Вілейка, 9 сакавіка 2014 г.
Выпрабаванне свабодай
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сённяшняе першае чытанне, узятае з кнігі Быцця, распавядае пра выпрабаванне вольнай волі першых людзей Адама і Евы ў раі. Мы ведаем, што чалавек вельмі часта знаходзіць вытлумачэнне злу, якое робіць. Адзін кажа, што нешта ўкраў, каб мець за што ўтрымаць сям’ю. Другі - што зрабіў шкоду іншаму, бо той яго пакрыўдзіў, і г.д. Хаця як крадзеж, так і шкоду яны ў прынцыпе асуджаюць.
У раі, у Эдэмскім садзе, былі толькі дзве асобы – Адам і Ева. Яны мелі ўсяго пад дастаткам і ніхто не пагражаў іх жыццю. Яны не мелі недахопу ў ежы ці іншых запатрабаваннях. Яны нават не заўважалі, што былі голымі. Звяры таксама ім не пагражалі. Адам і Ева былі створаныя як дасканалыя і адпавядаючыя адзін аднаму асобы. Нават сам Бог хадзіў разам з імі ў раі. Таму іх грахоўнае падзенне не мае ніякага вытлумачэння.
2. Аднак у гэтую дасканалую сітуацыю першых нашых бацькоў уваходзіць праблема выбару, праблема свабоды дзяцей Божых. Пасярэдзіне Эдэмскага саду знаходзіцца дрэва пазнання дабра і зла, на самой справе – пазнання Бога і д’ябла. Паводле Евы яно было вельмі прыгожым са смачна выглядаючымі пладамі. Калі падыходзіць да справы інструментальна, то здаецца, што ў Адама і Евы быў толькі адзін выбар: з’есць плод гэтага дрэва ці не. Але насамрэч справа ішла аб выбары Божай волі ці адмаўленні ад яе.
3. Цікавы ў гэтым сэнсе дыялог паміж д’яблам і Евай. На пытанне злога духа, ці сапраўды Бог забараніў ім есці плады з райскіх дрэваў, Ева адказвае, што з усіх, акрамя аднаго, могуць есці. Больш за тое, да яго нават не могуць дакранацца, каб не памерці. Гэта нават больш, чым Бог патрабаваў ад іх, бо ён забараніў толькі есці плады з дрэва пазнання дабра і зла.
Д’ябал, аднак, робіць сваё. Ён кажа, што не памруць, але стануць падобнымі да Бога, які ведае дабро і зло. У пэўным сэнсе д’ябал мае рацыю. Адам і Ева ў момант, калі з’ядуць плод з забароненага дрэва, не памруць, аднак пазнаюць розніцу паміж дабром і злом.
4. Злы дух выкарыстоўвае праўду, каб прывабіць Еву з’есці плод з забароненага дрэва, падобна як у сённяшнім Евангеллі ён выкарыстоўвае цытацы са Святога Пісання, каб спакусіць Езуса. Ева прымае гэтую прапанову і есць плод забароненага дрэва. Услед за ёю яго есць і Адам. Такім чынам яны абое зрабілі свой выбар – а менавіта недавер Богу і адмаўленне ад Яго волі.
У выніку ў іх не дадалося мудрасці. Больш за тое, яны ўпершыню заўважылі, што голыя, і саромеліся гэтага. Такой была плата за іх непаслухмянасць Божай волі.
5. Адзін рабін любіў казаць, што Бог стварыў чалавека, таму што ён любіць апавяданні. Першы аповед пра людзей – гэта гісторыя спакусы і непаслухмянасці. Д’ябал спакушае, у выніку чаго Адам і Ева паддаюцца спакусе. Замест таго, каб даверыцца Богу, яны давяраюцца злому духу. Яны ядуць забаронены плод, і з імі нічога не адбываецца. Няма маланкі з нябёсаў ці землятрусу, ці іншага фізічнага пакарання. Але яны адчулі сваю галізну. Замест адзення Божай ласкі яны прыкрыліся фігавымі лісткамі.
Адам і Ева атрымалі магчымасць выбару. І яны выбралі. На жаль, не Божую, але д’ябальскую волю. І хаця плод забароненага дрэва не забіў іх, яны, аднак сталі смяротнымі, гэта азначае, што смерць стала пакараннем за іх неадпаведны выбар. У выніку нязгоды з Божай воляй яны грашаць і страчваюць рай. Аднак бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не пакідае іх без надзеі.
6. З першага сённяшняга чытання мы можам зрабіць вельмі важную выснову, што, атрымліваючы ад Бога ўсё неабходнае для шчаслівага жыцця, чалавек усё ж такі выбірае непаслухмянасць адносна Божага закону. Гэтая гісторыя паўтараецца і таксама актуальная ў наш час, калі чалавек не здае экзамену з выпрабавання свабодай.
У адрозненне ад Адама і Евы ў нас ёсць веданне дабра і зла. Перад намі два варыянты нашага жыцця – даверыцца Богу ці не. Бог кажа нам не забіваць, не красці, не чужаложыць і г.д. Дастаткова ўспомніць дзесяць Божых запаведзяў, каб ведаць, чаго хоча ад нас Бог. Ён папярэджвае, што калі мы не згодзімся з Яго воляй, то памрэм. Таму паўстае пытанне: каму мы давяраем? Богу ці д’яблу? Калі Богу, то павінны старацца захоўваць Яго запаведзі.
7. Аднойчы група горных турыстаў наткнулася на старога дрывасека з сякерай на плячы. “Куды ты ідзеш?” – спыталіся яны ў яго. ”Іду на гару, каб адтуль прынесці драўніну на аднаўленне майго дома”, – адказаў дрывасек. “Але які сэнс ісці за ёй на гару, калі вакол так многа дрэваў?” – сказалі турысты. На што дрывасек адказаў: “Я гэта ведаю, але мне патрэбна моцная драўніна, якая расце толькі на вяршыні гары, дзе дрэвы выпрабаваныя і загартаваныя праз надвор’е вакол іх. Чым вышэй, тым мацнейшая драўніна расце”.
Гэта акурат тое, чаго Бог жадае для нас: каб ветры спакусаў нас гартавалі і падымалі наша духоўнае жыццё на больш высокі ўзровень.
Вялікі пост, які мы распачалі, з’яўляецца добрым шансам зрабіць грунтоўны рахунак сумлення на прадмет таго, як мы выкарыстоўваем дадзеную нам свабоду дзяцей Божых, каму мы давяраем - Богу ці злому духу. У гэты час ласкі Бог дае нам шанс праявіць наш давер да Яго, каб перамагчы злога духа. Бог – наш Уладар, і Ён адным сваім словам знішчыць злога духа. Таму даверымся Яму, бо Ён усё яшчэ мае надзею, што мы вернемся да Яго і, жывучы паводле Яго закону, прыйдзем у жыццё вечнае. Амэн.
|