18 мая 2014 г., мінскі архікатэдральны касцёл
У гэты вечар нас збірае тут прагненне дзякаваць Богу за радасць ушаноўваць як святых двух нашых айцоў і братоў: Папу Яна XXIII і Папу Яна Паўла II. Ад імя Папы Францішка прагну прывітаць усіх прысутных, а асабліва беларускіх пілігрымаў, якія адправіліся ў Рым, каб удзельнічаць ва ўрачыстай кананізацыі.
У першую чаргу ўсхваляем сёння любоў Бога да нас. Ён паказвае, што святасць - гэта не прэрагатыва мінулых часоў, што яна магчымая таксама сёння, і магчымая таксама для тых, хто, як гэтыя два Рымскія Пантыфікі, нясе на плячах велізарны цяжар улады, з усімі цяжкасцямі і небяспекамі, звязанымі з выкананнем улады.
Дзве розныя постаці, якімі захапляўся не толькі Касцёл, але і ўвесь свет.
Ян XXIII быў чалавекам, якога характарызавала радасць жыцця і веры ў Хрыста. Ягоная вера ў Бога вяла яго па-за межы застарэлых перашкодаў, ва ўпэўненасці, што нават калі разважлівасць і з’яўляецца важнай цнотай, то адвага рызыкаваць, нават тады, калі гэта небяспечна, ўласціва хрысціянам. Хрысціянін не жыве толькі людскім разлікам, ён жыве ўглядаючыся ў небасхіл вечнасці, і таму яму няма чаго баяцца магчымых жыццёвых правалаў. Ён шырока расчыніў дзверы свайго сэрца і зрабіў у ім месца для ўсіх: далёкіх і блізкіх і рабіў гэта заўсёды ў імя надзеі. Успомнім ягоныя словы: “Недаверлівыя душы не бачаць нічога іншага, акрамя цемры, якая прыгнятае аблічча зямлі. Нам жа, наадварот, падабаецца нанова пацвердзіць усю нашу надзею ў Збаўцы нашым, што не пакінуў свет, Ім збаўлены... Здаюцца заўважальнымі, паміж густой цемрай, нярэдкія пацвярджэнні, якія дапамагаюць спадзявацца на лёс Касцёла і чалавецтва”. З гэтым воклікам аптымізму ў веры пераклікаюцца вялікія словы, сказаныя Папам Янам Паўлам ІІ на пачатку свайго Пантыфікату: “Не бойцеся! Адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту! Яго збаўчай моцы! Адчыніце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізвцыі, прагрэсу. Не бойцеся! Хрыстус ведае, “што ўнутры чалавека”. Толькі Ён ведае гэта”.
Вера ў Хрыста, Збаўцу свету, прывяла да адкрыцця дзвярэй Касцёла і свету і да вялікіх культурных, палітычных і сацыяльных змен, якія адбыліся таксама дзякуючы адвазе гэтых Пантыфікаў. Усё нараджаецца ў іх з веры, што Бог не пакідае свае народы, так, як не пакідае кожнага асобнага чалавека, створанага па Божаму вобразу і падабенству, збаўленаму Крывёй Хрыста, асвячанаму ў целе Бога, які стаўся чалавекам.
Дазвольце мне затрымацца на некаторых аспектах паслання гэтых Пантыфікаў, асаблівым чынам актуальных сёння на гэтай нашай зямлі.
Святы Ян Павел ІІ заўсёды глыбока адчуваў сябе славянінам і ганарыўся гэтай ідэнтычнасцю. Ён прысвяціў энцыкліку святым Кірылу і Мятоду, паказваючы што яны стаяць ля вытокаў евангелізацыі і таксама культуры славянскіх народаў. У малітве, якой заканчваецца энцыкліка, Папа сцвярджае: ”Увесь Касцёл дзякуе Табе, які паклікаў славянскія народы да навяртання ў веры, за гэты шчодры ўклад, які ўнеслі яны ў агульны здабытак. Асаблівым чынам дзякуе Табе за гэта Папа славянскага паходжання. Няхай ніколі не перастане гэты здабытак узбагачаць Касцёл, еўрапейскі кантынент і ўвесь свет!... Мы хацелі б прыняць цалкам усё тое своеасаблівае і цэннае, што славянскія народы ўносілі і ўносяць у духоўную спадчыну Касцёла і чалавецтва”. (Энцыкліка “Salvorum Apostoli”). Гэты вокліч энтузіязму ў гонар славянскай культуры гучыць сёння таксама тут, у каталіцкай катэдры ў Мінску, пасярод аднаго з гэтых славянскіх народаў. Няхай заклік Святога Пантыфіка абудзіць сэрцы ўсіх славянскіх народаў, без правакацый і процістаяння, як незаменны ўклад у развіццё Еўропы і свету. Не адзін супраць аднаго, як гэта з болем назіраем сёння ва Украіне, але ўсе разам, ад Славеніі да Расіі, ва ўсёй разнастайнасці і адзінстве культурнай прыналежнасці. Усе разам, таму што без вас няма Еўропы, без вас ідэнтычнасць свету будзе больш слабой, нетрывалай і няпоўнай.
Выходзячы з болю і трывогі, які стварае актуальная сітуацыя ва Украіне, за якую не перастаём узносіць да Бога нашы малітвы, хацеў бы ўзгадаць вялікі супольны высілак гэтых святых дзеля міру.
1962 год – самы разгар халоднай вайны, супрацьстаянне двух блокаў: так званага заходняга блока, які ўзначалілі Злучаныя Штаты Амерыкі, і савецкага. Савецкія ракеты, размешчаныя на Кубе, выклікалі рэакцыю Злучаных Штатаў, якія распрацавалі так званую “ваенна-марскую блакаду”, каб перашкодзіць пастаўку новых ракет. У гэты момант жорсткага супрацьстаяння двух блокаў Папа Ян XXIII адважыўся даслаць ліст Мікіту Хрушчову, які адразу быў апублікаваны ў газэце “Праўда”, просячы ўвагі да міру ў свеце. Пазней, 26 кастрычніка 1962 г., Папа скіраваў заклік да ўсіх народаў зямлі праз пасрэдніцтва Ватыканскага радыё. Паслухаем некаторыя словы: ”Грозныя хмары зацягнулі нанова міжнародны небасхіл і сеюць страх сярод мільёнаў сем’яў... Прагненнем Касцёла ... ёсць мір і братэрства паміж людзьмі, і ён працуе дзеля ажыццяўлення гэтай мэты. У сувязі з гэтым прыпамінаем сур’ёзныя абавязкі тых, хто мае адказнасць улады. І дадаём: ”Каб з рукой на сумленні пачулі трывожны крык, які з усіх куткоў зямлі ад бязвінных дзяцей аж да старых, ад асобных людзей да супольнасцяў, які ўзнімаецца да неба: ”Супакой! Супакой!” Мы аднаўляем сёння гэтыя ўрачыстыя просьбы. Мы просім усе ўрады не заставацца глухімі на гэты крык чалавецтва. Няхай зробяць ўсё, што ў іх моцы, каб зберагчы мір. Такім чынам захаваюць свет ад жахаў вайны, жахлівыя вынікі якой нельга прадугледзець. Няхай працягваюць перамовы, таму што такое захаванне лаяльнае і адкрытае ёсць вялікім сведчаннем перад сумленнем кожнага і перад гісторыяй. Спрыяць, падтрымліваць, прымаць дыялог на ўсіх узроўнях і ў любы час - гэта закон мудрасці і разважлівасці, які заклікае бласлаўленне зямлі і неба”. Такім чынам савецкія караблі, якія накіроўваліся ў Кубу, памянялі курс і вярнуліся дадому. Ракеты на Кубе былі дэмантаваныя ў абмен на дэмантаж амерыканскіх ракет у Турцыі. Акрамя гэтага, Кеннэдзі гарантаваў, што Куба не будзе захоплена. Вось бяззбройная моц міру, крык любові, народжанай верай, а не зброі, сіла і моц малітвы. Трэба прыпомніць таксама і сёння, што словы гэтага паслання застаюцца актуальнымі, калі нанова людзі выбіраюць дарогу насілля і процістаяння паміж братамі.
Святы Ян Павел ІІ добра ведаў жорсткасць атэістычнага пераследу і лічыў глыбокай несправядлівасцю парушэнне свабоды, якое могуць навязаць палітычныя сістэмы. Я добра памятаю, калі працаваў разам з ім, як моцна ён верыў у свабоду. Ведаў прыгнёт камунізму, але не дзейнічаў ніколі супраць ніводнага чалавека, нават прадстаўнікоў гэтай ідэалогіі. Ці ж не Ян XXIII увёў прынцып, што трэба асуджаць памылку, а не таго, хто яе робіць? Калі спаткаўся з так званым капіталістычным светам, яго насцярожанасць і заўвагі да тых, хто лічыў сябе чэмпіёнам свабоды, не былі менш станоўчымі, заўсёды ў імя хрысціянскай веры, чым заўвагі да так званага “рэальнага сацыялізму”. Ён выкрываў ненасытнасць грошай, эксплуатацыю найбольш слабых з мэтай узбагаціць нешматлікіх, фальшывую свабоду, уведзеную, каб маніпуляваць сумленнямі, рабства кансумізму. І пра гэта былі напісаныя незабыўныя старонкі.
Ян Павел ІІ, таксама, як і Ян XXIII, быў перадусім пратаганістам намаганняў дзеля міру ў моманце гісторыі, у які жыў, Папа-славянін, пратаганіст змагання за цывілізацыю. Ён быў настойлівым праціўнікам любога сілавога рашэння дзеля стварэння большай дэмакратыі ў Іраку. Гэта былі дні, калі Захад рыхтаваўся да мілітарнай атакі супраць гэтай краіны Бліскага Усходу. Хрысціянскіх жанчын у арабскіх краінах праганялі ад студняў, куды яны хадзілі па ваду, бо абвінавачвалі іх у прыналежнасці да рэлігіі, прадстаўнікі якой хацелі напасці на Ірак, нягледзячы на тое, што гэтыя жанчыны былі грамадзянамі той жа краіны. Нават калі найвышэйшы маральны аўтарытэт каталіцызму, які лічыцца рэлігіяй Захаду, скіраваў жорсткія словы крытыкі супраць вайны. “Вайна вайне”, казаў Папа, называючы вайну святатацтвам і злачынствам супраць чалавецтва. 16 сакавіка 2003 ён такімі словамі звярнуўся да сусветнай супольнасці: “Бліжэйшыя дні будуць рашаючымі ў іракскім крызісе. Таму просім Пана, каб натхніў усе бакі гэтай справы адвагай і дальнабачнасцю. Безумоўна, адказныя палітыкі ў Багдадзе маюць пільны абавязак супрацоўнічаць ва ўсім з міжнароднай супольнасцю, каб ліквідаваць любы матыў вайсковага ўмяшання. Да іх скіраваны мой заклік: лёсы іх суайчыннікаў маюць заўсёды прыярытэт! Але хацеў бы таксама нагадаць краінам-удзельнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (...), што ўжыванне сілы з’яўляецца апошнім сродкам, пасля таго, як былі вычарпаны ўсе мірныя рашэнні, паводле добра вядомых прынцыпаў Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека. Таму, перад абліччам жахлівых вынікаў, якія мела б інтэрнацыянальная вайсковая аперацыя для народаў Ірака і для аслабленай раўнавагі ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу, тым больш перад экстрэмізмамі, якія маглі б з яе вынікаць, – кажу ўсім: яшчэ ёсць час весці перамовы, яшчэ ёсць месца для міру, ніколі не позна, каб зразумець адзін аднаго і працягваць размовы. Задумацца над уласнымі абавязкамі, удзельнічаць у плённых перамовах не азначае прынізіцца, але адказна працаваць дзеля міру”.
Папа не быў пачуты, і вынікі ўсе мы бачым. Урэшце рэшт ён паслаў двух кардыналаў: аднаго - каб перадаць асабісты ліст прэзідэнту Саддаму Хусэйну, другога - падобнае пасланне прэзідэнту Бушу.
Сёння, перад абліччам актуальных канфліктаў, ніводзін Рымскі Пантыфік не можа не браць пад увагу прыклад гэтых Пантыфікаў, якія спрычыніліся да высокай маральнай пазіцыі Святога Пасаду, таксама ў вачах няверуючых. Гэта не выпадкова, што Папа Францішак асабіста напісаў палітычным лідарам, калі здавалася блізкім знешняе вайсковае ўмяшанне ў Сірыі, і не было б дзіўным, калі б зрабіў тое самае адносна палітычных лідараў, звязаных з сучасным украінскім крызісам.
Браты і сёстры, моц веры, упэўненасць у справядлівасці Бога, якая не даруе палітычныя калькуляцыі, любоў, якая не дапускае спазірання на брата як на ворага, - гэта толькі адзін з прыкладаў таго, што натхняла гэтых вялікіх Пантыфікаў. Евангелле кажа, што той, хто мае нават маленькую веру, можа пераносіць дрэвы, таму мы верым, што вера можа змяніць свет, і мы не стомімся працаваць у гэтым напрамку па прыкладу новых святых Пантыфікаў. Ніхто не адніме ў нас гэтую веру. Тыя, хто спрабаваў зрабіць гэта на працягу вякоў, зніклі. Але вера засталася. Наша задача - не прадаць нашу веру ніякай палітычнай сіле, таму што Бог судзіць таксама палітычныя сілы, па-людзку мацнейшыя, і тых, хто ім служыць.
Святы Ян XXIII, святы Ян Павел II, дапамажыце адчыняць дзверы надзеі, дайце мужнасць адмовіцца ад любой формы замоўчвання, дайце мужнасць плаціць асабіста за тое, калі спатрэбіцца, каб кіравалі ў свеце справядлівасць, супакой, свабода. Амэн.
|