Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў велікодны панядзелак

21 красавіка 2014 г., касцёл свв. Сымона і Алены

Паверыць ва Уваскрасенне Хрыста

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Святое Пісанне рознымі спосабамі прадстаўляе цуд Уваскрасення Хрыста. У першым сённяшннім чытанні, узятым з Дзеяў Апосталаў, паказана, як Пётр і апосталы прамаўлялі да сабраных у Ерузалеме людзей пасля Спаслання Святога Духа. Яны абвяшчалі людзям Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага. Сваю пропаведзь яны абгрунтоўвалі словамі прарока Давіда, які прадвяшчаў Уваскрасенне Збаўцы. Тады многія тысячы людзей прынялі хрост.

Евангелле, якое Касцёл прапануе нашай увазе сёння, распавядае аб тым, што кіраўнікі габрэйскага народа падкупілі вартаўнікоў гробу Езуса і наказалі ім гаварыць, што Ягоныя вучні выкралі Яго цела і такім чынам ніякага Уваскрасення не было.

Такая заява кіраўнікоў габрэйскага народа выклікае многія пытанні. Галоўнае з іх - што калі цела Езуса выкралі Ягоныя вучні, то чаму ніхто не пакараў вартаўнікоў? Мы добра ведаем, што вартаўнік павінен сцерагчы давераны яго апецы аб’ект. Гісторыя, аднак, не ўспамінае, каб вартаўнікі былі пакараныя. Акрамя гэтага, Евангелле распавядае аб тым, што апосталы, бачачы пераслед Езуса, паўцякалі з Ерузалема і таму натуральна, што не маглі выкрасці Яго цела. Аднак тыя ж самыя апосталы пасля Спаслання Святога Духа смела абвяшчалі Добрую Навіну. Таму такая тэорыя не мае пад сабой ніякага падмурку.

У той жа час Евангелле і іншыя гістарычныя дакументы прадстаўляюць шмат фактаў Уваскрасення Хрыста. Езус паказваўся апосталам і разам з імі спажываў пасілкі. Яго бачылі многія сотні людзей. Евангеллі распавядаюць аб тым, што першымі сведкамі Уваскрослага Хрыста былі жанчыны. Гэта вельмі важна, маючы на ўвазе тое, што ў тыя часы яны не маглі быць сведкамі на судзе.

Аб Уваскрасенні Езуса ўспамінаюць таксама і гістарычныя дакументы.

2. Мы, як веруючыя хрысціяне, у першую чаргу павінны падыходзіць да справы Уваскрасення Езуса з пазіцыі нашай веры. Аўтар паслання да Габрэяў кажа, што вера ёсць здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным (пар. Габр 11, 1).  Мы верым не таму, што можам нешта даказаць, але таму, што так аб’яўлена Богам. Вера – гэта Божы дар, і тое, што Ім пададзена да веравання, з’яўляецца праўдзівым, бо Бог не можа хлусіць. У адваротным выпадку Ён не быў бы Богам.

Хрысціянская вера таксама базуецца на падзеях, якія мелі месца і якія могуць быць засведчаны верагоднымі сведкамі. У гэтым сэнсе вера ва Уваскрасенне Хрыста базуецца на гістарычных фактах. Хаця ніхто не быў напасрэдным сведкам Яго Уваскрасення, гэта азначае не бачыў самога факту Уваскрасення, але многія бачылі Яго Уваскрослага. І такога сведчання дастаткова для нашай веры. Святы Аўгустын кажа, што невялікай справай ёсць верыць у тое, што Хрыстус памёр на крыжы. У гэта вераць усе, нават язычнікі і габрэі. У той жа час падмуркам хрысціянскай веры ёсць Уваскрасенне. Святы Апостал Павел навучае вельмі пераканаўча, што калі б Езус не ўваскрос, то пустой было б наша абвяшчэнне Евангелля і пустой была б наша вера.

3. Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі і вядзе нас да новага быцця, бо патрабуе кардынальнай змены нашага жыцця, а менавіта ўваскрасеня з нашых грахоў.

Будучы самым вялікім дарам чалавецтву, Уваскрасенне Хрыста адначасова з’яўляецца заданнем.  У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці гатовы мы спаткаць Уваскрослага Езуса? Апосталы не былі гатовы. Пусты гроб Збаўцы стаўся прычынай іх трывогі і адначасова радасці. Яны як быццам пыталіся адзін у аднаго: “Дзе паклалі цела Езуса, а можа, Ён уваскрос, як абяцаў?” Нягледзячы на тое, што Езус казаў ім аб сваёй смерці і Уваскрасенні, яны не верылі да канца, пакуль не ўбачылі пусты гроб і не спаткаліся з Уваскрослым Панам.

Ці мы часам не падобныя да іх? Мы хочам бачыць нашымі вачыма, перад тым як паверым. Але мы маем што бачыць. Найлепшым сведчаннем ёсць адраджэнне Касцёла пасля трох пакаленняў пераследу. Толькі сучасны чалавек не заўсёды ўжо памятае аб тых цяжкіх часах. Яго больш вабіць свет са сваімі абяцаннямі, чым праўда веры.

4. Праз дар веры Уваскрослы Хрыстус аб’яўляе людзям сябе ў сваім слове і напаўняе новым жыццём у Святым Духу.

У цяжкіх хвілінах нашага жыцця, падчас нашых асабістых Вялікіх пятніц, нам неабходна памятаць аб Уваскрасенні. Пасха прыпамінае нам, што кожная Вялікая пятніца завяршаецца Уваскрасеннем. Як пасля заходу сонца наступае яго ўсход, так і пасля падзенняў і жыццёвых цяжкасцяў Хрыстус вядзе нас да паўстання да новага жыцця, у якім мы павінны дзяліцца з іншымі праўдай Яго Уваскрасення.

Кажучы каротка, нішто і ніхто не можа перамагчы пасланне Пасхі, бо Хрыстус перамог смерць і зло. І мы, як Ягоныя вучні, з Ягонай дапамогай можам і павінны іх таксама перамагчы.

Дзякуючы Богу за дар Уваскрасення, дазволім Святому Духу дзейнічаць у нашых сэрцах, каб мы заўсёды былі людзьмі ўваскрасення, каб Уваскрослы Хрыстус быў нашай моцай і надзеяй. Амэн.

Адноўлена 11.05.2014 02:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі