Касцёл св. Ганны на Ватыкане, 27 красавіка 2014 г.
Быць святымі па прыкладу Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія пілігрымы!
1. „Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца”.
Гэтыя словы псальміста Касцёл прызначае для азнамянавання дня Пасхі, які з’яўляецца самым важным у гісторыі чалавецтва, бо гэта дзень збаўлення. Аб значэнні гэтага дня нагадвае і тое, што ў касцёльнай літургіі актава Пасхі адзначаецца як адзін дзень. І гэты дзень завяршаецца сёння, у другую пасхальную нядзелю, калі мы адзначаем свята Божай Міласэрнасці.
Сёлета гэтае свята было ўзбагачана кананізацыяй Пантыфікаў Яна XXIII і Яна Паўла II, на якую прыбылі натоўпы пілігрымаў з усіх куткоў свету. Гэты факт з’яўляецца найбольш красамоўным і нагадвае аб вялікай іх папулярнасці, значэнні ў жыцці сучаснага Касцёла і святасці жыцця.
Адначасовая кананізацыя двух Пантыфікаў з’яўляецца прэцэдэнтам у гісторыі Касцёла, чаго ніколі перад гэтым не было. У кананізацыйнай урачыстасці прынялі ўдзел ўдзел два Пантыфікі – Папа Францішак і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, сто пяцьдзясят кардыналаў, тысяча біскупаў, сто афіцыйных дэлегацый з усяго свету, дваццаць тры кіраўнікі дзяржаў, прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў, Англіканскай Царквы, габрэі і мусульмане.
2. З іменем св. Яна XXIII звязаны Другі Ватыканскі Сабор, які стаўся паваротным пунктам у гісторыі Касцёла. Рашэнне яго правесці было сапраўды смелым і рэвалюцыйным і адказавала на патрабаванні часу. Будучы Пятром канца пяцідзясятых і пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, Папа Ян XXIII адчуваў вострую патрэбу правядзення кардынальных рэформ у Касцёле, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення і знакам надзеі для ўсяго чалавецтва. Нездарма Касцёл з вялікай адказнасцю падыходзіць да галоўнай мэты Сабору, якая была акрэслена Янам XXIII словам “Aggiornamento”, што можна перакласці як адпаведнае духу часу адраджэнне.
Вялікае значэнне для працаў Сабору мелі актуальныя і сёння энцыклікі Яна XXIII “Pacem i terris” – „Мір на зямлі“ і „Mater et magistra“ – “Маці і настаўніца”. Яны прадставілі новае бачанне заклапочанага захаваннем міру на зямлі і сваёй настаўніцкай місіяй Касцёла. Вучэнне Яна XXIII абапіралася на традыцыі, але было новым сваёй адкрытасцю на вырашэнне існуючых праблем.
Распачаты Янам XXIII Сабор шчасліва давёў да канца Папа Павел VI. Тут трэба прыпомніць, што ўдзельнікамі Сабору былі сёння кананізаваны Папа Ян Павел II, як айцец Сабору, і Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, як эксперт.
3. Калі перад Саборам Касцёл уяўляўся нейкай непадступнай крэпасцю, якая знаходзіцца на вяршыні гары, або караблём, які далёка ад берага і любуецца самім сабой, то дзякуючы Сабору ён стаў блізкім і адкрытым свету. Сабор правёў аналіз выклікаў часу і ацаніў стан Касцёла як з пункту гледжання яго ўнутранага жыцця так і з пункту гледжання адносін са светам. Выявіўшы яго моцныя і слабыя бакі, ён падрыхтаваў шаснаццаць дакументаў, у якіх былі выяўлены напрамкі дзейнасці Касцёла на будучыню.
Такім чынам Сабор стаўся новым Спасланнем Святога Духа, які ўдыхнуў у Касцёл новую энергію, аднавіў яго і ўчыніў здольным больш эфектыўна адказваць на выклікі часу.
4. Аднак сённяшняя кананізацыя звязана найперш са святасцю Яна XXIII і Яна Паўла II.
Добры Папа, як называлі Яна XXIII, будучы правідэнцыйным для Касцёла і свету чалавекам, склікаў Другі Ватыканскі Сабор і адначасова вёў святы лад жыцця. Нездарма айцы Другога Ватыканскага Сабору хацелі абвясціць яго святым праз так званую аккламацыю, гэта азначае праз агульнае меркаванне.
Сёння мы ўшаноўваем яго як святога, як таго, які знаходзіцца ў Нябесным Ерузалеме і сузірае Бога тварам у твар. Ён пакінуў нам прыклад святой мужнасці, што выказалася ў рашэнні правесці Сабор, і адначасова пакоры і адкрытасці, што дала пачатак новаму стылю ажыццяўлення папскай улады. Ян XXIII застаўся ў гісторыі Касцёла і чалавецтва як чалавек малітвы і гераічных цнотаў, які да канца палюбіў Касцёл і ахвяраваў сваё жыццё для служэння яму.
5. Другім пратаганістам сённяшняга дня з’яўляецца так блізкі і дарагі ўсім нам святы Ян Павел II, якога яшчэ пры жыцці называлі Вялікім. Яму не было дадзена наведаць Беларусь, але сёння ён з акна дому нябеснага Айца благаслаўляе нас і сваім духам прысутны на нашай зямлі. Касцёл у Беларусі ўдзячны яму за адраджэнне яго структур і няспынны клопат аб ім.
Дзень 16 кастрычніка 1978 г., калі Папам быў абраны кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, стаўся днём новай надзеі для вернікаў былога СССР і Беларусі. Яго словы падчас інаўгурацыі Пантыфікату “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі Ён да канца ведае чалавека і толькі ў Ім чалавек можа зразумець сябе” далі новую надзею духоўна зняволеным народам.
Яго пранікнёная малітва падчас першага візіту ў Польшчу ў 1989 г. “Няхай сыйдзе Дух Святы і няхай адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі” была пачута і на Усходзе. Трыдцаць пяць гадоў таму гэтыя словы мы ўспрымалі як скіраваныя таксама да нас і нашай зямлі, якая чакала свайго часу духоўнага адраджэння. І гэты час, дзякуючы таксама Яну Паўлу II, прыйшоў.
Гісторыя Пантыфікату Яна Паўла II – гэта гісторыя ўкаранення духу і вучэння Другога Ватыканскага Сабору з мэтай далейшага аднаўлення Касцёла і вырашэння праблем сучаснага свету. Амаль дваццаць сем гадоў Пантыфікату прадстаўляе яго як вялікага і правідэнцыйнага пастыра Паўсюднага Касцёла, выдатнага тэолага, чалавека малітвы, гуманіста, паэта, прыхільніка дыялогу, палітыка, абаронцу правоў чалавека і змагара за сацыяльную справядлівасць, абаронцу зняволеных і бедных, голас тых, хто не мог прамаўляць, спартсмена, артыста, цаніцеля мастацтва і г.д.
Чатырнаццаць энцыклік і столькі ж Апостальскіх адгартацый, сорак тры Апостальскія пасланні, сто чатыры апостальскія падарожжы ў розныя краіны свету на ўсіх кантынентах, а таксама незлічоная колькасць прамоў і прыклад малітвы, падчас якой для яго не існавала нічога іншага па-за Богам, вельмі добра характарызуюць Яна Паўла II як пастыра і святога. Яго Пантыфікат насіў выразны хрысталагічны характар, аб чым найлепей сведчыць яго першая праграмная энцыкліка “Redemptor hominis” – „Збавіцель чалавека”.
Сёння, у свята Божай Міласэрнасці, асабліва трэба ўспомніць заслугі Яна Паўла II у галіне развіцця тэалогіі і культу Божай міласэрнасці як адзінай надзеі свету. Нездарма Божы Провід так учыніў, што яго народзіны для неба адбыліся ў вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці, а яго кананізацыя - у само свята.
Нагадваючы аб святасці Яна Паўла II, да месца ўспомніць яго Апостальскае пасланне “Novo millennio ineunte” – „Уваходзячы ў новае тысячагоддзе”, якое было выдадзена з нагоды наступлення новага трэцяга тысячагоддзя. Менавіта ў ім Ян Павел II вучыць, што праграмай кожнага хрысціяніна павінна быць дасягненне святасці. А ў сваім звароце да моладзі падчас яе сусветнага форуму ў Рыме ў 2000 г. ён звярнуўся да маладых людзей з усяго свету з заклікам: “Не бойцеся быць святымі нашага часу!” Усё яго жыццё і служэнне было накіравана да дасягнення святасці.
6. Святыя не з’яўляюцца людзьмі, якія прыбылі да нас з космасу. Гэта такія ж, як усе мы, людзі са сваімі праблемамі. Аднак яны не паддаліся спасусам часу і сталі вышэй за іх.
Кананізацыя – гэта не акт надання камусьці святасці, а прызнанне святасці і свята веры ва Уваскрослага Хрыста. Уваскрослы Хрыстус аб’явіўся апосталу Пятру. Цудоўным знакам нашых часоў ёсць тое, што Бог захацеў аб’явіць Хрыста ў двух Пантыфіках – Яну XXII i Яну Паўлу II. Папа Францішак у сваёй гаміліі, зыходзячы з Евангелля ІІ вялікоднай нядзелі аб няверным Тамашу, сказаў, што раны Езуса з’яўляюцца спакусай для веры і адначасова яе правяраюць. Святыя Ян XXIII і Ян Павел II мелі адвагу глядзець на раны Езуса, з іх чэрпалі веру і яе ўмацоўвалі ў людзях, даючы сведчанне Касцёлу і свету аб дабрыні Бога.
7. Сёння, у дзень кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II, мы дзякуем Богу за такіх вялікіх Пантыфікаў, якія адыгралі ключавую ролю ў аднаўленні Касцёла згодна з патрабаваннямі часу, каб ён заўсёды быў маладым, ішоў у нагу з часам і пры гэтым заставаўся вартаўніком духоўных каштоўнасцяў.
Святыя Яне XXIII і Яне Паўле II, міласціва ўзгляньце на сабраных тут, у касцёле св. Ганны на Ватыкане, пілігрымаў, узгляньце на наш народ і нашу краіну – Беларусь – і выпрошвайце Божае благаслаўленне нам, каб мы ўсе ўзрасталі ў дасканаласці і імкнуліся да святасці, як мэты нашага жыцця, каб яно стала днём, які ўчыніў Пан, і каб мы радаваліся ў ім. Амэн.
|