Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча на заканчэнне ХХІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

18 мая 2014 г., парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне

Паважаныя браты ў святарстве,
Шаноўныя семінарысты, манаскія сёстры,
Дарагая моладзь,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Часта кажуць, што сёння мы жывём у эпоху інфармацыйнага хаосу. Кожны дзень нас проста “залівае” лавіна надакучлівай рэкламы, добрых парад, надзейных спосабаў жыцця. З розных бакоў мы атрымліваем прапановы набыцця тавараў ці выкарыстання паслуг, ад якіх “нельга адмовіцца”. Яны гарантуюць нам шчасце, гарантуюць зрабіць нашае жыццё лёгкім, прыемным і бесклапотным. Яны спрабуюць пераканаць нас, што чалавек – каваль свайго лёсу, што ўсё ў жыцці залежыць толькі ад нас, а будучыня адкрывае перад кожным неабмежаваныя магчымасці і самыя цудоўныя перспектывы.

У той жа час наш вопыт не пацвярджае такіх аптымістычных уяўленняў. Часта мы адчуваем сябе разгубленымі, бездапаможнымі перад жыццёвымі драмамі і складаным досведам. Мы жывём у страху аб будучыні свету. Мы з’яўляемся сведкамі ўзрастаючых канфліктаў паміж дзяржавамі і народамі. Цяжка не заўважыць паступовай дэградацыі прыроднага асяроддзя, вынікам якой становяцца ўсё больш частыя катастрофы ў прыродзе і стыхійныя бедствы. Мы бачым, як шмат людзей, у тым ліку і маладых, пагружаецца ў безнадзейнасць, губляе веру, трапляе ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, а часам нават ступае на шлях злачынстваў. Перад гэтымі і падобнымі праблемамі ў сэрцы чалавека нараджаецца неспакой і страх.

Але ў сённяшнім Евангеллі мы чуем словы Езуса: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Іх Езус скіроўвае сваім вучням падчас Апошняй Вячэры – амаль за некалькі гадзін да драмы Кальварыі.

Можна сказаць, што Езус заклікае сваіх вучняў вызваліцца ад трывогі, нягледзячы на сітуацыю, якая ахоплівала страхам. З чалавечага пункту гледжання, сітуацыя была абсалютна безнадзейнай і бязвыхаднай, але Езус кажа: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Гэтыя словы Езуса – не банальнае і бессэнсоўнае “не перажывай”, якое можа быць абсалютна пустым і нават бязлітасным да жыццёвай драмы чалавека. Пан Езус прамаўляе перад абліччам сваёй мукі і смерці на крыжы. Яго словы напоўнены сур’ёзнасцю і годнасцю. Як тады вучням, сабраным на Апошнюю Вячэру, так і нам сёння яны ўказваюць напрамак, у якім трэба шукаць надзею, нягледзячы на безнадзейнасць сітуацыі.

Адной з крыніц людскіх страхаў з’яўляецца пачуццё згубленасці ў свеце. Перад абліччам праблем і клопатаў, якія нам спадарожнічаюць, перад тым мноствам прапаноў лёгкіх рашэнняў і неадкладных поспехаў чалавек неаднойчы можа згубіцца, збіцца са сваёй жыццёвай сцежкі і пайсці па дарозе зла і граху.

Пан Езус гаворыць нам сёння: “Я – дарога і праўда, і жыццё”. Езус не спакушае нас лёгкасцю, не прапануе лёгкіх рашэнняў, не дае простага рэцэпта для шчасця. Ён для кожнага з нас прагне быць дарогай, якая вядзе ў дом Айца, дзе шмат святліц.

Дарога, якую ўказвае нам Езус, вузкая і цярністая. Каб ісці гэтай дарогай, патрэбна самаахвярнасць, стойкасць, адважнасць і духоўная моц. Ідучы гэтай дарогай, трэба штодзённа несці свой крыж. На гэтай дарозе могуць здарацца падзенні, з якіх трэба падымацца. На ёй мы сустрэнем тых, хто будзе з нас насміхацца, сустрэнем шмат абыякавых, але будуць і тыя, хто нам дапаможа, падтрымае, супакоіць.

Дарога, на якую нас кліча Хрыстус, вядзе праз Кальварыю, але не заканчваецца там. Гэта не дарога ў нікуды. Гэта дарога ў дом Айца. Калі мы ўсвядомім гэта, нам будзе лягчэй паверыць, што тое, што сустракаецца на нашым шляху, у тым ліку нашы нягоды, боль і пакуты – усё мае свой сэнс, з’яўляецца дарам Божага Провіду, які вядзе нас так, каб мы дасягнулі мэты – вечнага жыцця ў доме любячага Айца.

Езус гаворыць пра сябе, што Ён – праўда. Ён не толькі гаворыць праўду, не толькі навучае нас праўдзе, але і сам з’яўляецца праўдай.

У асобе Езуса Хрыста, Сына Божага, Бог аб’явіў нам сябе, аб’явіў нам сваю любоў. “Хто бачыў Мяне, бачыў Айца”, – кажа Пан. Толькі ў святле гэтай любові чалавек можа зразумець сябе і свайго бліжняга.

Святы Ян Павел II падчас першай пілігрымкі на бацькаўшчыну на плошчы Збаўцы ў Варшаве прамовіў вядомыя словы: “Чалавека нельга да канца зразумець без Хрыста. А хутчэй: чалавек не можа сам сябе да канца зразумець без Хрыста. Ён не можа зразумець ані таго, хто ён, ані таго, якая яго сапраўдная годнасць, ані таго, у чым яго пакліканне і канчатковае прызначэнне. Ён не можа зразумець усяго гэтага без Хрыста”.

Чым больш мы зможам адкрыць у Хрысце Божую любоў, тым больш мы ёй даверымся, тым лягчэй нам будзе разбурыць сцяну нявер’я, якая аддзяляе людзей адзін ад аднаго. Гэтую сцяну мы пабудавалі самі: праз неаднойчы адкінутую прыязнасць, праз растаптаную любоў, адплату здрадай на вернасць, дабрыню, якая не знаходзіць удзячнасці, злоўжыванне даверам. І хоць адносіны з людзьмі часта балючыя, мы можам і павінны па-іншаму, не звяртаючы ўвагі на падзелы і прадузятасць, успрымаць брата – бо ўсе мы маем аднаго Айца, якога аб’явіў нам Езус.

Хрыстус – гэта наша жыццё. Ён прагне, каб кожны чалавек быў шчаслівы, гэта значыць – жыў паўнатой жыцця. Гэтага сапраўднага шчасця, гэтай паўнаты жыцця ніхто і нішто не зможа забяспечыць чалавеку.

У сёлетнім пасланні на Сусветны дзень моладзі Святы Айцец Францішак звяртаецца да кожнага з нас: “Скажыце мне: ці сапраўды вы прагнеце шчасця? У эпоху, калі нас прывабліваюць шматлікія ілюзіі шчасця, нам пагражае тое, што мы задаволімся абы-чым, што нашае бачанне жыцця будзе мала амбіцыйным. Дык імкніцеся да вялікага! Пашырце вашыя сэрцы! [...] Моладзь, якая выбірае Хрыста, – моцная; яна насычаецца Яго Словам, а не “ап’яняецца” іншымі рэчамі. Майце адвагу ісці супраць плыні. Майце адвагу на сапраўднае шчасце. Скажыце “не” культуры марнасці, павярхоўнасці і адыходаў, якая не зробіць вас здольнымі прыняць адказнасць і адказаць на вялікія жыццёвыя выклікі!”

Дарагія маладыя сябры! Падыходзяць да заканчэння сёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Мы перажывалі іх пад дэвізам: “Убогія духам маюць доступ да неба”.

Сапраўдная ўбогасць у духу заключаецца ў абсалютнай аддачы сябе Хрысту, у веры, любові і даверы. Пан Езус прагне, каб кожны Яго вызнаўца паставіў Яго на першае месца ў сваім жыцці, каб адкрыўся на Яго Слова і на дар ажыўляючай ласкі. Убогі ў духу вучань Хрыста клапоціцца не аб тым, каб “больш мець”, а аб тым, каб “больш быць”. Ён шукае ў першую чаргу Божага Валадарства і верыць, што ўсё іншае будзе яму дададзена. Такой дарозе евангельскай убогасці мы павінны вучыцца на працягу ўсяго жыцця.

Нашымі правадырамі і прыкладамі для пераймання з’яўляюцца святыя, якія па-рознаму рэалізавалі ідэал убогасці ў духу. Падчас Дзён моладзі мы бліжэй пазнаёміліся з некаторымі з іх – з тымі, хто быў звязаны з нашымі землямі. Няхай іх заступніцтва выпрошвае для кожнага з вас ласку ўбогасці ў духу, жадання сапраўднага шчасця і адшукання яго ў Езусе Хрысце – нашай дарозе, праўдзе і жыцці.

Амэн.

Адноўлена 18.05.2014 13:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі