Мінская архікатэдра, 3 студзеня 2014 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае прысвечанае Імені Езуса свята. Кожнае свята мае свае карані і крыніцу ў Святым Пісанні або ў Традыцыі. Імя Езус у Святым Пісанні паўтараецца аж 977 разоў. Гэты факт прамаўляе сам за сябе.
Успамін Імя Езуса непасрэдна звязаны з габрэйскай традыцыяй абразання. Паводле культуры габрэйскага народа хлопчык станавіўся паўнапраўным членам сям’і толькі пасля абразання, падчас якога яму надавалі імя. Афіцыйна ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса ў Касцёле быў устаноўлены ў XVI cтагоддзі і адзначаўся ў розныя дні. Пасля рэформы літургічнага календара, якая была праведзена згодна з рашэннем Другога Ватыканскага Сабору, ён адзначаецца 3 студзеня.
2. Святое Пісанне нагадвае пра тое, што Імя Езуса азначае “Пан ратуе” (пар. Мц 1, 21). У Імені Езуса змешчана ўсё – Бог і чалавек, у ім знаходзіцца ўся эканоміка стварэння і збаўлення. Кожны, хто звяртаецца да Яго Імені, прымае праўду аб збаўленні, якое здзейснілася дзякуючы крыжовай смерці Хрыста і Яго Уваскрасенню (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 2666). Зварот да Імені Езуса – гэта самы просты шлях малітвы, як вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (пар. 2668).
Імя Езус з’яўляецца цэнтрам усяго стварэння і ўключае ў сябе боскасць Бога, якога нам аб’явіў Езус (пар Ян 1, 18).
Імя Езус ўключае ў сябе таямніцу аднаго, святога, паўсюднага і апостальскага Касцёла, бо Касцёл быў заснаваны Езусам, і Касцёл – гэта Езус, які жыве ў часе і прасторы.
Імя Езус – гэта цэнтральны пункт усіх сакрамэнтаў. Калі б не было Езуса і Яго крыжовай смерці, то не было б і сакрамэнтаў.
Імя Езус таксама ўключае ў сябе хрысціянскае жыццё, якое мы пачынаем праз веру ў Яго. Спатканне з Езусам у сакрамэнце хросту нараджае веру. У хросце мы паміраем для граху і ўваскрасаем для жыцця ў Божай ласцы, каб жыць любоўю да Бога і чалавека.
Свята Імя Езуса аб’ядноўвае ўсе іншыя прысвечаныя Збаўцы святы. Калі б не было Езуса, то не было б Яго Нараджэння і Уваскрасення. Свет без Езуса заставаўся б светам без веры, надзеі і міласэрнасці.
Як імя чалавека ўвасабляе нам яго, таксама і Імя Езуса ўвасабляе боскасць. Нездарма св. апостал Павел кажа, што ў Ім уся паўната боства (пар. Кал 2, 9).
Імя Езус з’яўляецца настолькі вялікім і значным, што “Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў: «Панам ёсць Езус Хрыстус», дзеля хвалы Бога Айца” (Флп 2, 9-11).
Нарэшце, Імя Езус было дадзена Бэтлеемскаму Немаўляці самім Богам, аб чым нагадвае нам сцэна Звеставання (пар. Лк 1, 31). Пасколькі Імя Езус з’яўляецца сінонімам любові і справядлівасці, то многія будуць зненавіджаны з-за яго, але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены (пар. Мц 10, 22).
3. Аўтар аповесці “Перапынак на жыццё” сцвярджае, што перапынкам у жыцці з’яўляецца памылка, якая так уплывае на жыццё чалавека, што яно траціць свой сэнс.
Для чалавека веруючага поўняй жыцця з’яўляецца лучнасць з Хрыстом, а яе адсутнасць з-за граху з’яўляецца найбольш трагічным перапынкам у жыцці. Гэты перапынак наступае з-за адсутнасці любові да Бога і бліжняга. Любоў жа да Хрыста распачынаецца з пазнання Яго як Божага Сына і Збаўцы. Такое пазнанне мае на ўвазе св. Ян Хрысціцель, калі ў сённяшні Евангеллі кажа, што раней не ведаў яго (пар. Ян 1, 31).
Цяжка паверыць, што Ян не ведаў Езуса, бо іх сем’і часта сустракаліся. Але ён Яго ведаў як чалавека, звычайнага сына цесляра. І толькі над Ярданам, калі Дух Святы адкрыў яму праўду пра боства Езуса Хрыста, Ян сказаў аб Ім, што Ён быў раней яго (пар. Ян 1, 30).
4. Мы спаткаліся з Хрыстом у сакрамэнце хросту і пазнаём Яго праз Евангелле і вучэнне Касцёла. Таму разам са св. Янам Хрысціцелем павінны сведчыць, што Ён Сын Божы, і праслаўляць Яго Найсвяцейшае Імя.
Нам неабходна даверыцца Яму, сведчыць аб Ім і пакладаць у Ім надзею, бо хто мае ў Ім надзею, ёсць святы (пар. 1 Ян 3, 3).
Няхай жа Імя Езус, якое мы сёння праслаўляем і перад якім схіляецца кожнае калена, стане зоркай, якая не дазволіць мець перапынак у нашым духоўным жыцці і вядзе да лучнасці з Хрыстом, у якім ёсць жыццё вечнае. Амэн.
|