Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Папяльцовую сераду

Мінская архікатэдра, 5 сакавіка 2014 г.

Звярнуцца да Бога ўсім сэрцам

Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі.

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма святой Імшы Папяльцовай серады з’яўляецца не чым іншым, як праграмай жыцця на Вялікі пост – час нашага навяртання, бо ўсе мы грэшныя.

Усе мы добра ведаем, што сучасны свет перажывае вялікі эканамічны крызіс, аб чым найлепей сведчаць з дня на дзень растучыя цэны. Усё даражэе – прадукты, тавары і таксама падарожжы. У такой сітуацыі адзін чалавек прыдумаў цікавы спосаб падарожнічаць. Усё сваё жыццё ён збіраў манеты. Вядома, што манеты выбіваюцца ў розныя гады і ў розных краінах, таксама мы нярэдка прывозім іх з розных падарожжаў. Гэты чалавек кажа: калі я хачу паехаць у нейкую краіну і не маю грошай, то бяру манету з той краіны і ўспамінаю, калі я там быў, што бачыў і якія падзеі там адбываліся. Такім чынам я як быццам пераношуся ў іншую краіну.

Кожны з нас разумее, што такое падарожжа нельга назваць інакш, як штучным, і яно вядзе нас у мінулае. У мінулае вядуць нас і календары мінулых гадоў, і запісы, якія мы там часамі робім.

На фоне ўсяго гэтага сённяшні дзень Папяльцовай серады вядзе нас у будучыню, бо святар, пасыпаючы нашы галовы попелам, кажа: “Ты прах і ў прах вернешся”. Такім чынам Касцёл прыгадвае нам праўду ад тым, што на гэтай зямлі мы не маем пастаяннага месца прабывання, што наша зямное жыццё завершыцца і нашы целы ператворацца ў прах.

2. Цырымонія Папяльцовай серады вельмі сімвалічная. Попел з’яўляецца сімвалам знішчэння. Бог стварыў нас з пылу зямлі, і ў пыл мы пераменімся. А што застанецца? Хрысціянская вера вучыць, што са смерцю і ідучым за ёй ператварэннем нашых цел у пыл зямлі наша жыццё не завяршаецца, бо чалавек – гэта не толькі цела, але і несмяротная душа. Акрамя таго, праўда Уваскрасення Хрыста вучыць нас аб нашым уваскрасенні напрыканцы часоў.

Таму мы павінны вельмі сур’ёзна падысці да святкавання Папяльцовай серады, якая не мае пастаяннай даты, як напрыклад Божае Нараджэнне. І часта мы ўспамінаем аб Папяльцовай серадзе толькі тады, калі ўбачым кагосьці з пасыпанай попелам галавой. Тады попел прамаўляе да нас вельмі моцна і заклікае не жыць мінулым, але заглянуць у будучыню праз выпраўленне сучаснасці.

3. Аднойчы вельмі багаты прадпрынімальнік прагульваўся па беразе мора і нечакана ўбачыў нейкі сасуд. Калі ён падняў яго, адтуль вылез джын, які прапанаваў чалавеку загадаць жаданне. Бізнесмен захацеў мець газету з тым самым днём, калі ён знайшоў сасуд, толькі год наперад і каб там знаходзіліся паказальнікі фондавай біржы. З сасуда пайшоў дым, джын знік і на яго месцы з’явілася газета з каціроўкамі біржы год наперад. Чалавек задаволена пачаў разглядаць фінансавую сітуацыю рынку, бо ведаў, дзе лепей інвеставаць, каб атрымаць большы прыбытак. Нечакана ён зірнуў на апошнюю старонку, дзе былі надрукаваны некралогі, і першым убачыў сваё прозвішча.

Усе паказальнікі біржы ўжо не мелі для яго ніякага значэння, бо ўпершыню гэты багаты чалавек зазірнуў у будучыню.

4. Мэтай Касцёла ў сённяшні дзень з’яўляецца дапамагчы чалавеку паглядзець на яго жыццё з перспектывы вечнасці. У сучасным свеце імкненне да матэрыяльнага дастатку бачна паўсюль. Яно ва ўдыханні паветра і нават як быццам пранікае праз нашу скуру. Нездарма часамі вартасць таго ці іншага чалавека ацэньваецца яго матэрыяльным дастаткам. У той жа час Другі Ватыканскі Сабор навучае, што чалавек ацэньваецца не тым, што ён мае, але тым, кім ён ёсць, а менавіта Божым творам. Таму Езус вельмі часта вучыць, што нездаровае імкненне да багацця з’яўляецца згубным для чалавека.

5. Адна газета апублікавала вельмі цікавы артыкул аб двух маладых людзях – хлопцу і дзяўчыне – якія часта прыходзілі ў касцёл і доўга сядзелі на лаўцы каля фігуры Божай Маці. Пробашч быў вельмі задаволены, што і ў наш час ёсць маладыя людзі, якія нават днём знаходзяць час, каб памаліцца. Аднак пазней ён заўважыў, што гэтыя маладыя людзі прыходзілі ў касцёл, каб падзарадзіць свае мабільнікі.

Гэтая гісторыя хаця і выглядае смешнай, аднак у той жа час вельмі сімвалічная. Маладыя людзі прыходзілі ў касцёл, каб падзарадзіць свае мабільныя тэлефоны. У пэўным сэнсе яны выкарыстоўвалі касцёл для сваіх карысных мэтаў, каб зэканоміць грошы на падзарадку.

Гэта, напэўна, нас шакіруе. Але на самой справе ці заўважаем мы, што нашы духоўныя батарэі ў гомане сучаснага свету і штодзённым клопаце разрадзіліся? Ці ведаем, дзе мы іх можам падзарадзіць? Ці спяшаемся гэта ўчыніць?

6. Калі ўважліва паглядзім на жыццё сучаснага свету, то, нягледзячы на многія цяжкасці, якія ён перажыве, трэба сцвердзіць, што Бог у сваім Провідзе вядзе яго сваім шляхам і благаслаўляе. Чалавецтва атрымала і працягвае атрымліваць ад Яго многія дары і ласкі. Але, у той жа час, яно нярэдка забываецца пра Бога і Ягоны закон. Ап’янелы поспехам навукі і тэхналогіі свет стаўся занадта самадастатковым і занадта ганарлівым, каб звяртацца да Бога з просьбай аб дапамозе.

У гэтым крыецца найвялікшая праблема сучаснага свету, якая вядзе да таго, што нашы духоўныя батарэйкі разраджаюцца і мы, называючы сябе хрысціянамі, на самой справе такімі не з’яўляемся. У той жа час менавіта Касцёл - тое месца, дзе мы можам нанова зарадзіць нашы духоўныя батарэйкі і аднавіць у сабе сапраўдны дух хрысціянства.

Вялікі пост, які сёння распачынаем, акурат і з’яўляецца найлепшым часам, каб гэта ўчыніць праз паяднанне з Богам і людзьмі.

7. Галоўная прычына, чаму ў сённяшні будні дзень нас так многа ў касцёле ў сярэдзіне звычайнага тыдня, – гэта каб абвясціць наша жаданне, наша імкненне і нашу надзею вярнуцца да Бога. Гэтыя намеры вельмі добра перадае ў першым сённяшнім чытанні прарок Ёэль: “Звярніцеся да Мяне ўсім сэрцам” (Ёэл 2, 12). Мы блудныя і грэшныя дзеці, якія адышлі ад Бога, і мы павінны вярнуцца ў абдымкі нашага любячага нябеснага Айца.

Праз некалькі хвілін нашы галовы будуць пасыпаны попелам і распачнецца духоўнае змаганне Вялікага посту. Распачнецца праца пакаяння і вяртання да Бога, праца малітвы і добрых учынкаў, каб яшчэ мацней любіць Бога і бліжняга. Попел прамаўляе, бо нагадвае пра будучыню і заахвочвае, каб у яе мы ішлі не з разраджанымі батарэйкамі нашага сэрца, а з поўнымі духоўнай энергіі і неслі ў свет полымя святла веры.

8. Міласэрны Божа, дазволь нам, нягледзячы на нашы слабасці і пануючую ў свеце абыякавасць у справах рэлігіі і маральнасці, нягледзячы на наша перапоўненае цынізмам і сумневам жыццё, выкарыстаць Вялікі пост, які распачынаецца, як час ласкі, час падзарадкі нашых духоўных батарэек, час вяртання да Цябе, каб заўсёды заставацца дзецьмі святла, якімі мы сталіся ў сакрамэнце хросту. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі