Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святкавання 110-й гадавіны пачатку будаўніцтва касцёла Маці Божай Ружанцовай у Ракаве

V Велікодная нядзеля, Год “А”, 18 мая 2014 г.

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння ракаўскі касцёл перажывае вялікі дзень, і мы сваім позіркам вяртаемся ў далёкі 1904 г., калі 18 мая было распачата будаўніцтва новай святыні ў гонар Маці Божай Ружанцовай.

Мінулыя адзінаццаць дзесяцігоддзяў не былі лёгкімі для касцёла і парафіі. Пасля Другой сусветнай вайны падчас ганенняў на веру касцёл быў канфіскаваны і заменены на зернясховішча і калгасныя майстэрні. Гэта былі доўгія дзесяцігоддзі кальварыі ракаўскіх вернікаў, бо касцёл, які яны бачылі штодзённа і які павінен быць месцам спаткання чалавека з Богам, не служыў гэтай мэце. Дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, якая праявілася ў сацыяльна-палітычных пераменах, што насталі напрыканцы мінулага стагоддзя, у 1990 г. касцёл быў перададзены парафіі.

Дваццаць чатыры гады, якія мінулі з таго часу, былі гадамі як адбудовы касцёльнага будынку, так і жывога Касцёла, як Народу Божага, які складаецца з вернікаў. Карыстаючыся гэтай нагодай, хачу выказаць сваю ўдзячнасць усім святарам, якія тут працавалі. Асаблівую падзяку кірую сённяшняму пробашчу ксяндзу Дзмітрыю Барылу, які так многа зрабіў і далей робіць у справе рамонтаў касцёла, а таксама за яго актыўную і плённую пастырскую дзейнасць. Сардэчна дзякую парафіянам, ахвярадаўцам і спонсарам за актыўны ўдзел у рамонтах святыні. Гэта ваш касцёл, ён служыць вам і будзе служыць вашым нашчадкам. Калі б вашы продкі яго не выбудавалі, то мы яго сёння не мелі б. Таму неабходна клапаціцца аб ім, каб і ў будучыні людзі маглі карыстацца ім, як месцам спаткання чалавека з Богам і духоўнага ўдасканалення.

2. Першае і другое чытанні V Велікоднай нядзелі распавядаюць нам аб тым, як Касцёл ад самоаа свайго пачатку захоўваў жывой памяць аб Езусе, застаючыся дынамічнай хрысціянскай супольнасцю і сведчачы пра Хрыста сваім адзінствам, малітвай і пакорным служэннем.

Евангелле прадстаўляе Езуса як дарогу, праўду і жыццё. Хрыстус не кажа, што мы павінны ісці той ці іншай дарогай, але толькі нагадвае аб тым, што гэтай дарогай ёсць Ён сам, як адзіная дарога да Бога. Гэта азначае, што дарогай кожнага хрысціяніна павінна быць вучэнне Хрыста.

Далей Езус кажа, што Ён ёсць праўда. Як многа ў сучасным свеце вестуноў праўды, якая заўтра становіцца няпраўдай. У той жа час Божае слова, як адзіная і нязменная праўда, ніколі не змяняецца. У гэтым ёсць моц хрысціянства, бо яно мае моцны і нязменны падмурак – Божае слова. Толькі Езус можа вучыць праўдзе пра Бога.

Нарэшце, Езус кажа, што Ён ёсць жыццё. Усе мы хочам жыць і хочам жыць як мага даўжэй, хочам жыць вечна. Гэтага хацелі нават атэісты. Іх імёнамі называлі гарады і вуліцы, ім ставілі помнікі, аб іх пісалі, што яны заўсёды жывуць. Але на самой справе гэта не так. Змяняецца сацыяльна-палітычная сітуацыя і ўчарашнія героі становяцца антыгероямі, вуліцы і гарады з іх імёнамі пераімяноўваюць і г.д. А Імя Езуса трывае, і той, хто верыць у Яго, будзе жыць вечна, бо толькі Ён адзін дае нам Божае жыццё.

3. Словы Езуса аб тым, што Ён ёсць дарога, праўда і жыццё, з’яўляюцца надзеяй для сучаснага чалавека, які заблудзіўся ў сваім жыцці і жыве так, як быццам Бога няма. А да Езуса нас вядзе Касцёл. Калі б сцены гэтай святыні маглі гаварыць, то расказалі б многа цудоўных гісторый навяртання, знаходжання страчанай надзеі і адраджэння чалавечай годнасці!

Тое ж самае адбываецца і ў наш час, толькі неабходна шукаць Езуса. А Ён знаходзіцца тут, у святыні. У нашым жыцці шмат дарог, але сярод іх павінна быць дарога да касцёла, бо тут у Найсвяцейшым Сакрамэнце, іншых сакрамэнтах, Слове Божым і паслузе Касцёла нас чакае Езус, каб весці нас па зямным жыцці такім шляхам, які дапаможа будаваць шчаслівае жыццё на гэтай зямлі і прывядзе ў дом нябеснага Айца, дзе ёсць шмат памяшканняў, як кажа сённяшняе Евангелле.

