1 лютага 2014 г.
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Мы сёння перажываем вельмі важную гістарычную падзею для нашага горада, для Гродзенскай дыяцэзіі і для ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праз некалькі хвілін наш Пан Езус Хрыстус праз сакраментальны жэст ускладання рук біскупаў кансэкратараў адорыць паўнатой святарства ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага, рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які, па волі Святога Айца Францішка, будзе служыць гродзенскаму Касцёлу як дапаможны біскуп.
Новапасвячаны біскуп далучыцца да кола наступнікаў Апосталаў, якія – узмоцненыя Святым Духам і асвечаныя Яго святлом – з’яўляюцца абвеснікамі Добрай Навіны, пастырамі вернага люду, сведкамі Уваскрослага Пана. Дзякуючы апостальскай спадчыне, безупыннай пераемнасці біскупаў, з пакалення ў пакаленне перадаецца чысты і некрануты скарб веры, а кожны біскуп, выконваючы сваё служэнне ў еднасці з Папам, з’яўляецца бачным знакам еднасці і паўсюднасці Хрыстовага Касцёла.
Сэрцы святароў і вернікаў нашай дыяцэзіі перапоўнены сёння пачуццямі радасці, гонару і сыноўскай удзячнасці Наступніку святога Пятра. Святы Айцец, намінуючы біскупа Юзафа, сына Гродзенскай зямлі, прагне даць нашаму мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы, ведае, чым яна жыве, чаго прагне і чакае, і які праз хвіліну ўрачыста прысягне верна ёй служыць, з поўнай адданасцю і самаахвярнасцю.
Служэнне біскупа ў святле веры – гэта штосьці большае, чым толькі кіраванне. Яно мае глыбока сакрамэнтальнае вымярэнне, паколькі ў біскупе, акружаным сваімі святарамі, сярод нас прысутнічае сам наш Пан, Езус Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Служэнне біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастырскай місіі Езуса Хрыста, здзяйсняецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстус як Добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу.
У першым чытанні мы пачулі словы прарока Ісаі: “Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным, а вязням – свабоду”. Бог праз прарока паказвае людзям сваю любоў, улівае надзею ў пакутуючыя і збалелыя сэрцы, каб чалавек нават у самых цяжкіх жыццёвых сітуацыях быў упэўнены, што ён ніколі не адзінокі.
Заданне абвяшчэння Добрай Навіны аб збаўленні датычыцца кожнага хрысціяніна. Кожны вучань Хрыста мае права сказаць пра сябе: “Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім”. Але асаблівым чынам Евангелле абвяшчае біскуп. Слова, якое ён перадае, ужо не з’яўляецца словам прыватнай асобы, гэта ўжо слова пастыра, які ўзмацняе братоў у веры і вядзе іх за сабой да Хрыста.
Вернікам неабходна слова біскупа, неабходна поўная і сапраўдная перадача веры, неабходна яго асабістае сведчанне любові да Збаўцы, неабходны прыклад бездакорнага жыцця. І гэтая неабходнасць тым большая, чым больш сёння становішча Касцёла пазначана няведаннем і рэлігійнай абыякавасцю многіх хрысціян.
Святы Айцец Францішак звяртае на гэта ўвагу ў сваёй апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, загаловак якой біскуп Юзаф абраў дэвізам свайго пастырскага служэння. Сённяшні свет, настолькі скажоны грахом, роспаччу, бяздушнасцю, эгаізмам і нянавісцю, патрабуе радасці Евангелля, абвяшчаемага з запалам і энтузіязмам, патрабуе паслання аб збаўчай любові Бога, якая ахінае кожнага чалавека, незалежна ад яго слабасцяў і падзенняў.
“Першай матывацыяй да евангелізацыі, – піша Святы Айцец, – з’яўляецца любоў Езуса, якую мы прынялі, адчуванне таго, што Ён нас збавіў, і гэта схіляе нас яшчэ больш Яго любіць. [...] Што ж гэта за любоў, якая не адчувае патрэбы гаварыць пра любімую асобу, паказваць яе, старацца, каб іншыя з ёй пазнаёміліся?” (EG, 264).
Дарагі біскуп намінат!
Сёння Хрыстус даручае табе цяжкую і адказную задачу абвяшчэння Яго Евангелля і пытаецца ў Цябе, як некалі тройчы спытаў у Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” (параўн. Ян 21, 15–17) Неаднойчы на розных этапах жыцця ты даваў Яму адказ: як хрысціянін, як святар, як рэктар нашай духоўнай семінарыі. Тваім адказам была старанная служба, вернае і самаадданае выкананне абавязкаў у духу веры, любові і адказнасці за Касцёл. З сённяшняга дня ты будзеш служыць нашай дыяцэзіі як яе дапаможны біскуп, як правадыр Божага люду па дарогах веры, як слуга еднасці нашай дыяцэзіяльнай супольнасці.
Гродзенская дыяцэзія яшчэ маладая, але ў яе багатыя і прыгожыя традыцыі, якія глыбока ўкараніліся ў свядомасць вернікаў. На працягу стагоддзяў гэтую зямлю засялялі людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей, якія надалі Гродзеншчыне непаўторны каларыт, а нам пакінулі багатую духоўную, культурную і рэлігійную спадчыну. Гэта фарміруе нашу самасвядомасць і з’яўляецца сапраўдным скарбам, якім мы ганарымся і якога вялікую каштоўнасць павінны ацаніць. Мы абавязаны клапаціцца аб гэтай спадчыне, спрыяць яе захаванню і памнажэнню, каб мець затым магчымасць перадаць яе наступным пакаленням.
Каталіцкі Касцёл, верны сваёй місіі, ахінае пастырскай апекай кожнага чалавека, у кожным яго вымярэнні, і, паказваючы яму евангельскія каштоўнасці, заклікае будаваць на іх, як на самым трывалым і грунтоўным фундаменце, сваё асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё. Гэтае ўсебаковае садзеянне чалавечай асобе вынікае з глыбокага пераканання, заснаванага на веры, што толькі чалавек, які жыве ў гармоніі з Богам і з самім сабой, здольны ствараць здаровыя, прыязныя адносіны з іншым чалавекам і з цэлым грамадствам, у якім ён жыве.
Як пастыра, з люду ўзятага і для люду прызначанага, Бог паслаў цябе да нашага люду, які прагне адчуць – дзякуючы твайму служэнню – радасць Евангелля і моц сакрамэнтальнай ласкі.
Твайго служэння, дарагі біскуп намінат, чакаюць браты ў святарстве. Чакае семінарыйная моладзь, веды якой ты ўжо столькі гадоў фарміруеш. Чакаюць парафіяльныя супольнасці, якія ты будзеш умацоўваць у веры і якім будзеш паказваць жыццёвы шлях у любові і праўдзе. Твайго служэння чакаюць асабліва людзі хворыя і пакутуючыя, самотныя і згубленыя, тыя, якія знаходзяцца на жыццёвым раздарожжы і якія блукаюць у цемры, якія жывуць у неспакоі і якія пагружаны ў безнадзейнасць. Да іх цябе пасылае Пан, каб, як гаворыць прарок Ісая, “даць ім вянок замест попелу, алей радасці замест жалобных шатаў” (Іс 61, 3).
Прыгожа пра паслугу біскупа піша Папа Францішак у “Evangelii gaudium”: “Біскуп павінен заўсёды спрыяць місійнай камуніі ў сваім дыяцэзіяльным Касцёле, імкнучыся да ідэалу першых хрысціянскіх супольнасцяў, у якіх вернікаў ажыўлялі адно сэрца і адзін дух [...]. Таму часам ён павінен стаць наперадзе, каб указаць дарогу і падтрымаць надзею людзей, іншым разам павінен стаць сярод усіх са сваёй міласэрнасцю, а ў пэўных акалічнасцях ён павінен ісці за людам, каб дапамагчы тым, хто застаўся ззаду, бо ён – пастыр сваёй аўчарні...” (EG, 31).
І калі з дрыжэннем сэрца ты ўсведамляеш сабе тое мноства заданняў і цяжкасць адказнасці, якія лягуць на твае плечы, няхай суцяшэннем стануць словы, якія св. апостал Павел пачуў ад умілаванага Пана: “Табе хопіць Маёй ласкі” (2 Кар 12, 9).
Мы: святары, кансэкраваныя асобы, вернікі, якія сабраліся ў гэтай прыгожай катэдры як адна дыяцэзіяльная сям’я, разам з гасцямі, што прымаюць удзел у сённяшняй радасці, молімся за цябе і з табой, дарагі біскуп намінат, каб Хрыстус, Добры Пастыр, спадарожнічаў табе сваёй ласкай і бласлаўленнем на шляху біскупскага служэння.
Няхай Марыя, Маці Міласэрнасці, падтрымлівае цябе сваёй мацярынскай прысутнасцю ва ўсіх цяжкасцях пастырскага служэння.
Амэн.
|