Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана

Мінская архікатэдра, 17 красавіка 2014 г.

Эўхарыстыя – сакрамэнт любові

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Імшой успаміну Апошняй Вячэры Каталіцкі Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум, які займае першае месца сярод усіх цэлебрацый літургічнага года. Пасхальны Трыдуум – гэта разважанне і ўдзел у таямніцы нашага збаўлення. Ён пачынаецца святой Імшой устанаўлення Эўхарыстыі, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Езус паабяцаў сваім слухачам, што дасць ім такі хлеб. І вось у дзень перад сваёй смерцю Ён устанаўлівае Эўхарыстыю як сакрамэнт любові, каб назаўсёды застацца з намі пад відам хлеба і віна.

Як чалавеку патрэбны штодзённы хлеб для падтрымкі біялагічнага жыцця, так яму патрэбны і духоўны хлеб для падтрымкі духоўнага жыцця.

2. Як вынікае з сённяшняга Евангелля, устанаўленню Эўхарыстыі спадарожнічаюць іншыя вельмі важныя здарэнні – гэта абмыццё ног апосталам і схіленне д’яблам сэрца Юды выдаць Езуса (пар. Ян 13, 1-15). Цікава, што апостал Ян, Евангелле паводле якога сёння Касцёл прапануе нашай увазе, зусім не ўспамінае пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, а толькі нагадвае аб пастанаўленні Юды здрадзіць Езусу і аб абмыцці Ім ног апосталаў.

Чаму? Напэўна, таму, каб дапоўніць тое, што цэлебруем, а менавіта Эўхарыстыю, якая з’яўляецца сакрамэнтам любові. Адзін з біблеістаў напісаў кнігу, у якой прадстаўлена яго размова з апосталам Янам. Біблеіст пытаецца ў Яна, чаму той нічога не кажа аб устанаўленні Эўхарыстыі. На што евангеліст Ян адказвае, што ўжо ў яго часы распачаліся падзелы паміж хрысціянамі і неабходна было паказаць, што ў апошнія хвіліны свайго жыцця Езус клапаціўся аб еднасці, якая вынікае з любові да бліжняга. А любоў акурат і з’яўляецца ядром Эўхарыстыі.

Тут да месца ўспомніць, што менавіта падчас Апошняй Вячэры Езус заклікаў да еднасці, молячыся да свайго Нябеснага Айца, каб усе былі адно (пар. Ян 17, 11).

Эўхарыстыя павінна будаваць касцёльную супольнасць і ўзаемную любоў. Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл. Менавіта падчас Эўхарыстыі рэалізуецца Касцёл як Народ Божы. Злучаны з Хрыстом, Народ Новага Запавету, Касцёл не замыкаецца ў сабе, але становіцца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 1), святлом свету і соллю зямлі (пар. Мц 5, 13-16). Ян Павел II, які праз дзесяць дзён будзе кананізаваны, вучыць, што місія Касцёла – гэта працяг місіі Хрыста. Касцёл чэрпае сваю духоўную моц з пастаяннага ажыццяўлення ў Эўхарыстыі ахвяры Крыжа і еднасці з Целам і Крывёю Хрыста. Такім чынам Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай і вяршыняй усёй евангелізацыі (пар. ЕЕ 22).

Усё гэта становіцца магчымым, калі па прыкладу Езуса мы з’яўляемся слугамі нашых братоў і сясцёр. Нездарма святы Ян апостал кажа, што калі набліжаешся да алтара і ўспомніш, што ты ў нязгодзе са сваім братам, то спачатку паяднайся з ім, а потым набліжайся да алтара (пар. Мц 5, 24).

3. Падчас Апошняй Вячэры д’ябал схіліў Юду Іскарыёта выдаць Езуса. Хрыстус ведаў аб тым, хто Яго выдасць (пар. Ян 13, 2.10-11). Потым Пётр таксама адмовіцца ад Езуса і скажа, што не ведае Яго (пар. Ян 18, 17.25-26). Аднак, як кажа Евангелле, Езус палюбіў усіх і палюбіў да канца (пар. Ян 13, 1). Ён нікога не пракляў, бо не прыйшоў асудзіць чалавека, але яго збавіць.  Гэтая любоў была пацверджана Яго цярпеннямі і смерцю.

4. Сённяшняе Евангелле распавядае аб тым, як Юда паддаецца спакушэнню д’ябла, які імкнецца адарваць яго ад Езуса. З іншага боку тое ж самае Евангелле распавядае, як Езус імкнецца яго ўратаваць і захаваць для сябе. Для гэтага Ён мые ногі апосталам (пар. Ян 13, 5-15). Ён дабравольна і свядома прыніжаецца, не баючыся сутыкнуцца з тым, што бруднае. У гэтым жэсце ёсць вялікая логіка: Езус можа вярнуць першапачатковую чысціню таму, хто быў паранены грахом.

Трэба адзначыць, што пры гэтым Езус не выпускае з-пад увагі Юду. Ён кажа, што не ўсе сярод апосталаў чыстыя. Далей, падаючы кавалак хлеба Юду, Езус сказаў, хто не чысты і хто Яго выдасць (пар. Ян 13, 26). Гэтым самым Хрыстус прапанаваў Юду магчымасць паяднання і спрабаваў адкрыць яго вочы на праўду.

Юда, аднак, застаўся глухім на словы і намаганні Езуса. Ён не змог прыняць Бога, які яго палюбіў да канца, бо такі Бог не адпавядаў яго ўяўленням. У той жа час Пётр моцна каяўся за свой грэх, і сёння мы яго праслаўляем як святога, як камень, на якім Хрыстус будуе свой Касцёл і які жыве ў сваіх наступніках - Рымскіх Папах.

5. Гісторыя здрады Юды паказвае, што толькі знешняя прыналежнасць да суполкі сяброў не гарантуе захавання сяброўства. Павінна быць яшчэ ўнутраная, духоўная сувязь, найперш з Езусам, каб моцнай была сувязь з братамі і сёстрамі.

З гэтага ўсяго вынікае выснова, што Эўхарыстыя – гэта барацьба Езуса за кожнага з нас, каб у нас перамагла любоў, бо спатканне з Эўхарыстычным Езусам перамяняе нашы сэрцы і памнажае любоў. Ян Павел II вучыць, што Хрыстус пажадаў застацца з намі ў Эўхарыстыі, каб сваёй любоўю аднавіць чалавецтва і даць яму новую надзею. Таму ўсе ўдзельнікі Эўхарыстыі павінны імкнуцца да перамены свайго жыцця, каб яно сталася эўхарыстычным і вяло да перамены свету згодна з прынцыпамі Евангелля  (пар. ЕЕ 20).

Сёння, калі разважаем аб устанаўленні Эўхарыстыі, падзякуем Езусу за гэты найвялікшы дар – дар хлеба жыцця вечнага і дар бязмежнай любові, якой Ён палюбіў усіх да канца. Падзякуем і папросім, каб ласка гэтай любові жыла ў нашых сэрцах і перамяняла наша жыццё. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen Gentium” (LG).
2. Ян Павел II. Энцыкліка “Ecclesia de Еucaristia” (EE).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі