Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас асвячэння капліцы і вуглавога каменя новабудовы касцёла Спаслання Святога Духа ў Барысаве

VI Велікодная нядзеля, 25 мая 2014 г.

Прыйдзі, Дух Святы, і перамяні нас

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. З вялікай радасцю прыняў запрашэнне пробашча парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве асвяціць капліцу і вуглавы камень касцёла, будова якога распачынаецца. Гэта бачныя знакі таго, што Касцёл адраджецца і становіцца на ногі.

Паволі набліжаецца да завяршэння велікодны перыяд, калі мы разважаем над таямніцай нашага збаўлення. У наступны чацвер урачыстасць Унебаўшэсця Хрыста. Бог Айцец паслаў свайго Сына ў наш свет з місіяй яго збаўлення. І натуральна, што пасля завяршэння гэтай місіі Ён вяртаецца ў дом свайго Айца. Аднак Хрыстус не пакінуў нас адных. Ён заснаваў Касцёл і паслаў Духа Святога, каб ім кіраваў.

2. Чытанні сённяшняй нядзелі ўводзяць у праўду Спаслання Святога Духа. Езус абяцае паслаць свайго Духа, каб ён вёў Касцёл. І Святы Дух яго вядзе ўжо 2000 гадоў, вядзе, нягледзячы на розныя цяжкасці з якімі ён спатыкаецца. Сённяшняя падзея ў парафіі Спаслання Святога Духа з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што Дух не пакідае Касцёл без сваёй апекі і дапамогі. Святы Дух таксама вядзе па жыцці кожнага хрысціяніна, калі ён адкрыты на Яго дзеянне.

3. Адна гісторыя распавядае аб тым, як два рабаўнікі позна вечарам увайшлі ў дом, дзе жылі старыя людзі, якія ў той момант глядзелі па тэлебачанні рэлігійную праграму. Злодзеі звязалі іх і пачалі грабіць памяшканне. У гэты час на экране тэлевізара з’явіўся вядомы і вельмі папулярны прапаведнік. Яны селі на канапу і, задаволеныя, пачалі глядзець праграму, бо вельмі любілі слухаць, як ён прамаўляў. Аднак, калі святар завяршыў праграму, яны забралі каштоўнасці і зніклі.

Тыя рабаўнікі былі хрысціянамі, але толькі намінальнымі, з хросту, але без умацаванай Святым Духам веры. Не дазваляючы Святому Духу дзейнічаць у іх сэрцах, яны не змяняліся на лепшых. Таму ўрок, які мы атрымліваем з сённяшніх чытанняў, – гэта прыняць Святога Духа і супрацоўнічаць з Ім, бо можна быць хрысціянінам, але заставацца пад дзеяннем злога духа. Добрым прыкладам можа быць апостал Юда. Ён быў выбраны Хрыстом, доўгі час прабываў з Ім, чуў Яго вучэнне, бачыў цуды. Ён меў веру ў Езуса, аднак яму не хапала Яго Духа і ён здрадзіў свайму Настаўніку.

4. Дух Святы патрэбны для жыцця Касцёла. Святы апостал Павел кажа, што тыя, хто не мае Духа Хрыста, не належаць да Яго. Веруючыя ў нядзелю ідуць у касцёл, а тыя, хто мае Яго Духа і ў панядзелак, дзейнічаюць як Ён. Перад спасланнем Святога Духа апосталы мелі веру. Але яна была пасіўнай, і толькі перамененыя Святым Духам яны пачалі сведчыць аб Хрысце. Таму вера павінна быць ажыўлена Духам Хрыстовым, каб быць падобнымі да Яго.

Адны бацькі кажуць, што іх дзеці паслухмяныя, іншыя - што не. У чым розніца? У любові. Большая любоў да закону вядзе да большай паслухмянасці, меншая – да меншай. Таму, калі дзеці не паважаюць бацькоў, найперш трэба спытацца, ці яны іх любяць, бо паміж любоўю і паслухмянасцю ёсць цесная сувязь.

Падобнае і ў духоўным жыцці, аб чым вельмі добра нагадвае Езус. Ён кажа, што калі чалавек Яго любіць, то будзе захоўваць Яго запаведзі.

5. Тут неабходна звярнуць увагу на тое, што Езус не звязвае любові да Яго з нашай пабожнасцю, хаджэннем у касцёл ці веданнем Сімвалу веры, але з паслухмянасцю Яго закону. Бо калі мы жывём паводле Яго закону, то з’яўляемся пабожнымі, ходзім у касцёл і ведаем Сімвал веры.

Праз паслухмянасць свайму Нябеснаму Айцу Езус пацвердзіў сваю любоў да Яго. Тое ж самае і мы павінны чыніць. Калі мы жывём паводле Евангелля, то гэта не азначае, што жывём так з-за боязі не трапіць у пекла, але для таго, каб такім чынам выказаць нашу любоў да Бога і адпаведна да Яго закону.

Калі Хрыстафор Калумб плыў у новы свет, то ў пэўны час яго наёмныя маракі пагражалі мяцяжом. Падарожжа было доўгім і цяжкім, на працягу многіх тыдняў яны не бачылі зямлі, страцілі надзею і нават думалі, што могуць не вярнуцца дамоў. Але вось аднойчы Калумб убачыў абнадзейваючы знак, якім была галінка дрэва са свежымі зялёнымі лісцямі, што знаходзілася на вадзе. Гэта быў знак таго, што дзесьці блізка зямля. Гэтая зялёная галінка дрэва вярнула надзею маракам. І сапраўды, вельмі хутка дзяжурны на мачце марак убачыў зямлю. Гэта была Амерыка.
 
Гэтая гісторыя вучыць нас, што нават тады, калі здаецца, што ўсё безнадзейна, Бог знаходзіць спосаб здзівіць нас і быць з намі нават у найбольш аддаленых месцах. Бог ніколі не пакідае нас адных. Наадварот, гэта мы перастаём верыць у Яго, які нас любіць больш, чым мы самі сябе. І ў гэтым крыецца самая вялікая праблема.

6. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве быў зачынены на працягу 60 гадоў. Аднак вернікі трывалі на малітве. Іх вера, нягледзячы на адсутнасць святара і касцёла, была напоўнена Святым Духам. Менавіта таму яны мужна пераносілі ўсе цяжкасці, бо верылі ў тое, што Бог іх не пакіне, верылі, што на хвалях акіяну атэізму з’явіцца зялёная галінка дзеяння Святога Духа, як знак новых часоў. І яны не памыліліся.

Сёння ў Барысаве існуе не толькі парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, але і парафія Спаслання Святога Духа. Знак таго, што, нягледзячы на многія цяжкасці, яна развіваецца, - асвячэнне капліцы і вуглавога каменя.

Капліца і касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам, месца, дзе асаблівым чынам дзейнічае Святы Дух, месца, дзе Ён напаўняе хрысціяніна, каб не быў пасіўным, але актыўным, каб сваім сапраўды хрысціянскім жыццём нёс хрысціянскія каштоўнасці ў сучасны секулярызаваны свет.

Ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа мы ўпрыгожваем нашы касцёлы бярозкамі. Іх зялёныя лісткі з’яўляюцца знакам новага жыцця, якое дае Святы Дух.

Няхай жа сённяшняя падзея асвячэння капліцы і вуглавога каменя касцёла, які будуецца, стануць прадвеснікамі новага Спаслання Святога Духа, каб мы былі сапраўднымі, жывымі хрысціянамі і сваім хрысціянскім сведчаннем неслі святло Евангелля ў сучасны свет з мэтай яго перамены на лепшае. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі