Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандруcевіча на III нядзелю Вялікага посту. Год “А”

Крупкі, 23 сакавіка 2014 г.

Душа мая прагне Бога жывога

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Адзін аповед распавядае пра тое як ветразнае судна – карабель – на паўночным узбярэжжы паўднёва-амерыканскага кантынента падаваў сігналы бедства, што людзі, якія на ім знаходзяцца, паміраюць са смагі з-за недахопу вады. З карабля, што быў непадалёк, яны атрымалі адказ: “Вы знаходзіцеся ў вусці ракі Амазонкі, і вакол вас поўна прэснай вады”. Праблема ў тым, што людзі на ветразным судне думалі, што яны ў акіяне і вакол толькі салёная вада. На самой справе прэсная вада была побач.

Падобная гісторыя паўтараецца часта. Людзі часта не ведаюць Бога і жывуць без Божай ласкі, якая з’яўляецца жыццядайнай вадой, і таму паміраюць ад духоўнай смагі, хаця на самой справе Бог і Ягоная жыццядайная ласка знаходзяцца вельмі блізка.

2. Мы перажывaем Вялікі пост. Дамінуючым вобразам чытанняў трэцяй нядзелі гэтага перыяду з’яўляецца вада. Трэба сказаць, што вада займае асаблівае месца ў жыцці чалавека. Наша цела на 70% складаецца з вады. 71% паверхні зямнога шара пакрывае вада. Вада таксама з’яўляецца знакам жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць ваду на Марсе ці іншых планетах, бо толькі яна можа даць адказ на пытанне, ці там ёсць жыццё.

Прадстаўленыя ў першым чытанні і Евангеллі вобразы вады вядуць нас да праблемы нашай веры. У першым чытанні з Кнігі Зыходу ізраэльскі народ мучаецца смагай у пустыні і выступае супраць Майсея, кажучы, што ён прывёў іх у пустыню, каб яны загінулі. Ва ўмовах іх недаверу Майсей, аднак, верыць у Божую сілу. І Бог сапраўды дае ізраэльцянам ваду са скалы, каб іх выратаваць і каб яны верылі, што Ён ёсць іх Валадаром. Майсей паводле Божага загаду б’е кіем у скалу, і з яе выцякае вада.

Евангелле прадстаўляе цудоўную размову Езуса з самаранкай каля Якубавай студні. Езус стаміўся, адчуваў смагу і хацеў піць. Ён просіць самаранку, каб дала Яму піць, бо ў яе быў збан, якім яна магла зачэрпнуць вады. Але на самой справе Ён хацеў чагосьці іншага. Ён прагнуў духоўнага адраджэння гэтай грэшнай жанчыны і яе збаўлення. Ён запрашае яе прыняць веру ў Яго, і яна прызнае ў Ім Месію, Збаўцу свету.

3. Трэба памятаць аб культурна-гістарычных абставінах, у якіх адбылася сустрэча Езуса з самаранкай. Габрэі не размаўлялі з самаранамі, а мужчыны не прасілі жанчын, каб ім дапамаглі. Але Езус зламаў бар’еры расавай і рэлігійнай перашкоды. Ён зламаў бар’еры сексізму, сораму і віны. Зламаў бар’еры паміж дабром і злом.

Папрасіўшы вады, Езус сказаў самаранцы, што можа даць ёй іншую ваду, якая стане крыніцай вечнага жыцця. Самаранка папрасіла такой вады, бо яна таксама мела смагу лепшага жыцця. Ёй патрэбна было прабачэнне і вызваленне ад сораму. Ёй патрэбны быў той, каму яна магла б давяраць. Патрэбны быў Месія! Яна Яго знайшла ў Езусе і сказала аб гэтым іншым людзям, якія таксама паверылі, што Ён сапраўдны Месія.

Такім чынам, навярнуўшыся, самаранка стала місіянеркай, стала той, якая абвяшчала праўду збаўлення ў Езусе Хрысце.

4. Езус Хрыстус – гэта жывая вада, якая патрэбна кожнаму чалавеку.

Сёння ў парафіі ў Крупках адпуст святога Юзафа – апекуна Езуса. Святое Пісанне падае мала звестак аб ім. Ён быў Абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі. Яму Бог аб’явіў таямніцу Уцелаўлення свайго Сына. Потым сказаў уцякаць ад караючай рукі Ірада ў Егіпет. Адным словам, святы Юзаф быў пасвечаны ў таямніцу нашага збаўлення і застаўся верным свайму пакліканню. Менавіта таму Святое Пісанне называе яго “мужам справядлівым”. “Муж справядлівы” – гэта той чалавек, які жыве паводле Божага закону.

5. Тут мы сутыкаемся з самай вялікай праблемай у гісторыі чалавецтва, асабліва ў наш час. Сучасны чалавек жыве так, як быццам Бога няма. Жыве так, як яму падабаецца. Ён хоча быць абсалютна свабодным і жыць без аніякіх абмежаванняў, у тым ліку нормаў Божага закону. Яго Богам становіцца не наш Творца, але багацці і прыемнасці, імкненне да славы і ўлады. Так часта таксама чыняць людзі, якія сябе называюць веруючымі. Такое хрысціянства не яўляецца сапраўдным. Гэта дэфармаванае і маральна хворае хрысціянства.

Таму нярэдка сучасны свет з багатай гісторыяй хрысціянства называецца постхрысціянскім, у якім чалавек становіцца падобным да страціўшай веру, надзею і любоў евангельскай самаранкі. Аднак Езус вярнуў ёй усё гэта, бо яна даверылася Яму і прызнала ў Ім Месію.

6. І мы павінны ўчыніць падобнае. Дапамагае ў гэтым нам Дух Святы, дары якога атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі, які ўдзяляецца падчас гэтай святой Імшы.  

Жыццядайныя воды хросту ўчынілі нас святынямі Духа Святога, і такімі мы павінны заставацца. Дух Святы перамяніў апосталаў, з баязлівых учыніў іх геральдамі веры. Падобнае Ён чыніць і з намі. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць, каб нас перамяніць. Неабходна адкрыць дзверы нашых сэрцаў на Яго дзеянне, а Ён учыніць цуд нашага навяртання, як учыніў цуд навяртання грэшнай самаранкі. Ён таксама напоіць нас вадой Божай ласкі, каб мы маглі быць падобнымі да нашага нябеснага апекуна святога Юзафа. Яму Бог даверыў свайго Сына. Святы Юзаф з’яўляецца апекуном Касцёла, і таму Бог даверыў нас, як членаў Касцёла, яго апецы.

Сакрамэнт канфірамацыі – гэта новая Пяцідзясятніца, новае Спасланне Духа Святога. Прымем яго, каб стаць новым стварэннем, каб стаць справядлівымі, як Юзаф, гэта азначае тымі, якія жывуць паводле Божага закону.

7. У сучасным сеце ёсць шмат людзей, якія адчуваюць смагу Бога і пытаюцца, дзе яны могуць Яго знайсці. Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна спытаць сябе, што ў нас пераважае – прага да матэрыяльных рэчаў, цялесных задавальненняў, імкненне да ўлады і г.д. ці прага духоўнага жыцця, прага жыць паводле Божага закону. Ці імкнёмся мы да крыніцы жывой вады, якая ў Езусе? Вялікі пост з’яўляецца вельмі добрай нагодай прыйсці да студні Езуса Хрыста і з яе напіцца жывой вады. Езус дасць нам яе, каб заспакоіць самую вялікую смагу – смагу Бога, каб быць падобнымі да святога Юзафа. Таму словы Святога Пісання: “Душа мая прагне Бога жывога” няхай будуць праграмай нашага жыцця ў Вялікі пост, каб з чыстымі душамі прыйсці да радаснага свята Пасхі. Амэн.

Адноўлена 22.03.2014 22:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі