Мінская архікатэдра, 2 лютага 2014 г.
Ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні – свята спаткання з Панам
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Езуса, якое традыцыйна называецца яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай. Паслухмяныя Божаму закону, Марыя і Юзаф нясуць свайго першароднага Сына Езуса ў Ерузалемскую святыню, каб там ахвяраваць Яго Богу. Натхнёныя Святым Духам старац Сімяон і прарочыца Ганна ў гэты дзень таксама ідуць туды. Сярод вялікай колькасці прынесеных бацькамі на ахвяраванне Богу першародных сыноў Сімяон у Езусе пазнае доўгачаканага Збаўцу. Ён бярэ Яго на рукі і кажа, што яго вочы ўбачылі збаўленне свету. Сімяон у Езусе ўбачыў Таго, які з’яўляецца хвалой Выбранага Народу, святлом для асвятлення паганаў, знакам супрацьстаяння і таксама знакам паўстання і падзення многіх. Звяртаючыся да Марыі, Сімяон сказаў, што Яе сэрца праб’е меч.
2. Сорак дзён таму мы святкавалі Божае Нараджэнне і разважалі над таямніцай Богаўцелаўлення, таямніцай прышэсця Бога ў гэты свет у вобразе чалавека. Потым мы адзначалі ўрачыстасць Трох Каралёў, якое на самой справе з’яўляецца ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана паганам. Хрост Панскі ў Ярдане – гэта працяг Аб’яўлення, бо святы Ян Хрысціцель паказаў натоўпу людзей Езуса як Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету.
Сённяшняе свята Ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні з’яўляецца святам Яго ўваходу ў Божы дом і адначасова святам Яго спаткання з Народам Божым, прадстаўнікамі якога з’яўляюцца старац Сімяон і прарочыца Ганна. Яны на малітве чакалі Збаўцу і былі ўзнагароджаны ласкай Яго ўбачыць. Усё гэта азначае, што малітва – гэта не страчаны ўпустую час, але час ласкі.
3. Евангельскі аповед аб Ахвяраванні Езуса ў Ерузалемскай святыні з’яўляецца прароцтвам і вядзе да пасхальнай таямніцы смерці і Уваскрасення Езуса.
Старац Сімяон назваў Езуса святлом для асвятлення паганаў. Гэтым святлом ёсць Яго вучэнне. Ужо дзве тысячы гадоў Евангелле абвяшчаецца людзям. Аднак так шмат людзей яго не ведае. Многія страцілі яго смак і прывабнасць. Менавіта таму, як навучае Папа Францішак, сучаснаму чалавеку патрэбна евангельская свежасць, каб ёю ажывіць свет, які знаходзіцца ў духоўным летаргічным сне. Свету таксама патрэбна святло Евангелля, каб асвятліць цемру сучаснасці.
Той самы старац Сімяон назваў Езуса знакам супрацьстаяння. Сын Божы прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі. Гэтая гісторыя паўтараецца. Вечна існуе барацьба дабра са злом і вечна свет будзе супрацьстаяць праўдзе Евангелля, выбіраючы ўсё новыя формы супраціву. Мы, дзякуй Богу, цешымся свабодай веравызнання. Але яшчэ ў многіх краінах свету існуе крывавы пераслед хрысціянства, так што больш за сто тысяч вызнаўцаў Хрыста кожны год плацяць сваім жыццём за вернасць Яму.
Існуюць таксама і іншыя спосабы пераследу хрысціянства, калі бяруць верх ліберальныя тэндэнцыі і ідэі абсалютна свецкага грамадства, якія не прызнаюць ніякіх рэлігійных знакаў. Тады прымаюцца законы, якія забараняюць ужываць рэлігійныя сімвалы ў публічным жыцці.
Паводле Сімяона Езус з’яўляецца славай Выбранага Народу. Выбраным Народам Новага Запавету з’яўляецца ўсё чалавецтва, бо Хрыстус збавіў усіх людзей. І Ён павінен быць яго славай. Ці так ёсць? Гэта вялікае пытанне, бо слава Бога – гэта жывы чалавек. Жывы не толькі целам, але перадусім нясмяротнай душой. Таму сённяшняе свята заклікае нас да святасці, каб Езус быў нашай асабістай славай і славай нашага народа.
Хрыстус таксама з’яўляецца знакам паўстання і падзення многіх. Знак паўстання азначае тое, што толькі ў Хрысце збаўленне, толькі ў Ім чалавек можа знайсці сваё шчасце. Знак падзення азначае тое, што калі чалавек не прымае вучэння Езуса, то ідзе шляхам пражыцця.
4. Сённяшняе свята таксама мае вялікае марыйнае вымярэнне. Марыя прынесла свайго Сына ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Яго Богу. Старац Сімяон назваў Яго святлом для асвятлення паганаў. Усё гэта азначае, што Марыя прынесла ў святыню святло, якім ёсць Яе Сын. Менавіта таму сёння Касцёл благаслаўляе свечкі. Запаленая свечка сімвалізуе Хрыста.
Гэтыя свечкі называюцца грамнічнымі. Мы добра ведаем, якую бяду можа прынесці маланка, якая можа выклікаць пажар. Перад маланкай заўсёды грыміць гром, які ўказвае на пагрозу.
Акрамя атмасфернай з’явы грому і маланкі, існуюць яшчэ і духоўныя громы і маланкі, якія вядуць да знішчэння пажарам зла нашых душаў. Марыя, як наша Маці духоўная, клапоціцца аб тым, каб ніхто з Яе духоўных дзяцей не загінуў. Аб гэтым прыпамінае нам грамнічная свечка. Яе трэба запальваць не толькі падчас атмасферных навальніцаў, але і духоўных, калі зло пагражае нашаму духоўнаму жыццю.
Старац Сімяон таксама сказаў, што сэрца Марыі праб’е меч. Гэтым самым ён нагадаў аб будучых Яе цярпеннях. І сапраўды, Марыя павінна была вельмі шмат цярпець разам з Езусам.
І сёння Марыя церпіць разам са сваім Сынам, гледзячы на дэсакралізацыю сучаснага свету, які выбірае жыццё без Бога замест даверу Яму. Ён забываецца, што жыццё без Бога не мае ніякай перспектывы і вядзе ў сляпы завулак.
5. Лекамі ад сучаснай хваробы секулярызму з’яўляюцца святло Евангелля і давер Богу праз Марыю.
Старац Сімяон і прарочыца Ганна спаткалі Езуса на малітве. Год 2014 у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прысвечаны малітве. Мы павінны выкарыстаць яго так, каб па прыкладу Сімяона і Ганны спаткаць Езуса. Ён прыходзіць да нас, і самай вялікай трагедыяй будзе тое, калі мы Яго не распазнаем і не спаткаемся з Ім.
Можа, мы не ведаем, як маліцца і як знайсці шлях да Езуса? Даверымся Марыі, і Яна прывядзе да свайго Сына, каб мы, як хрысціяне, сапраўды былі святлом для асвятлення сучаснага неапаганскага свету. Каб не баяліся быць знакам супрацьстаяння і адважна сведчылі нашу хрысціянскую веру ў абставінах секулярызму, які распаўсюджваецца. Каб Езус быў нам знакам паўстання з граху да жыцця ў Божай ласцы. Каб Ён быў сапраўднай славай кожнага з нас і нашага народа. Амэн.
|