завершыцца крыжом. Адразу пасля свайго нараджэння Езус пачынае паміраць. Яго зямны шлях завершыцца паразай, калі глядзець на Яго смерць толькі па-чалавечы. Аднак гэтая параза не з’яўляецца канчатковай, бо яна становіцца перамогай. Пасля Яго крыжовай смерці наступае Уваскрасенне. Таму знак крыжа не з’яўляецца знакам паразы і ганьбы, але знакам перамогі.
5. Таксама і Стэфан, кажучы па-чалавечы, прайграў. Але ці на самой справе гэта пройгрыш? Ці яго смерць не прынесла плёнаў? Ці адначасова яна не з’яўляецца перамогай?
Так, сапраўды, паражэнне Стэфана з’яўляецца наступствам яго выбару. Ён даверыўся Хрысту і пайшоў за Ім. Аднак, з пункту гледжання вечнасці, параза Стэфана не з’яўляецца канчатковай. Наадварот, яна ёсць шляхам да перамогі, да ўваскрасення і вечнага жыцця. Праслаўляючы св. Стэфана, мы праслаўляем чалавека, які цешыцца бачаннем Бога тварам у твар. Яго смерць – гэта народзіны для неба. Яго мучаніцтва – гэта не параза, але перамога.
6. Параза св. Стэфана адначасова з’яўляецца трыумфам дабра над злом. Ён не праклінае сваіх пераследчыкаў, але моліцца за іх: “Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што чыняць”. Гэтым самым ён паўтарае тыя ж самыя словы, якія сказаў Езус, паміраючы на дрэве крыжа. Усё гэта нагадвае пра тое, што ў ім жыў Хрыстус, які прабачаў сваім забойцам.
Пройгрыш св. Стэфана меў яшчэ адзін пазітыўна вынік. Ён, напэўна, прычыніўся да ўнутранай перамены Саўла, які потым стаў Паўлам, апосталам народаў. Малады Саўл пільнаваў адзенні забойцаў св. Стэфана падчас таго, як яго каменавалі. Мужнасць св. Стэфана і прабачэнне сваім пераследчыкам, напэўна, сталі той іскрай, якая разгарэлася вялікім полымем пад Дамаскам, дзе адбыўся цуд навяртання Паўла.
Усё гэта нагадвае нам, што, той, хто выбраўся ў дарогу з Езусам, нават калі ў вачах людзей праігрывае, то ў вачах Бога заўсёды выігрывае.
7. Св. Стэфан аддаў сваё жыццё за веру. Сёння таксама неабходна бараніць веру. Мы жывём у часы вялікага парадоксу. З аднаго боку ў большасці краінаў свету няма афіцыйнага пераследу хрысціянства, хаця ў многіх краінах яно працягваецца, тым не менш з’явіўся іншы тып пераследу. А менавіта, ідэалогія лібералізму і ўседазволенасці вядзе да таго, што ў многіх краінах свету прымаюцца супярэчныя Божаму праву законы. Таму прыклад св. Стэфана, як мужнага абаронцы хрысціянскай веры, павінен нас натхняць да яе абароны і захавання.
Яго прыклад таксама павінен вучыць, што параза не заўсёды з’яўляецца апошнім словам у жыцці чалавека. На паразах неабходна вучыцца і з іх рабіць адпаведныя высновы.
Супастаўленне свята Божага Нараджэння і непасрэдна ідучага за ім успаміну мучаніцтва св. Стэфана вядзе да наступнай высновы: Сын Божы з неба зышоў на зямлю, каб Стэфан з зямлі ўзнёсся на неба. Гэтае правіла дзейнічае таксама і адносна кожнага чалавека. Таму і мы, успамінаючы сёння мучаніцтва св. Стэфана, павінны з надзеяй глядзець на наша жыццё і нашы праблемы. Калі мы ідзём па жыцці з Хрыстом і застаёмся вернымі натхненням Святога Духа, то нават калі і праігрываем, то на самой справе выігрываем. Амэн.
|