Адна гісторыя распавядае аб тым, як святы Ян Залатавуст быў выкліканы да рымскага імператара Флавія Аркадзія, які пагражаў яму выгнаннем. На гэта святы  Ян адказаў, што яго нельга выгнаць, бо свет з’яўляецца домам яго Бога Айца. Тады я заб’ю цябе, – сказаў імператар. А святы Ян адказаў, што гэта немагчыма, бо яго жыццё заходзіцца ў Хрысце. Злы імператар усклікнуў, што канфіскуе яго маёмасць. Ян на гэту пагрозу адказаў, што гэта таксама немагчыма, бо яго багацце ў нябёсах. Тады імператар пагразіў, што аддзеліць яго ад сяброў і ён застанецца адзін. І гэта немагчыма, бо я маю сябра ў небе, Езуса, які мяне ніколі не пакіне, - сказаў Ян.

У сённяшнім Евангеллі Езус, які ёсць дарога, праўда і жыццё, кажа, што ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Яго, дае нам такую ж самую гарантыю. Ён кажа, што ў доме Яго Айца ёсць шмат памяшканняў і Ён ідзе туды, каб нам падрыхтаваць месца.

Гэтыя словы Езуса з’яўляюцца зброяй супраць бязвер’я, бо яны нагадваюць пра тое, што адзіны шлях да сапраўднага шчасця – гэта Езус.

За стагоддзі перад Езусам індыйскія мудрацы маліліся да свайго бога, каб з фальшу вёў іх да праўды, з цемры да святла, са смяротнасці да вечнага жыцця. Езус даў адказ на гэтую мару словамі: “Я – дарога, і праўда, і жыццё”.

4. Якую выснову мы павінны зрабіць з сённяшняга евангельскага паслання?

Каб ісці дарогай, якую паказвае Езус, жыць Ягонай праўдай і жыццём, якое прывядзе да вечнага жыцця, неабходна ведаць Яго вучэнне, каб Ён мог прысутнічаць у нашым жыцці. І гэта зразумела. Каб атрымаць вадзіцельскія правы і вадзіць машыну, неабходна ведаць правілы дарожнага руху. Таксама і ў духоўным жыцці, каб не заблудзіцца ў лабірынце амаральных праблем, якімі запоўнены сучасны свет, неабходна ведаць Божую праўду і яе прытрымлівацца ў сваім жыцці. Гэтую праўду мы пазнаём, вывучаючы Святое Пісанне і вучэнне Касцёла. Езус будзе прысутнічаць у нашым жыцці, калі мы будзем рэгулярна прымаць удзел у святочнай Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах, маліцца, чыніць учынкі міласэрнасці і г.д.

Гэта нялёгкая справа, асабліва ў наш час адыходу ад Бога і размывання духоўных каштоўнасцяў. Аднак Касцёл не пакідае нас адных. Езус, які жыве ў сваім Касцёле, спяшаецца да нас з дапамогай, найперш у сакрамэнтах.

5. Сёння ў ракаўскім касцёле у межах святкавання стодзесяцігоддзя распачацця яго будаўніцтва цэлебруецца таксама і сакрамэнт хрысціянскай сталасці – канфірмацыя. Галоўнай мэтай гэтага сакрамэнту ёсць умацаванне нашай веры і хрысціянскага сведчання. Дух Святы перамяніў апосталаў і з баязлівых учыніў герольдамі веры, і сёння Ён перамяняе нас.

Як бы гэта ні выглядала парадаксальна, але ў часы свабоды веравызнання веру таксама неабходна бараніць. Хрысціянства ў наш час ізноў становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй, найперш з-за таго, што ў многіх краінах свету прымаюцца законы, якія супярэчаць Божаму закону. Часам даходзяць да парадоксу, калі хрысціянін павінен бараніць тое, што яму належыць паводле права, і ў той жа час прымаюцца законы, дыскрымінуючыя правы хрысціян.

У сакрамэнце канфірмацыі мы атрымліваем сем дароў Святога Духа, каб быць моцнымі сваёй верай, адрозніваць дабро ад зла, жыць паводле Божага закону і гэтым самым правадніком свайго жыцця мець Езуса, які ёсць наша дарога, праўда і жыццё.

6. Дарагія браты і сёстры!

Велічная святыня над ракой Іслач, нягледзячы на свой трагічны лёс, ізноў дапамагае чалавеку ў пошуку духоўнага багацця і радуе вока прыгажосцю сваёй архітэктуры. Неабходна толькі адкрыцца на дзеянне Святога Духа, які ўжо дзве тысячы гадоў вядзе Касцёл і дапамагае перамагаць цяжкасці. І цяпер ён вядзе яго па ўзбураных хвалях секулярнага акіяну XXI стагоддзя.

У новы шлях, касцёл Божай Маці Ружанцовай! У новую, Хрыстом пазначаную будучыню!

Няхай бачныя далёка з аўтастрады дзве высокія вежы ракаўскага касцёла і далей заклікаюць чалавека адарваць свой позірк ад зямлі, ад зямных спраў, каб скіраваць яго да духоўных і вечных, каб Хрыстус сапраўды быў яму дарогай, праўдай і жыццём. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі