Маладзечна, парафія Св. Юзафа, 12 студзеня 2014 г.
Хрост Пана – працяг Яго Аб’яўлення
Дарагія браты і сёстры!
1. У мінулы панядзелак мы адзначалі ўрачыстасць Трох Каралёў, якая на самой справе з’яўляецца ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана, бо Хрыстус таксама аб’явіўся паганам. Сёння Касцёл адзначае свята Хросту Пана, падчас якога мы ўспамінаем не толькі хрост Езуса Хрыста ў рацэ Ярдан, але і пра Яго аб’яўленне людзям, якія прыйшлі прасіць у святога Яна Хрысціцеля хросту. Менавіта тады натхнёны Святым Духам Ян Хрысціцель паказаў людзям Збаўцу, кажучы: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”. Усё гэта не што іншае, як працяг Аб’яўлення Пана народам і пацвярджэнне ўніверсальнасці адкуплення ў Езусе Хрысце.
2. Сённяшняя ўрачыстасць не толькі распавядае пра хрост Езуса Хрыста і Яго аб’яўленне людзям, але таксама вучыць нас аб значэнні сакрамэнту хросту ў нашым жыцці.
2.1. Найперш хрост яднае нас з Хрыстом.
Чаму Езус прасіў святога Яна Хрысціцеля, каб Яго ахрысціў? Мы патрабуем хросту, бо нарадзіліся ў стане першароднага граху. Але Езус быў без яго, бо ён Уцелаўлёны Сын Божы. Тады чаму Ён прасіў аб хросце?
Падчас Другой сусветнай вайны немцы ў Галандыі наказалі ўсім габрэям насіць на вопратцы жоўтую зорку Давіда, каб кожны, хто іх сустрэне, ведаў, што перад ім стаіць габрэй. Гэта было вялікае прыніжэнне габрэяў. Тады адзін каталіцкі святар таксама прышыў да свайго адзення зорку Давіда і гэтым самым хацеў ідэнтыфікавацца з габрэямі Галандыі, добра разумеючы, чым гэта пагражае. Але ім кіравала пачуццё любові да іншага чалавека.
Тое ж самае ўчыніў Езус. Ён не патрабаваў хросту. Але з-за любові да грэшнага чалавека Ён хацеў ідэнтыфікавацца з ім. У водах Ярдану Езус злучыўся з намі, таксама як мы злучаемся з Ім у сакрамэнце хросту. У ім мы ўключаемся ў Хрыста, становімся Хрыстовымі, так што ўжо не мы жывём, але ў нас жыве Хрыстус, - як кажа святы апостал Павел. Таму сакрамэнт хросту можна назваць пасадачным білетам (boarding pass) для падарожжа разам з Хрыстом. Мы яднаемся з Хрыстом і атрымліваем запрашэнне сесці ў Ягоны цягнік, каб разам з Ім распачаць падарожжа нашага жыцця.
2.2. Таксама праз хрост мы становімся выбранымі дзецьмі Божымі.
Пасля хросту Езуса ў Ярдане раскрыліся нябёсы і голас з неба сказаў, што гэта Яго ўмілаваны Сын, якога Ён упадабаў. Такім чынам Бог Айцец пацвярджае, што Езус - гэта Сын Божы.
Гісторыя Божага сыноўства не завяршылася на Езусе. Яна працягваецца. У сакрамэнце хросту Бог паўтарае тыя ж самыя словы: Ты Маё ўмілаванае дзіця. Умілаванае не толькі калі ў нас усё добра складваецца, але і тады, калі мы знаходзімся ў бядзе. Бог заўсёды памятае пра сваіх дзяцей.
2.3. Таксама ў сакрамэнце хросту мы ўмацоўваемся Святым Духам.
Падчас хросту Езуса ў Ярдане адкрылася неба і Дух Святы сышоў на Яго ў вобразе голуба. Нездарма святы Ян Хрысціцель прадказваў, што пасля яго прыйдзе мацнейшы, які будзе хрысціць Святым Духам і агнём. Гісторыя хросту Хрыста ў Ярдане гэта пацвярджае.
Дух Святы таксама сыходзіць на нас пасля хросту, каб духоўна ўмацоўваць нас і весці праз жыццё. Тут можна правесці паралель з Ноем, калі падчас патопу Дух Святы ў вобразе голуба таксама паказаў, што Ной, яго сям’я і ўсе жывёлы, якія знаходзіліся ў яго каўчэгу, былі ў бяспечным месцы і ім нічога не пагражала.
Тут неабходна заўважыць, што Святы Дух сышоў на Езуса не падчас, але пасля хросту. Гэта азначае, што Ён тады пачаў дзейнічаць. Тое ж самае ёсць і з намі. Святы Дух дзейнічае пасля хросту.
Але для гэтага неабходна дазволіць Яму дзейнічаць.
Добрым прыкладам можа быць кран у ванне. Ванна без крана не можа быць ваннай, бо не будзе бегчы вада, якой мы ўмываемся. Ванна таксама не выканае сваёй функцыі, калі кран не будзе адкрыты. Тое ж самае і з ахрышчаным. Калі мы не павернем кран Духа Святога, калі так можна выказацца, то Ён не будзе дзейнічаць. У такім выпадку мы не можам называцца сапраўднымі хрысціянамі. Само пасведчанне аб хросце без дазволу дзейнічаць Святому Духу – гэта не сапраўднае хрысціянства, але толькі яго карыкатура. Тады замест агню Святога Духа ў нашых сэрцах лёд ці ў лепшым прыпадку марозіва. Гэта прыклад не жывога, але штучнага хрысціянства, якое патрабуе навяртання.
Калі мы не хочам толькі забаўляцца хрысціянствам, але жадаем сапраўды жыць ім, то нам неабходна адкрыць кран Святога Духа, каб Ён дзейнічаў у нашых сэрцах і іх ажыўляў сваёй моцай.
Вышэй казалася аб тым, што хрост – гэта як быццам пасадачны білет на цягнік Езуса. Але калі мы не сядзем у цягнік, то білет не будзе мець ніякага значэння. Мець сам білет яшчэ мала - трэба сесці з ім у цягнік. Падобна і з нашым хрысціянскім жыццём. Нам неабходна выкарыстаць атрыманы падчас хросту білет і сесці на цягнік Езуса, каб прабываць разам з Ім у нашым жыцці.
2.4. І нарэшце, хрост пасылае нас служыць іншым.
Пасля свайго хросту Езус распачаў публічнае жыццё, якое на самой справе было служэннем іншым.
Падобна павінна быць і з нашым хростам. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што дзякуючы сакрамэнту хросту мы становімся ўдзельнікамі паўсюднага святарства Езуса Хрыста, якое нас абавязвае да хрысціянскага сведчання і служэння іншым. У сакрамэнце хросту мы атрымалі пасадачны білет на цягнік Хрыста, каб там не адпачываць, але працаваць. Таму ў ім мы не пасажыры, але машыністы, а сам хрост азначае пачатак нашага хрысціянскага служэння.
3. Дарагія браты і сёстры!
Такое пасланне нясе нам свята Хросту Пана, як працяг Яго аб’яўлення народам і як яго значэнне ў нашым жыцці. Хрост – гэта цуд, які Бог чыніць на нашых вачах. Хрост напаўняе нас Езусам і яднае з Ім, мы становімся дзецьмі Божым і атрымліваем Святога Духа, які ўмацоўвае нас і дапамагае ў выконванні нашых хрысціянскіх абавязкаў.
Няхай жа сённяшняе свята наблізіць нам праўду аб сакрамэнце хросту і яго значэнне ў жыцці хрысціяніна, каб мы сапраўды былі дзецьмі Божымі, якіх Пан упадабаў, і каб праз нас Бог аб’яўляўся іншым людзям. Амэн.
|