Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы на завяршэнне 2013 г.

Мінская архікатэдра, 31 снежня 2013 г.

Новы шанс

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
 
1. Завяршаецца чарговы каляндарны 2013 год, які ўжо вельмі хутка, праз няпоўныя паўтары гадзіны, стане здабыткам гісторыі. У такую хвіліну мы стараемся яго ацаніць.

Маючы на ўвазе прынятую ў беларускіх школах сістэму ацэнак, мы можам гэта ўчыніць па дзесяцібальнай шкале.

Можа, некаторыя з нас дадуць яму ацэнку 7, можа, 8, а можа, нават і вышэйшую. Напэўна, цяжка даць 10, бо дасканалы толькі Бог, а мы ўсе грэшныя людзі і ў жыцці часта памыляемся. Так ці інакш, напэўна, нямала людзей ацэняць яго добра, бо яны рэалізавалі свае мары, развілі бізнес, закончылі школу ці ўніверсітэт, заснавалі свае сем’і, пазнаёміліся з цікавымі людзьмі і г.д.

Касцёл таксама быў насычаны рознымі нязвыклымі падзеямі, як напрыклад дабравольны сыход з пасады Папы Бэнэдыкта XVI і абранне першага Пантыфіка з Лацінскай Амерыкі і першага Папы-езуіта, якім стаў аргенцінскі кардынал Хорхе Берголіа, што абраў сабе першае ў гісторыі Касцёла імя Францішак.  Гэты Пантыфік ужо напісаў першую энцыкліку “Lumen fidei” – “Святло веры” і першую Апостальскую адгартацыю “ Evangelіi gaudium” – “Радасць Евангелля”. Ён таксама па версіі часопіса “Time” стаў “Чалавекам года”.

Касцёл адзначыў Год веры. У Беларусі мы ўрачыста цэлебравалі 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў. Папа Францішак прызначыў для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі трох новых біскупаў і г.д.

Але, напэўна, ёсць і іншыя меркаванні, і многія застануцца незадаволенымі завяршаючымся годам. Яны не рэалізавалі сваіх планаў. Эканамічная сітуацыя, якая пагаршаецца, моцна паўплывала на іх матэрыяльнае становішча. Можа, з’явіліся і іншыя праблемы. У свеце лютуе тэрарызм, не сціхаюць войны, не бачна перспектыў завяршэння фінансавага крызісу і г.д. Такія людзі могуць ацаніць год, які завяршаецца, негатыўна і паставіць яму вельмі нізкую ацэнку.

2. Падсумоўваючы гэты год, неабходна таксама спытаць саміх сябе: а якімі мы былі ў ім? Якімі былі нашы адносіны з Богам? Ці мы захоўвалі Божы закон і жылі паводле духа Евангелля? Ці было месца Богу ў нашых сэрцах і справах? Ці мы аб чымсьці шкадуем? Калі б можна было вярнуцца назад у часе, то ці мы ў пэўныя моманты паступілі б інакш? Ці мы былі б больш уважлівымі да іншых, асабліва да патрабуючых?

Калі мы ўжо стаім на парозе Новага года, то паразважаем над прыпавесцю аб смакоўніцы. Езус кажа: “Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю? Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.” (Лк 13, 6-9).

Рэакцыя гаспадара зразумелая: нашто дрэвы павінны стэрылізаваць глебу? Аднак вінаградар аказвае знакі міласэрнасці і просіць дазволіць дрэву расці яшчэ адзін год. Ён хоча даць яму яшчэ адзін шанс. Гэтым самым ён праяўляе сваю міласэрнасць. Такім чынам прыпавесць аб смакоўніцы прадстаўляе бязмежную Божую міласэрнасць. Бог даруе нам нашы грахі, хаця мы і не заслугоўваем такой шчодрасці і дабрыні.

Больш за тое, Бог культывуе глебу нашай душы, каб яна была пладароднай. У Пасланні да Каласянаў св. ап. Павел заклікае вернікаў заставацца ўкаранёнымі і зацверджанымі ў Хрысце (пар. Кал 2, 7). Як Божы народ мы павінны будаваць наша жыццё на вучэнні Хрыста. Крыніца нашага існавання – гэта Хрыстус. У Божым садзе, якім з’яўляецца свет, мы займаем асаблівае месца, і гаспадар чакае багатага плёну. Бог жадае бачыць у нас такі плён, які Ён хоча мець ад таго, хто стаўся новым стварэннем у Езусе.

3. Сёння, калі падыходзіць да канца Год Панскі 2013, Бог бачыць усе нашы чыны, якія не заўсёды адпавядалі Ягонай волі. Нягледзячы на гэта, Ён, у сваёй міласэрнасці, даруе нам нашы правіны, з надзеяй, што мы выправімся.

Ці сёння, калі завяршаецца стары год і распачынаецца новы, мы не павінны дзівіцца гэтаму? Ці не павінны дзякаваць Богу? Ён, нягледзячы на нашы слабасці, у сваёй бязмежнай любові прымае нас як сваіх дзяцей!

Ці гэта не заклік нам адказаць на гэтую любоў падобнай?! Столькі людзей побач з намі шукае дапамогі і міласэрнасці! Папа Францішак, беручы прыклад з Езуса, у цэнтр свайго Пантыфікату ставіць любоў да бліжняга. Ці мы чуем голас тых, якія просяць дапамогі? Ці бачым іх?

4. “Пакінь яе на гэты год”, – сказаў вінаградар гаспадару. Ён абяцае ўгнаіць зямлю і клапаціцца аб смакоўніцы, каб прынесла плён.

Ці гэта не знак дзеяння Святога Духа, які пасылае дождж Божай ласкі на глебу душы чалавека?

Езус кажа, што той, хто застаецца ў Ім, прыносіць багаты плён, бо без Яго нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15. 5). Таму ключ да нашага шчасця – гэта Езус. Толькі Ён можа нам даць магчымасць быць тымі, кім мы павінны быць. Мы маем патрэбу ў Ім, каб прыносіць плён. Без Яго ацэнка нашай дзейнасці будзе нізкай і можа быць нават негатыўнай.

Наша парушаная першародным грахом натура імкнецца разарваць адносіны з Богам. Мы падобныя да смакоўніцы, якая не прыносіць плёну. Таму мы павінны дзякаваць садоўніку нашага жыцця – Езусу - за Яго цярплівасць і міласэрнасць.

Таму, дарагія, браты і сёстры, дзякуючы Богу за пражыты 2013 год і перапрашаючы Яго за наша духоўнае бясплоддзе, папросім благаслаўлення на надыходзячы новы 2014 год –новы шанс у нашым жыцці, каб ён сапраўды быў часам ласкі, якая патрэбна для збаўлення. Амэн.





Адноўлена 31.12.2013 13:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі