Мінская архікатэдра, 13 красавіка 2014 г.
Наш Валадар прыходзіць
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. У сённяшніх чытаннях Касцёл прадстаўляе нашай увазе дзве спрэчныя і ў той жа час вельмі блізкія падзеі. На пачатку набажэнства перад працэсіяй мы пачулі апісанне ўрачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем, а падчас Эўхарыстыі –апісанне Ягонай мукі і смерці.
Услухоўваючыся ў падзеі, якія прадстаўляюць гэтыя чытанні, можна сказаць, што сцэна падрыхтавана, занавес падняты і распачынаецца драма нашага збаўлення. Яна распачынаецца ўрачыстым уваходам Езуса ў Божы горад Ерузалем.
2. Гісторыкі кажуць, што каля двух з паловай мільёнаў людзей звычайна збіралася ў Ерузалеме на святкаванне габрэйскай Пасхі. Вось яны якраз і спатыкаюць Езуса з воклічамі “Гасанна Сыну Давіда”, кідаюць на зямлю свае адзенні, а ў руках трымаюць пальмовыя галінкі.
Усё гэта не было выпадкова. Езус ведаў, што чыніў. Больш за тое, Ён папрасіў для свайго ўваходу ў Ерузалем падрыхтаваць Яму восліка. Сваім транспартам, калі так можна выказацца, Ён выбраў восліка, каб такім чынам выканаць прароцтва Старога Запавету, што Збаўца ўедзе ў Ерузалем на такой жывёле.
3. Як бы там ні было, але Езус з’яўляецца каралём. Давайце паглядзім на Яго.
Мы не прызвычаены да манархаў, бачым іх толькі па тэлевізары і, магчыма, дзівімся той пампезнасці, якая спадарожнічае іх каранацыі ці афіцыйным выступленням.
Інакш было з Езусам, бо Ён іншы кароль. Калі зямныя манархі дэтэрмінаваны правіламі паводзін, то Хрыстус быў дэтэрмінаваны служэннем. Калі аўтарытэт большасці манархаў абапіраецца на сіле, то Езус адзначаецца пакорай. Калі большасць сучасных валадароў карыстаецца дарагімі самалётамі, то Езус выбраў восліка як від свайго транспарту. І Ён ведаў, што чыніў.
Езус – як Валадар – выбраў восліка, а не каня, бо конь у тыя часы сімвалізаваў войска і вайну, а вослік з’яўляецца сімвалам супакою.
Людзі, аднак, жадалі мець такога валадара, які мог бы вызваліць іх ад рымскага рабства. Таму і вынік, якім ёсць крыж на Галгоце з надпісам: “Кароль габрэйскі”.
Калі зямныя каралі ў спадчыне атрымалі ўсё, што маюць – пазіцыю ў сваёй краіне і свеце, багацце, гонар і г.д., - то Езус сам сябе назваў каралём. Аднак пры гэтым адзначыў, што Яго Валадарства не з гэтага свету. Менавіта таму Яго не зразумелі і асудзілі на крыжовую смерць.
4. Некалькі гадоў таму ў Амерыцы выйшла кніга з вельмі інтрыгуючай назвай: “Калі натоўпы трацяць энтузіязм”. У ёй апісана была гісторыя прэзідэнта ЗША Уільсана і падзей, якія мелі месца пасля Першай сусветнай вайны. У тыя часы Уільсан быў міжнародным героем і ўсяляў у людзей надзею, што свет будзе лепшым, вайны больш не будзе і будзе панавць дэмакратыя. Падчас візіту ў Францыю Уільсана прымалі з большым гонарам, чым сваіх герояў. Тое ж самае было і ў іншых краінах Еўропы.
Аднак такі энтузіязм працягваўся нядоўга. Палітычная сітуацыя ў свеце і ў ЗША пачала змяняцца, і ідэі Уільсана ўжо больш не падыходзілі. Усё гэта прывяло да таго, што Уільсан, які лічыўся новым сусветным месіяй, перастаў ім быць.
Гэта даволі сумная гісторыя, аднак яна часта паўтараецца ў жыцці. Не трэба далёка хадзіць, і ў сучасным свеце мы знойдзем шмат прыкладаў таго, як учарашнія валадары сёння павінны шукаць прытулку ў іншых краінах і нават трапляюць пад міжнародны трыбунал.
5. Аднак ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць і выключэнні, як, дарэчы, і ў кожным правіле. Гэтым выключэннем з’яўляецца Езус Хрыстус.
Яго ўрачыста сустракалі падчас уезду ў Ерузалем, аднак вельмі хутка адракліся ад Яго і нават асудзілі на смерць. Здавалася б, што ўсё будзе як з зямнымі валадарамі. Аднак не тут тое было. Езус памёр на дрэве крыжа, каб уваскрэснуць і такім чынам выбавіць нас з грахоўнай няволі і быць нашым духоўным Валадаром.
У апошнія часы, аднак, усё часцей праяўляецца Яго непрыняцце. Усё часцей чутныя галасы: “Укрыжуй, укрыжуй Яго!” На чыім баку мы знаходзімся? Калі не захоўваем Божага закону і жадаем яго змены, то на баку тых, хто жадае Яго новага ўкрыжавання. Трагедыя Галготы паўтараецца ў наш час, і мы павінны сёння, калі распачынаем Вялікі тыдзень, адказаць на гэтае пытанне, бо наш Валадар прыходзіць. На чыім баку мы знаходзімся? Ад нашага адказу будзе залежаць наша будучыня. Амэн.
|