Мінская архікатэдра, 6 студзеня 2014 г.
Дарагія браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых папулярных святаў –Тры Каралі, якое на самой справе з’яўляецца ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана, бо Уцелаўлёны Бог аб’явіўся паганам. Таму сённяшняя ўрачыстасць нагадвае аб тым, што Езус прыйшоў у гэты свет, каб збавіць усіх людзей. Такім чынам яно нагадвае аб паўсюднасці збаўлення ў Езусе Хрысце.
Сённяшняя ўрачыстасць авеяна многімі легендамі і мае вельмі багатыя традыцыі. Усе яны цесна звязаны з трыма асобамі, фігуры якіх сёння з’явіліся ў яслях. Гэты апранутыя ў вельмі прыгожыя адзенні Тры Каралі, ці Тры Мудрацы з Усходу. Называюць іх таксама і Магамі.
Хрысціянская традыцыя надала ім імёны Каспар, Мeльхіёр і Бальтазар. Яны шануюцца як святыя, і іх рэліквіі знаходзяцца ў Кёльнскім саборы.
2. Персідскае слова “маг” датычыць асобага класу людзей, якія жылі ў часы Персідскай імперыі многія сотні гадоў перад Хрыстом. Яны мелі сваю рэлігію, святарства і нават пісьменства.
Кім былі магі? Яны былі філосафамі, гэта азначае, што займалася ўсімі навукамі. Таму яны былі добра адукаванымі ў галіне медыцыны, гісторыі, рэлігіі, прароцтва, астраноміі і астралогіі.
У тыя часы слова “астралогія” мела зусім іншае значэнне, чым мае сёння, што ад палажэння зорак залежыць лёс чалавека. Калісьці астралогія была злучана з пошукам Бога. Астролагі вывучалі неба з мэтай знайсці адказ на пытанні жыцця: “Хто я? Чаму я тут? Якое маё прызначэнне?” і г.д. Таму ёсць розніца паміж астраноміяй, якая вывучае рухі нябесных цел, і астралогіяй. Евангельскія Магі былі экспертамі ў абедзвюх галінах – у астраноміі і астралогіі.
Трэба таксама памятаць і аб тым, што магі былі вельмі ўплывовымі людзьмі ў Персіі і часта выконвалі функцыі дарадчыкаў каралёў. Таму нездарма ім спадарожнічае тытул “мудрацы”.
3. І вось аднойчы яны ўбачылі на небе незвычайную зорку. Калі мець на ўвазе іх адукаванасць і, напэўна, веданне Святога Пісання, хаця яны і не належалі да Выбранага Народу, а таксама пануючае ў тыя часы перакананне, што нараджэнне знакамітай асобы асацыюецца з незвычайнымі феноменамі на небе, то натуральна, што ў ёй яны убачылі знак нараджэння Збаўцы, якога прадракалі прарокі. З гэтага ўсяго можна зрабіць выснову, што Бог знайшоў вельмі дасканалы шлях, каб даць сваё пасланне язычнікам.
Але што гэта была за зорка? Мы не ведаем дакладна, і ёсць шмат тэорый адносна гэтага. Адно ясна, што гэта было незвычайнае боскае святло, дзякуючы якому Мудрацы з Усходу пайшлі шукаць Збаўцу. Тут можна прывесці паралель са слупам святла, які вёў габрэяў праз пустыню падчас выхаду з егіпецкага рабства.
4. Мудрацы прыйшлі да Езуса не з пустымі рукамі, але з падарункамі. Яны прынеслі Яму золата, кадзіла і міра. Падарункі былі не толькі дарагімі, але і сімвалічнымі ў адносінах да Езуса. Золата сімвалізуе багацце і ўладу караля. Кадзіла выкарыстоўваецца ў святыні для праслаўлення Бога. Міра сімвалізуе цярпенні і смерць.
Такім чынам, золата ўказвае на тое, што Езус – Кароль сусвету. Кадзіла – што Ён сапраўдны Бог. Міра – што Ён таксама сапраўдны чалавек і павінен будзе цярпець і памерці.
5. З евангельскай гісторыі пра Трох Каралёў можна зрабіць тры наступныя высновы.
- Калі Мудрацы маглі знайсці Езуса, то і мы таксама можам. Падумаем толькі, колькі перашкодаў і небяспек яны павінны былі пераадолець на шляху да Бэтлеема! Аднак іх нічога не стрымала. А як ёсць з намі? Ці мы спяшаемся ў касцёл у нядзелю? Ці пасылаем дзяцей на катэхізацыю? Ці молімся разам з імі? Ці часта спавядаемся і прымаем святую Камунію? Ці баронім жыццё? Ці дапамагаем патрабуючым?
- Калі з дапамогай святла зоркі Бог мог пакіраваць жыццёвым шляхам паганаў, то Ён таксама можа выкарыстаць і іншыя знакі, каб пакіраваць нашым жыццём. Ці гэтай Бэтлеемскай зоркай у наш час не з’яўляецца свабода веравызнання пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў, новыя месцы малітвы, новыя біскупы, святары і кансэкраваныя асобы, пілігрымкі і г.д.? Бог творчы і выкарыстоўвае розныя шляхі, каб паўплываць на чалавека. Неабходна толькі чытаць знакі часу, праз якія прамаўляе Бог.
- Калі Магі прынеслі падарункі Езусу, то і мы таксама павінны іх несці Яму. Мы можам ахвяраваць Яму золата нашых добрых учынкаў, кадзіла нашай малітвы і міра нашых цярпенняў. Гэта тая ахвяра, якую мы павінны Яму скласці, а Ён яе прыме, бо калі яна будзе складзена ад чыстага сэрца, то будзе прыемнай Богу.
На Божае Нараджэнне мы традыцыйна адорваем адзін аднаго падарункамі. У сучаснай культуры вельмі часта гаворыцца, што іх прыносіць Санта-Клаус ці Дзед Мароз. Сённяшняе свята вучыць нас, што традыцыя дарыць падарункі на Божае Нараджэнне зарадзілася ад Трох Каралёў, а не ад Санта-Клауса ці Дзеда Мароза.
Адорваючы адзін аднаго на святы, мы павінны памятаць, што гэтая практыка павінна распаўсюджвацца і на асобу Езуса. Ён чакае ад нас падарункаў у постаці добрых учынкаў, малітвы і ахвяравання Яму нашых цярпенняў і цяжкасцяў. Ён чакае ад нас узаемнай любові.
Таму, дарагія браты і сёстры, паглядзім вакол сябе, паглядзім уважліва і, напэўна, заўважым на нашым жыццёвым небасхіле Бэтлеемскую зорку. Пойдзем за ёю, а яна прывядзе нас да Езуса, адзінага Збаўцы свету. Складзем Яму свае дары, а Ён адорыць нас сваёй аздараўляючай ласкай, якая патрэбна для будавання шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення яго ў вечнасці. Амэн.
|