Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы велікапоснага чування моладзі ў мінскай архікатэдры

Вігілія Пальмовай нядзелі, 12 красавіка 2014 г.

Праз малітву і чуванне да дасканаласці

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Завяршаецца Вялікі пост і ўжо праз тыдзень будзем святкаваць Вялікдзень і спяваць радаснае “Алелюя”. Аднак да трыумфу перамогі Хрыста над злым духам і смерцю Яго чакаў Крыжовы шлях, калі Ён на сваіх плячах нёс мае і твае грахі, калі, нявінны, цярпеў за нас, вінаватых, калі дзеля нашага адкуплення павінен быў памерці ганебнай крыжовай смерцю і ўваскрэснуць.

Якім бы дзіўным гэта ні выглядала, але гэты шлях Ён распачаў ад урачыстага ўваходу ў Ерузалем, аб чым распавядае нам Евангелле, якое мы пачулі перад Імшой.

Набліжалася свята габрэйскай Пасхі, і людзі чакалі Езуса. Хаця ў сваім зямным жыцці Езус абвяшчаў Божае Валадарства, аднак людзі хацелі бачыць у Ім зямнога валадара, які адродзіць былую славу Ізраэля. Таму віталі Яго як пераможцу. Калі Ён уязджаў у Ерузалем на осліку, яны, трымаючы ў руках пальмовыя галінкі і кладучы іх пад ногі Езуса, усклікалі: “Гасанна Сыну Давіда, благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана” (пар. Мк 11, 9). Пальма – гэта сімвал перамогі. Таму пальмовыя галінкі ў руках габрэяў падчас уезду Езуса ў Ерузалем – гэта прызнанне ў Ім пераможцы. Праблема была толькі ў тым, што людзі хацелі бачыць у Ім пераможцу палітычнага, а на самой справе Яго заданнем было быць духоўным пераможцам.

2. У гэтым крыецца прычына трагедыі, якая выдарылася пяць дзён пазней, аб чым нагадвае нам аповед Мукі Пана. Тыя ж самыя людзі, якія падчас урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем з энтузіязмам Яго віталі, будуць прасіць Пілата Яго ўкрыжаваць. Калі Бог заўсёды застаецца верны сваім абяцанням і інтэнцыям, то чалавек, на жаль, вельмі зменлівы. Хаця ў Божым плане збаўлення чалавека была прадугледжана крыжовая смерць Езуса, тым не менш чытанні Пальмовай нядзелі паказваюць, на што здольны чалавек – на праслаўленне іншага чалавека і ў той жа час на яго пракляцце.

Такі ўжо ёсць чалавек, прырода якога дэфармавана першародным грахом. Ён ведае, што такое дабро, і адначасова чыніць зло. І без Божай дапамогі ён не можа заставацца добрым, у ім няма Божага вобразу і падабенства, паводле якіх ён створаны. Вялікі ў сваёй міласэрнсці Бог не пакінуў нас адных і спяшаецца з дапамогай, працягвае сваю руку, за якую неабходна ўхапіцца.

3. Маючы на ўвазе тое, што гэты год у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з’яўляецца Годам малітвы, а Вялікі пост па сваёй прыродзе ёсць часам навяртання, у якасці тэмы сёлетняга велікапоснага чування моладзі ўзяты словы Евангелля “Чувайце і маліцеся” (Мц 26, 41), неабходна чуваць і маліцца, каб не паддацца спакусе (пар. Мц 26, 41).

Гэтыя словы Езус казаў падчас малітвы ў Гетсэманскім саде, які на самой справе быў аліўкавым садам, дзе быў устаноўлены прэс для выціскання аліўкавага алею. На арамейскай мове гэты прэс называўся гат шамна, што ў перакладзе на беларускую мову азначае Гетсэманскі сад. Пасля Апошняй Вячэры, перад сваёй мукай Езус узяў з сабой апостала Пятра і Зэбэдэевых сыноў і пайшоў з імі маліцца ў гэты сад. Гэта быў асаблівы час для Езуса, бо Яго душа смуткавала ажно да смерці. Ён маліўся свайму нябеснаму Айцу, каб келіх цярпенняў абмінуў Яго, але адначасова згаджаўся з Божай воляй. Ён спадзяваўся, што Ягоныя вучні будуць чуваць разам з Ім на малітве, аднак яны спалі.  Менавіта тады Хрыстус, дакараючы іх за такую паставу, заклікаў да чування і малітвы, каб не паддацца спакусе (пар. Мц 26, 37-41).

4. Сёння з Гетсэманскага садy плыве скіраваны да нас заклік Хрыста: “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе” (Мц 26, 41). Як вучні Хрыста, мы таксама павінны прайсці праз наш асабісты Гетсэманскі сад. Ім можа быць духоўная ноч адсутнасці веры, страх перад будучыняй, безнадзейнасць, нейкая асабістая трагедыя, нявернасць сябра ці сяброўкі, алкагалізм, наркаманія, СНІД, нязгодныя з Божай воляй сексуальныя адносіны і г.д.

У такой сітуацыі неабходна глядзець на Езуса і браць з Яго прыклад бязмежнага даверу Богу. У Езуса мы павінны вучыцца сапраўднай малітве, якая нясе святло і сілу, каб, пазнаўшы Божую волю, яе выконваць, бо спаўненне Божай волі вядзе да шчасця і збаўлення.

Выява молячагася ў Гетсэманскім садзе Езуса прадстаўлена ў розных абразах, і мы яе добра ведаем. Аднак сёння нам неабходна спытаць саміх сябе: як мы наследуем молячагася Езуса і Яго давер Богу Айцу?

Прыкладам можа служыць Папа Ян Павел II, які ўжо праз два тыдні будзе кананізаваны. Сведкам таго, што Ян Павел II сапраўды быў чалавекам малітвы, можа быць яго шматгадовы асабісты фатограф Артуро Мары. Ён кажа, што Пантыфікат Яна Паўла II быў пазначаны трыма рэчамі – працай, малітвай і цярпеннем. Папа маліўся заўсёды – у Апостальскім палацы, у падарожжах, падчас афіцыйных набажэнстваў і г.д.

Я асабіста меў некалькі магчымасцяў цэлебраваць разам з ім святую Імшу ў яго прыватнай капліцы ў Ватыкане. Тады было бачна, што для яго існуе толькі Езус і Эўхарыстычная ахвяра. Ён увесь быў прасякнуты малітвай. Аднойчы вечарам у кастрычніку пасля вячэры, на якую я быў запрошаны, ён паклікаў мяне пайсці з ім на балкон Апостальскага палаца і там маліцца на ружанцы. Іншым разам у падобнай сітуацыі ў маі ён запрасіў разам з ім маліцца Літанію да Маці Божай Ларэтанскай.

Вымоўным таксама з’яўляецца дэвіз яго біскупскага і папскага служэння: “Totus Tuus” – “Увесь Твой”. Як жа ён блізкі словам Езуса з Яго малітвы ў Гетсэманскім садзе: не Мая, але Твая воля няхай будзе!

Сапраўдная малітва перамяняе чалавека, рыхтуе дарогу дабру, перамагае зло і вядзе да дасканаласці.

5. Акрамя малітвы, Езус заклікае да чування.

Чаму? Добрым адказам можа быць прыклад дзяжурнага, заданне якога - знаходзіцца каля дзвярэй і пільнаваць, хто праз іх уваходзіць. Дзяжурны не можа аддаліцца ад дзвярэй. Ён павінен заўсёды быць каля іх і чуваць над тымі, хто ўваходзіць і выходзіць. Яго жыццё з’яўляецца пастаянным чуваннем.

Наша жыццё таксама павінна быць такім.

Мы шмат часу ахвяруем, калі клапоцімся аб лепшай будучыні, каб нам было лепей, каб была праца, каб мы былі здаровымі, каб поспех спадарожнічаў нам і г.д. Мы без канца глытаем таблеткі, дбаем пра свой выгляд і фігуру. Часта, змучаныя, падаем і кажам, што ўсяго нельга прадбачыць. Увесь час у нас здараюцца непрадугледжаныя справы і праблемы, які перакрэсліваюць нашы планы. У такім гомане і мітусні мы часта забываемся аб найважнейшай справе – аб Богу, сабе і сваёй будучыні.

Заклік Хрыста чуваць кажа нам задумацца, што найважнейшае ў нашым жыцці, - а менавіта кім я з’яўляюся, для чаго жыву, якая мая будучыня?

Чуваць – азначае быць чалавекам сумлення; яго не заглушаць і не скажаць; дабро называць дабром, а зло – злом, якое неабходна перамагаць і з якога трэба выпраўляцца. Чуваць – азначае супрацьпаставіцца дэмаралізацыі, якая пануе ў сучасным свеце. Чуваць – азначае не замыкацца толькі ў сабе, але бачыць іншага чалавека, яго любіць, як самога сябе, і дапамагаць патрабуючаму. Чуваць – таксама азначае быць адказным за лёс грамадства.

Найбольш вядомы ў свеце амерыканскі баксёр Махамед Алі казаў, што чалавеку перашкаджаюць не горы наперадзе, але каменьчыкі ў чаравіках (пар. https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekjQabBVNryaXY xF7zKz5Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1). Каб удасканальвацца, неабходна чуваць, каб каменьчыкі зла не апынуліся ў нашым жыццёвым абутку.

6. Дарагая моладзь!

Разважаючы над таямніцай малітвы Езуса ў Гетсэманскім садзе, выкарыстаем апошні тыдзень Вялікага посту для ажыццяўлення закліку Хрыста да малітвы і чування, каб заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню быць людзьмі сумлення і перамагаць зло, якое ёсць у нас. Нават калі мы ўпадзем, малітва дапаможа нам падняцца, каб разам з марнатраўным сынам сказаць: “Устану і пайду да айца майго” (Лк 15, 18), бо не той моцны, хто не ўпаў, але той, хто, падаючы, уставаў (пар. https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekjQabBVNryaXYxF7zKz5 Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1).

Няхай жа пальмовыя галінкі, якія трымаем у руках, сапраўды будуць знакам нашай духоўнай перамогі і нашага духоўнага ўваскрасення, каб праз тыдзень радасна ўсклікнуць: “Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Уваскрос!” Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekj
QabBVNryaXYxF7zKz5 Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1.
 

Адноўлена 11.04.2014 12:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі