Мінск, Чырвоны касцёл, завяршэнне фестываля “Magnificat”, 5 студзеня 2014 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Слухаючы сённяшняе Евангелле аб Слове, якое сталася целам і пасялілася паміж намі, можна падумаць, што маем справу з нейкім сюрпрызам. Бо сапраўды, Слова становіцца целам. Другая Асоба Святой Тройцы становіцца чалавекам. Нябачны Бог прыходзіць на нашу зямлю ў бачнай постаці і жыве сярод нас. Ці гэта не сюрпрыз?
На Божае Нараджэнне і ў перыяд Нараджэння Хрыста мы сапраўды перажываем Божы сюрпрыз.
На грэчаскай мове слова “жыло” азначае, што Бог паставіў свой намёт сярод нас. Гэта не што іншае, яе Богаўцелаўленне, калі Бог прымае чалавечае цела.
2. Вядомы індыйскі каталіцкі місіянер XIX-XX cтагоддзяў Садху Сундар Сінгх нарадзіўся ў сям’і сікхаў. Калі ў яго пыталіся, чаму ён навярнуўся ў хрысціянства, ён расказваў наступную гісторыю аб вельмі мудрым дарадцы караля, які паехаў у Палесціну. Там ён пад уплывам гісторыі пра Хрыста стаў хрысціянінам. Калі ён вярнуўся дадому, то распавёў іншым аб тым, што стаў хрысціянінам і верыць у Хрыста, які прыйшоў у гэты свет збавіць грэшнікаў.
На ўсё гэта кароль сказаў, што калі ён жадае, каб штосьці было зроблена, то кажа аб гэтым слузе, і той робіць. Пасля кароль спытаў, навошта ж Бог, які здольны збавіць чалавека адным сваім словам, сам стаў чалавекам.
Тады мудрэц папрасіў вельмі добрага майстра выразаць з дрэва фігурку сына караля. Аднойчы, калі кароль разам са сваімі міністрамі плыў лодкай, на бераг прыйшоў мудрэц з выявай яго сына. Кароль, думаючы, што гэта яго сын, працягнуў да яго свае рукі, каб яго ўзяць. Аднак слуга выпусціў з рук ляльку, і яна ўпала ў раку. Цар адразу кінуўся ў ваду, каб ратаваць дзіця. Тады мудрэц сказаў цару, што яму не трэба было скакаць у ваду, а папрасіць слугу гэта ўчыніць. На што цар адказаў: “Але ж гэта быў мой сын”. Мудрэц сказаў: “Падобна і з Уцелаўленнем Сына Божага. Любоў Бога да сваіх дзяцей, якімі з’яўляюцца ўсе людзі, з’яўляецца прычынай Богаўцелаўлення з мэтай выратаваць свет”.
3. З гэтага аповеду вынікае выснова, што любоў да грэшнага чалавека была галоўнай прычынай Богаўцелаўлення. Уцелаўлёны Бог кажа кожнаму з нас: “Я люблю цябе”.
Мы ўсе знаходзімся ў цэнтры гэтай любові, аб чым вельмі добра распавядае наступная гісторыя. Бацька з малой дачкой адправіўся ў круіз. Зусім нядаўна памерла жонка гэтага чалавека і маці дзяўчынкі. Калі яны знаходзіліся на палубе карабля і глядзелі ў далечыню, дзяўчынка нечакана спыталася: “Тата, ці Бог любіць нас таксама, як любіла мама?” Бацька ёй адказаў: “Божая любоў сягае далей, чым гарызонт у кожным напрамку, яна вышэй за неба і глыбей за акіян”. Дзяўчынка сказала: “У такім выпадку мы знаходзімся ў цэнтры Ягонай любові”.
І гэта праўда, мы ўсе знаходзімся ў Сэрцы Езуса, якое з-за любові да чалавека і дзеля яго збаўлення было прабіта дзідай на дрэве крыжа. Бог у Хрысце наблізіўся да нас, Ён як быццам апрануўся ў вопратку чалавечага цела.
4. Адзін вучоны сказаў, што найлепшы спосаб перадаць ідэю – яе персаналізаваць. Менавіта гэта Бог учыніў праз сваё Уцелаўленне. Ідэю бязмежнай любові Ён персаналізаваў у асобе Езуса Хрыста.
Сёння завяршаецца IX Міжнародны фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм “Magnificat”. Ідэя, якая нарадзілася шмат гадоў таму, таксама павінна была быць персаналізавана. За яе ажыццяўленнем стаялі і працягваюць стаяць многія людзі. Яны былі ля вытокаў гэтай ініцыятывы і таксама сёння яе рэалізуюць.
Гэта непасрэдныя арганізатары, спонсары, аўтары кіно і тэлепраграм, артысты і г.д. Яны, калі так можна выказацца, уцелаўляюць ідэю праз кіно і тэлепраграмы перадаць змест і сэнс Евангелля сучаснаму чалавеку.
Ці гэта не сюрпрыз для нас, што ў Чырвоным касцёле, дзе яшчэ два дзесяцігоддзі таму размяшчаўся Дом кіно і дэманстраваліся свецкія стужкі, сёння дэманструюцца духоўныя? Ці гэта не знак новага Божага Нараджэння, як бязмежнай любові да чалавека? Ці гэта не новы шанс для евангелізацыі секулярнага свету?
Дзякуючы фестывалю “Magnificat” Бог ізноў ставіць свой шацёр сярод нас і нас саміх размяшчае ў цэнтры сваёй любові. Ён дапамагае Уцелаўлёнаму Богу знайсці нас і дакрануцца да нас, каб быць з намі. Упэўнены, што фестываль прынясе багаты духоўны плён і дапаможа адказаць на трывожныя выклікі часу.
Усемагутны Божа, благаславі фестываль, каб ён як мага часцей прыносіў нам новыя сюрпрызы прысутнасці Цябе сярод нас і ў нас Тваёй збаўчай ласкай. Амэн.
|