Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў VII Звычайную нядзелю, Год А

Мінская архікатэдра, 23 лютага 2014 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чытанні VII Звычайнай нядзелі звяртаюць нашу ўвагу на неабходнасць сумеснага хрысціянскага сведчання, салідарнасці ўзаемадапамогі. Мы павінны быць адзінымі ў Хрысце, бо ўсе з’яўляемся членамі Касцёла – Яго Містычнага Цела.

2. Адна казка распавядае пра тое, як падарожнікі прыбылі ў вёску і паставілі свае палаткі непадалёку ад рэчкі. Яны нічога не мелі з сабой, акрамя рондаля для прыгатавання супу. Аднак, нягледзячы на гэта, яны распалілі вогнішча, у рондаль налілі вады, у яе паклалі просты камень і паставілі на агонь.

Жыхары вёскі са здзіўленнем глядзелі на гэта і пыталіся, што яны вараць. Падарожнікі патлумачылі, што вараць вельмі смачны суп, які называецца каменным супам, і хацелі б падзяліцца ім з жыхарамі вёскі. Для прыгатавання супу яны патрабавалі толькі нейкую колькасць дабавак. Адзін з вяскоўцаў прынёс некалькі морквінаў, іншы некалькі бульбін, іншы яшчэ нешта, так што сапраўды атрымаўся смачны суп, з якога радаваліся ўсе.

3. Гэтая народная казка паказвае, як у супольнасці можа выглядаць канцэпцыя ўзаемадапамогі. Калі кожны нешта дакладае да супольнага дабра, тады ўсім хапае. У гэтай гісторыі людзі былі як быццам падманам уцягнуты ў працэс прыгатавання супу, але з іншага боку кожны з іх дзейнічаў дабравольна, бо ўсе яны верылі, што з гэтага ўсяго выйдзе нешта добрае. І выйшла. Але гэта не атрымалася б, калі б яны зачынілі дзверы сваіх дамоў і не размаўлялі б аб падарожных паміж сабой.

4. У гэтай гісторыі камень быў базай для прыгатавання супу. Падобна базай нашага жыцця і ўзаемаадносін павінен быць Хрыстус – як вуглавы камень. На Ім мы павінны будаваць сваё жыццё, варыць свой жыццёвы суп. Мы з’яўляемся членамі Містычнага Цела Хрыста і належым да Яго. Яму належаць нашы цяжкасці, нашы радасці і ўсе недахопы. І калі мы верым у тое, што Святы Дух дзейнічае ў нас, то павінны верыць і ў тое, што Ён дзейнічае і ў іншых членах Касцёла, падабаецца нам гэта ці не.

5. Гэтая праўда мае вялікае значэнне для нас, і яна павінна нас змяняць, каб мы былі дасканалымі, як дасканалы наш нябесны Айцец. А каб быць дасканалым, неабходна служыць Богу і людзям. Гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца на працягу ўсяго нашага жыццёвага падарожжа з Езусам.

Наша імкненне да дасканаласці ў Богу павінна праяўляцца ў штодзённым жыцці. Мы не павінны плаціць злом за зло. Не вока за вока і зуб за зуб, як было ў Старым Запавеце, але падставіць левую шчаку, калі нехта ўдарыць па правай. Гэта сапраўдная пастава хрысціяніна – аказваць любоў нават ворагам і тым, хто нам чыніць зло. Да гэтага нас заклікае Бог, і гэты заклік – праяўленне нашай веры.

Нашы думкі і пачуцці сэрца праяўляюцца ў нашым дзеянні. Менавіта яны паказваюць, ці сапраўды мы з’яўляемся месцам, дзе жыве Бог. Калі так, то як іншыя ведаюць аб гэтым?

6. Бог заклікае нас да любові. Ён першы нас палюбіў, таму мы ведаем, што такое сапраўдная любоў, і здольныя любіць Бога і бліжняга. Больш за тое, Езус заклікае любіць нашых ворагаў і тых, хто нас пераследуе, каб быць сапраўднымі дзецьмі нашага нябеснага Айца.

Язычнікі ў габрэйскай культуры лічыліся нячыстымі і грэшнікамі, і параўнанне да іх было абразлівым. Езус заклікае нас да вышэйшых стандартаў жыцця. Божая любоў праяўляецца ў свеце, калі ў грамадстве пануе дух узаемаразумення, спачування, справядлівасці і клопату пра ўсіх.

Калі мы знаходзімся сярод незнаёмых людзей, то адчуваем сябе не вельмі камфортна. Заўсёды лягчэй любіць таго, хто нас любіць, размаўляць з тым, каго мы ведаем.

Але Езус не кліча нас да лёгкага жыцця. Ён называе нас сваімі вучнямі, якія павінны чыніць так, як Ён чыніў. А менавіта не пакідаць без увагі адзінокага і нешчаслівага чалавека, маліцца за тых, якія жадаюць нам зла, і паважаць годнасць кожнага чалавека. Трэба памятаць, што і мы не ўсім падабаемся і, можа, нават для кагосьці з’яўляемся ворагамі. Хрысціянскае жыццё – гэта не пасіўнае жыццё. Яно павінна быць актыўным і мэтанакіраваным. Гэта найперш азначае любіць бліжніх, бо Бог не ўстанаўлівае ніякіх межаў любові. Але калі мы застанемся толькі ў межах свайго “я”, то вакол будуць адбывацца непаразуменні, канфлікты, войны і г.д.

Паглядзім вакол сябе. Ці мы сапраўды любім іншых? Ці яны з’яўляюцца нам братамі і сёстрамі? Ці ўмеем прабачыць і маліцца за тых, хто чыніць нам зло? Ці ўтвараем адну хрысціянскую супольнасць? Ад гэтага адказу залежыць, ці мы сапраўды з’яўляемся тымі, у якіх і праз якіх дзейнічае Бог, каб сваім жыццём зварыць смачны суп, з якога ўсе будуць радавацца.

7. Стаць хрысціянінам вельмі лёгка – неабходна прыняць сакрамэнт хросту. Але быць хрысціянінам цяжка. Тое, чаму нас вучыць Хрыстус, не вельмі прымаецца сучасным светам.

У Амерыцы на бамперах машын часта можна ўбачыць налепкі з двума словамі: “Я хачу”. Гэта нагадвае пра найбольш важнае жаданне амерыканцаў, а менавіта: я хачу маіх правоў, маёй радасці, майго шляху, маіх грошай і г.д. На самой справе гэта жаданне не толькі амерыканцаў, але і ўсяго сучаснага чалавецтва. Мы сталі пакаленнем тых, хто толькі чагосьці хоча, бо на гэта ён мае права і гэта яму належыць. Правы чалавека з’яўляюцца вельмі важнай справай, і іх трэба паважаць і захоўваць. Аднак трэба памятаць не толькі аб правах, але і абавязках. Гэта вельмі важна з хрысціянскага пункту гледжання, бо нярэдка імкненне да правоў супярэчыць Божаму закону. Так, напрыклад, прыняты зусім нядаўна ў Бельгіі закон эўтаназіі для дзяцей на самой справе становіцца правам іх забіваць. Але з іншага боку ён супярэчыць Божаму закону “не забівай”. Таму чалавечае права без захоўванне этычных нормаў можа стаць прычынай многіх няшчасцяў.

Аднойчы арол ляцеў над возерам і глядзеў уніз. Нечакана ён кінуўся да вады, кіпцюрамі схапіў велізарную рыбу і пачаў узносіцца ўверх. Аднак потым раптоўна ўпаў. Праз некаторы час і арол, і рыба былі знойдзены нежывымі. Справа ў тым, што рыба была вельмі вялікай, і арол не меў сілы падымацца з ёю вышэй. У той жа час ён не мог яе адпусціць, бо яго кіпцюры моцна ўпіліся ў цела рыбы.

Мараль гэтага аповеду ў тым, што калі мы штосьці захопліваем, то яно захоплівае таксама і нас. Калі мы захапляемся алкаголем, наркотыкамі, сексам, то яны захапляюць нас і могуць прывесці да няшчасця.

Будучы членамі Касцёла, як Містычнага Цела Хрыста, мы павінны захапляцца Ім і Яго законам, каб Ён захапіў нас і ўчыніў сапраўднымі Яго вучнямі, здольнымі да хрысціянскага сведчання, узаемадапамогі, салідарнасці з іншымі, любячымі бліжняга і прабачаючымі тым, хто нам чыніць зло, каб такім чынам учыніць нас шчаслівымі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі