Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ІІІ Звычайную нядзелю, Год А

Мінская архікатэдра, 26 студзеня 2014 г.

Пакаянне – шлях да Божага Валадарства

Дарагія браты і сёстры!

1. Пасля ўчарашняй урачыстасці пасвячэння новага біскупа Юрыя Касабуцкага Касцёл словамі Евангелля заклікае нас да навяртання, бо Божае Валадарства блізка. Весці людзей да Божага Валадарства – галоўнае заданне біскупа, які гэта чыніць праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраванне Народам Божым. Асаблівае значэнне ў гэтым працэсе павінны мець яго намаганні да навяртання людзей, як шляху да прымірэння з Богам і Касцёлам, бо ад гэтага залежыць, ці прыйдуць давераныя яму людзі ў Божае Валадарства.

Дэвізам служэння біскупа Юрыя Касабуцкага з’яўляюцца словы з Евангелля паводле Яна: “Трываць у Хрысце”. А трываць у Хрысце можна толькі пастаянна навяртаючыся, бо мы ўсе грэшныя.

2. Сённяшняе Евангелле распавядае пра пачатак міссі Езуса Хрыста. Хаця святы Ян Хрысціцель быў арыштаваны, Езус, аднак, не спыніў сваёй місіі. Ён паклікаў сваіх вучняў, гэта азначае апосталаў, і пачаў з імі хадзіць з аднаго месца ў іншае, абвяшчаючы Добрую Навіну і тое, што наблізілася Божае Валадарства. Як праграму да яго дасягнення Езус называе навяртанне.

Яго пасланне з’яўляецца вельмі простым: “Навярніцеся ад сваіх грахоў і звярніцеся да Бога”. Усім вядома, што чым важнейшая мэта ці візія, якую мы маем, тым большая энергія патрэбна, каб яе дасягнуць. Грэх не можа быць сапраўднай мэтай і сапраўднай візіяй. Ён не што іншае, як пустое абяцанне. Гэта непасрэдны, эгаістычны і свавольны бунт супраць Бога. Ён з’яўляецца вынікам бескантрольных паводзін чалавека. І таму ён ніколі не можа задаволіць чалавека, таму што, знаходзячыся па-за Божым Валадарствам, ён сумуе па доме. Нават у глыбіні нашага граху Валадарства Божае блізка. Нам неабходна толькі выйсці насустрач Езусу.

3. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа пра пакліканне апосталаў. Яшчэ не так даўно слова “пакліканне” асацыявалася са святарствам і законным жыццём. У наш час, асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабору, усё больш слова “пакліканне” адносіцца і да свецкіх людзей. Усе ахрышчаныя з’яўляюцца пакліканымі. Хрыстус кажа кожнаму з нас: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і  паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён і каб ваш плён трываў”. Гэтыя словы адносяцца не толькі да апосталаў, святароў і кансэкраваных асобаў, але і да кожнага хрысціяніна.  

Падчас нашага хросту нашы бацькі і хросныя сказалі ад нашага імя “так” Богу і хрысціянству. Потым мы пацвердзілі гэта ў сакрамэнце канфірмацыі і іншых сакрамэнтах. Такім чынам, прыйшоў час, каб прыняць асабістую адказнасць за наша хрысціянскае пакліканне і сказаць наша асабістае “так” Богу.

3. “Навярніцеся ад сваіх грахоў і звярніцеся да Бога, бо Божае Валадарства блізка”. У рэгбі, пасля таго як гулец здабывае пункты, яго каманда атрымлівае дадатковую магчымасць правесці ўдар па варотах. У старажытнай гульні па спартыўнай барацьбе, калі атлет пераварочвае саперніка ў процілеглую пазіцыю, то акрамя пунктаў атрымлівае магчымасць з гэтай пазіцыі працягнуць барацьбу. Такім чынам сітуацыя атлета змяняецца.

Жыццё – гэта сталая змена, гэта рух, – як кажа прыказка. Каб дасягнуць святасці, неабходна ўвесь час змяняцца ў добрым напрамку.  

Святое Пісанне часта заклікае да змены сэрца: “Пане, ствары ўва мне чыстае сэрца і аднаві ўва мне моц духу”. Менавіта такія адносіны да Бога з’яўляюцца ўмовай навяртання.

4. Гісторыя пакінула нам прыгожы аповед аб тым, як славуты Леанарда да Вінчы маляваў абраз Апошняй Вячэры. Для кожнага персанажа ён шукаў адпаведнага чалавека, каб быў мадэллю. Спачатку ён выбраў маладога, добра выглядаючага і маральна ўстойлівага чалавека, з якога намаляваў Езуса. Потым выбраў іншых людзей, з якіх намаляваў іншых апосталаў. Фігуру Юды ён спецыяльна доўга не маляваў і адкладаў на пазней. І вось, калі ўсе фігуры, акрамя Юды, былі намаляваны, Леанарда да Вінчы пачаў шукаць чалавека, з якога мог бы яго намаляваць. Нарэшце ён наткнуўся на валацугу, які спаў на вуліцы і меў усе знешнія прыкметы Юды.

Якім было здзіўленне Леанарда да Вінчы, калі ў гэтым чалавеку ён пазней распазнаў таго, з якога намаляваў Езуса. Гэты чалавек заблукаў у сваім жыцці.

Калі Езус заклікаў людзей да навяртання, то некаторых Ён таксама папрасіў, каб яны ішлі за Ім. Гэта былі пакліканыя Ім апосталы. Яны павінны былі стаць Яго вучнямі, стаць тымі, якія прымуць Духа Святога, каб працягнуць Яго працу пасля таго, як Ён узнясецца ў дом свайго нябеснага Айца. Мы, як пакліканыя, таксама павінны ісці за Езусам, гэта азначае павінны жыць Яго вучэннем, каб не заблукаць у жыцці, бо дарога ад святасці да граху вельмі кароткая. Аднак нават зграшыўшы, мы павінны памятаць, што Бог нас чакае, каб мы маглі выйсці з палону граху.

Няхай жа Божы Провід дапаможа нам заўсёды жыць заклікам Езуса “Пакайцеся, бо наблізілася Божае Валадарства”, каб мы былі вартымі яго дасягнуць. Амэн.

Адноўлена 25.01.2014 18:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі