Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы адкрыцця Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе ў Лідзе

24 лютага 2014 г.

Футбол – інструмент новай евангелізацыі і будавання еўрапейскага дому

1. Глыбокапаважаныя футбалісты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, спартыўныя дзеячы, браты і сёстры!

Учора ў Сочы завяршыліся XXII Алімпійскія гульні, якія выклікалі надзвычайны інтарэс ва ўсім свеце. Мы вельмі рады, што выступленне алімпійскай зборнай Беларусі было найлепшым у гісторыі яе ўдзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах. Алімпійскія дасягненні Беларусі даюць права назваць нашу краіну адным з сусветных лідараў зімовых відаў спорту.

Але спартыўная тэма працягваецца. Сёння ў старажытнай Лідзе пачынаецца VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў – падзея, аб якой яшчэ зусім нядаўна мы нават не маглі і марыць. Гэтая падзея нагадвае аб патэнцыяле Каталіцкага Касцёла, які разам з Міністэрствам спорту і турызму, пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама і Лідскага райвыканкама арганізуе такое буйное спартыўнае мерапрыемства. Упэўнены, што яно будзе спрыяць евангелізацыі і прапагандзе здаровага стылю жыцця, а таксама развіццю адносін з іншымі краінамі Еўропы.

Не пабаюся сказаць, што сёння гістарычны еўрапейскі горад Ліда становіцца святарскім футбольным цэнтрам Еўропы. Чэмпіянат, які распачынаецца, – гэта гонар для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і гонар для нашай краіны.  

2. Святы апостал Павел параўноўвае жыццё чалавека да забегу на стадыёне (1 Кар, 24-26). Так на самой справе і ёсць. Усе мы знаходзімся як быццам на стадыёне нашага жыцця і бяжым да яго мэты, якой з’яўляецца вечнае шчасце. На гэтым шляху шмат цяжкасцяў і перашкодаў. І трэба быць добра падрыхтаваным, каб іх пераадолець.

Каталіцкі Касцёл з вялікай павагай ставіцца да спорту і лічыць яго адным са спосабаў новай евангелізацыі, каб праз спорт, які выхоўвае да салідарнасці, узаемадапамогі і перамогі над самім сабой, несці святло Евангелля ў сучасны свет.

Дзякуючы спорту чалавек праяўляе свае фізічныя, інтэлектуальныя і духоўныя магчымасці. Таму спорт спрыяе будаванню цывілізацыі жыцця і вучыць пазбягаць зла. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел II, які сам быў добрым спартсменам, любіў казаць, што спорт займае асаблівае месца як у жыцці асобнага чалавека, так і ўсяго чалавецтва (пар. http://serwisy.gazeta.pl/jp2/1,72578,2635207.html?as=2).

3. Калі, кажучы агульна, жыццё чалавека параўноўваецца да спорту, то тым больш гэтая праўда адносіцца да футболу. У жыцці, як і ў футболе, неабходна вырашаць складаныя праблемы з яго арганізацыяй, распрацоўкай планаў і стратэгіі, змагання з супернікам і г.д, каб перамагаць, забіваць галы і збіраць пункты, калі так можна выказацца.

Калі параўноўваем жыццё чалавека да спорту, паўстае пытанне: ці з’яўляецца VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які распачынаецца сёння ў Лідзе, добрым часам, каб з новай моцай казаць людзям пра Езуса?

На маю думку, так, бо кожны час ёсць добрым для евангелізацыі. А Чэмпіянат, які пачынаецца сёння, мабілізуе, каб праз яго і асабліва праз яго гульцоў-святароў, як галоўных пратаганістаў гэтага футбольнага свята, і балельшчыкаў даваць новае сведчанне хрысціянскай веры. Упэўнены, што калі б у часы Езуса ў Палестыне гулялі ў футбол, то Езус і апосталы таксама выкарыстоўвалі б яго для евангелізацыі. Хрыстус і апосталы заўсёды ішлі туды, дзе былі людзі, яны былі з імі і вучылі іх.

Езус казаў апосталам быць Яго сведкамі аж да краю зямлі (пар. Дзеі 1, 8). Гэтым краем зямлі сёння вельмі часта з’яўляюцца стадыёны. Сёння стадыёны становяцца новымі, на жаль, свецкімі, святынямі. Гэта новыя аэрапагі. Нашым заданнем ёсць унесці туды дух Евангелля. Яны павінны быць не толькі месцам выпрабавання фізічнай сілы і здольнасцяў, але і месцам фармацыі новага чалавека на духоўных каштоўнасцях.

Марай кожнага футбаліста з’яўляецца перамога, каб пасля завяршэння турніру атрымаць медаль ці кубак пераможцы. Падобна і з нашым жыццём. У пасланні да Філіпянаў святы апостал Павел кажа: “Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе” (Флп 3, 14). А святы апостал Пётр вучыць, што вераю мы дасягаем збаўлення душаў (пар. 1 Пётр 1, 9). Таму выіграць азначае дасягнуць вечнага жыцця з Езусам, бо мы верым у Таго, хто памёр за нашы грахі і ўвакрос.

4. Тут існуе вялікае падабенства паміж футболам і хрысціянскай верай. Каб выіграць чэмпіянат, спартсмены павінны быць добра падрыхтаваны, як з фізічнага і тактычнага пункту гледжання, так і маральна-псіхічнага.

Каб дасягнуць вечнага жыцця, таксама неабходна быць добра падрыхтаванымі духоўна, каб перамагчы зло. Мы павінны памятаць, што з грахоўнага стану нас можа вывесці толькі Езус.

Каб стаць на шлях, які прывядзе да перамогі на футбольным полі, неабходна бачыць свае слабасці і з імі змагацца. Падобна і ў духоўным жыцці. Неабходна памятаць, што ўсведамленне сваёй грэшнасці – гэта не слабасць, але шлях да перамогі. Давер жа Хрысту – гэта ўжо перамога.

5. Футбол з’яўляецца калектыўнай гульнёй. Нават самыя найлепшыя футбалісты, як напрыклад Пеле ці памерлы нядаўна Эўзэбіё, ці кудзеснікі футбольнага мяча нашых часоў, такія футбольныя зоркі, які Мессі, Рональда, Кака, Рунэй ці нехта іншы, не змогуць выіграць матчу ў адзіночку. Ім патрэбна дапамога.

Падобна і ў хрысціянскім жыцці. Мы не можам выіграць барацьбы за вечнасць у адзіночку. Мы належым да Касцёла, і Касцёл – гэта наша каманда. Касцёл – гэта Містычнае Цела Хрыста. Як кожнае цела мае шмат членаў, таксама і мы, будучы членамі Містычнага Цела Хрыста, патрэбны адзін аднаму. Прыгожа аб гэтым нагадвае святы апостал Павел: “Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус” (1 Кар 12, 12). А Касцёл, паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору, з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 1). Формула: “Extra Ecclesiam nulla salus” – “Па-за Касцёлам няма збаўлення” - павінна заахвоціць нас быць актыўнымі яго членамі і дапамагаць адзін аднаму на шляху да збаўлення, таксама як дапамога адзін аднаму падчас футбольнага матчу вядзе да перамогі.

Таму футбольны прынцып “Не трымай мяча толькі для сябе, але падзяліся ім з іншымі членамі каманды” актуальны і для хрысціянскага жыцця.

6. Для таго, каб быць добрай камандай і выігрываць, неабходна рэгулярна трэніравацца. Хто заўзята і не шкадуючы сябе трэніруецца, той і выігрывае.

Падобна павінна быць і ў рэлігійным жыцці. Мы атрымалі ласку збаўлення ў Хрысце, але павінны дазволіць ёй дзейнічаць у нашых сэрцах. Нездарма святы Аўгустын кажа: “Стварыў Ты мяне, Божа, без мяне, але без майго ўдзелу Ты мяне не збавіш”. Вельмі добра на гэтую тэму кажа святы апостал Павел: “Пабожнасць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцця цяперашняга і будучага” (1 Цім 4, 8).

Адсюль вынікае наступная выснова: дзень за днём мы павінны вучыцца казаць не ўсяму таму, што блага і што нязгодна з Божай воляй. Гэта наша духоўная трэніроўка. Калі мы кажам не таму, што не згодна з Божай воляй, стараемся будаваць наша жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях, молімся, вывучаем Святое Пісанне, прымаем удзел у набажэнствах і г.д., то гэтым самым трэніруем нашыя духоўныя мускулы.  

7. Тэзіс “Жыццё як футбол!”, напэўна, з’яўляецца інтрыгуючым. У ім, як і ў футболе, ёсць перамогі і паражэнні, але заўсёды ў ім павінна ключом біць боская энэргія.

Калі сябры спыталіся ў святога Станіслава Косткі падчас перапынку футбольнага матчу, што ён рабіў бы, калі б ведаў, што праз хвіліну наступіць канец свету, то ён адказаў, што працягнуў бы гуляць. Гэта сапраўдная пастава хрысціяніна, які гатовы да кожнага развіцця сітуацыі.

8. Футбол не быў бы такім атракцыйным, якім ён ёсць, без балельшчыкаў. Сапраўдныя балельшчыкі – гэта футбольныя фанаты ў добрым сэнсе гэтага слова. Яны не прыходзіць на стадыён, каб чыніць беспарадкі, але каб справядліва ацэньваць намаганні і гульню спартсменаў і іх падтрымліваць.

Вядома, што не ўсе стануць пераможцамі, бо перамагае толькі адзін. Аднак усім належыць пахвала за змаганне. Дапаможам жа тады нашымі галасамі і апладысментамі футбалістам паказаць усё найлепшае, на што яны здольныя, і няхай падчас гэтага Чэмпіянату валадарыць алімпійскі прынцып: “Галоўнае не перамога, а ўдзел”.

8. Божа, Ты ў сваім Провідзе дазволіў арганізаваць у Беларусі чарговы Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў.

Благаславі яго.

Футбалістам дай ласку вытрыманасці і павагі да суперніка, а суддзям дапамажы ў іх нялегкім заданні.

Няхай спаборніцтвы, якія нас чакаюць, стануць школай новай хрысціянскай фармацыі ўсіх нас, спартсменаў і балельшчыкаў, ва ўсіх бачыць сваіх братоў і сясцёр і ўсіх паважаць.

Няхай Чэмпіянат, які распачынаецца, спрыяе развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і ў іншых краінах Еўропы. Няхай служыць далейшай папулярызацыі футболу як у нашай краіне, так і ў парафіях. Няхай унясе свой пасільны ўклад у справу новай евангелізацыі і будавання супольнага еўрапейскага дому. Амэн.    

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
2. http://serwisy.gazeta.pl/jp2/1,72578,2635207.html?as=2.

Адноўлена 24.02.2014 15:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі