Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята Святой Сям’і

Магілёўская катэдра, 29 снежня 2013 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Мы перажывaем радасны час Божага Нараджэння, калі разважаем над таямніцай Богаўцелаўлення, прышэсця нябачнага Бога ў чалавечай постаці ў гэты свет з мэтай збавіць чалавецтва. У гэтым праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека.

Святы Божага Нараджэння – гэта традыцыйна сямейныя святы, калі ўся сям’я стараецца быць разам. Дзеці, унукі, крэўныя збіраюцца разам, каб сесці за адзін вігілійны стол і потым ісці ў касцёл.

Аднак ужо на другі дзень святаў рэчаіснасць змушае нас раз’ехацца па тых месцах, дзе мы жывём, працуем ці вучымся.

2. Нешта падобнае мы бачым і ў сённяшнім Евангеллі, якое Касцёл прапануе нашай увазе на свята Святой Сям’і. Юзаф з Марыяй прыбылі ў Бэтлеем на нараджэнне Езуса, скажам так – на Божае Нараджэнне. Але вось крыважэрны Ірад, які баяўся страціць уладу, загадвае забіць усіх немаўлят у Бэтлееме ва ўзросце да двух гадоў. Жыццё Езуса знаходзіцца ў небяспецы. Юзаф у сне атрымлівае наказ Бога пакінуць Бэтлеем і ўцякаць у Егіпет, каб там шукаць прытулку і бяспекі для нованароджанага Збаўцы свету.

3. Ці гэта не іронія лёсу і не нейкі парадокс? Успомнім, Егіпет быў месцам зневальнення габрэяў. Бог цудоўным чынам вывеў іх з егіпецкай няволі ў Зямлю Абяцаную. А цяпер Уцелаўлёны Бог уцякае з Зямлі Абяцанай у краіну былога зневальнення габрэяў.

Ці можна сабе ўявіць падобнае? Бог знаходзіцца ва ўцёках! Ва ўцёках можа знаходзіцца нейкі злачынец, а тут сам Бог! Ці Бог не мог бы, напрыклад, знішчыць Ірада? Напэўна, мог бы, аднак паступіў інакш.

Аднак ва ўсім гэтым ёсць свая логіка і Божы Провід. Уцечка Езуса ў Егіпет сведчыць аб тым, што Бог у чалавечым вобразе чыніць сябе ўразлівым. Можа, гэта гучыць не вельмі зразумела. Аднак на самой справе ўразлівасць Бога – гэта вялікая справа, бо мы былі збаўлены Хрыстом, які стаўся слугою іншых і паслухмяным аж да смерці, і смерці крыжовай. У Яго слабасці праявілася Божая збаўчая моц. Сам Хрыстус рызыкнуў стаць уразлівым, якім з’яўляецца кожны іншы чалавек. Дзякуючы гэтаму Ён быў здольны збавіць нас ад грахоўнай смерці і паказаць шлях да Бога.

4. Уразлівасць Хрыста мае вялікае значэннe для кожнага з нас, бо яна дапамагае нам па-іншаму паглядзець на нашу ўласную ўразлівасць. Можа, нам здаецца, што мы з’яўляемся супермэнамі, але на самой справе мы такімі не з’яўляемся. Мы добра ведаем, што ў свеце ёсць сілы і людзі, якія могуць прычыніць нам шкоду і нават нас знішчыць.

Таму ёсць моманты, калі нам трэба ўцякаць! Тут трэба разумець, што ўцечка не заўсёды з’яўляецца праявай баязлівасці. Яна можа быць часткай мудрай стратэгіі. Падчас ваенных дзеянняў здараецца, што камандаванне прымае нелагічнае рашэнне адступіць. Але вельмі часта гэта чыніць для таго, каб перагрупаваць свае сілы з мэтай дасягнуць перамогі. Нездарма старая амерыканская прыказка кажа: “Той, хто ўцякае, жыве, каб змагацца ў іншы дзень”.

Прыклад нам даў таксама Езус. Напрыклад, калі ў храме людзі хацелі Яго ўкаменаваць, Ён схаваўся і выйшаў з храма.

Але ёсць таксама моманты, калі мы не можам і не павінны ўцякаць. Езус не ўцякаў ад сваіх пераследчыкаў у Гетсіманскім садзе. Таму ёсць моманты, калі мы павінны стаяць на сваім, нягледзячы ні на што. Ёсць таксама і іншыя выпадкі, калі мэтазгодна ўцячы.

Усё залежыць ад абставін і часу. Аднак пасля ўцечкі абавязкова павінна наступіць вяртанне. Аб гэтым таксама нагадвае сённяшняе Евангелле. Пасля смерці Ірада Марыя з Юзафам і Езусам вярнуліся назад у Зямлю Абяцаную і пасяліліся ў Назарэце.

Такім чынам, уцечка Езуса ў Егіпет арганічна ўпісваецца ў Божы план збаўлення чалавецтва.

5. Пасля вяртання з Егіпта Езус узрастаў у сваёй сям’і, якая называецца Святой Сям’ёй, што складалася з Езуса, Марыі і Юзафа і на якую Касцёл у наш час звяртае ўсё большую ўвагу.

Сучасная сям’я, якая з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства, перажывае нябачны дагэтуль крызіс.

Мы з глыбокай трывогай глядзім на сітуацыю сям’і, якая ўсё пагаршаецца, як у свеце, так і ў нашай краіне. Сям’я, як Богам створаны інстытут, адзіны і непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, прызначаны для іх сумеснага жыцця, узаемадапамогі, нараджэння і выхавання дзяцей, на жаль, адыходзіць ад сваёй традыцыйнай мадэлі.

Многія практыкуюць так званыя свабодныя і пробныя саюзы, не афармляючы іх нават у ЗАГСе, не кажучы ўжо пра сакрамэнт сужэнства, калі мужчына і жанчына жывуць разам паводле прынцыпу: пажывём – пабачым. У многіх краінах свету легалізуюцца гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Расце колькасць разводаў і абортаў. Сем’і становяцца маладзетнымі, што разам з растучай колькасцю абортаў робіцца галоўнай прычынай дэмаграфічнага крызісу. Распаўсюджваецца нязгодная з маральнымі нормамі практыка штучнага апладнення. Бацькі мала цікавяцца рэлігійным выхаваннем дзяцей і г.д.

Такім чынам, распыльваюцца і губляюцца базавыя каштоўнасці сям’і. Яна траціць свой першасны, Богам устаноўлены, сэнс, што негатыўна ўплывае на становішча ўсяго грамадства.

Усё гэта ўказвае на тое, што інстытут сям’і з’яўляецца моцна хворым. Рак секулярных тэндэнцый сучаснага глабалізаванага свету нішчыць яго.

6. У такой сітуацыі Касцёл заклікае да абароны традыцыйнай мадэлі сям’і і сямейных каштоўнасцяў, бо сям’я з’яўляецца асноўнай клеткай кожнага грамадства, паказальнікам становішча яго жыцця і маральнага здароўя. Здаровая і шчаслівая сям’я – гэта здаровае і шчаслівае грамадства. Яна з’яўляецца барометрам яго становішча і лекамі на крызіс веры і секулярызм, – як кажа Папа Францішак.  

Таму сёння, дарагія браты і сёстры, узгадваючы Святую Сям’ю, даверым ёй нашы сем’і, каб яны сапраўды сталі благаслаўлёным месцам сумеснага жыцця мужчыны і жанчыны, з мэтай дапамагаць адно аднаму, працягваць патомства і яго выхоўваць. Святая Сям’я, глянь міласціва на беларускія сем’і. Зберажы іх ад небяспекі маральнага знішчэння. Зберажы падчас сучаснага крызісу гэтага Богам устаноўленага інстытуту. Зберажы, калі сучасныя амаральныя Ірады хочуць іх знішчыць, каб яны маглі ўцячы ад пагражаючай ім небяспекі. Зберажы, каб па твайму прыкладу яны сталі аазісамі ўзаемнай любові, жыцця і хрысціянскага выхавання, на хвалу Бога і нашага народа. Амэн.

Адноўлена 28.12.2013 16:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі