Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы з асвячэннем алтара ў касцёле Св. Андрэя, апостала, у Крывічах

7 чэрвеня 2014 г.

Алтар – збаўчае месца дзеяння Святога Духа

Дарагія браты і сёстры, крывічане і госці!

1. Сёння, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у парафіі Св. Андрэя, апостала, у Крывічах нязвыклая падзея – асвячэнне адноўленага алтара, амбоны і абраза ў гонар св. Сымана дэ Рояс, на якім прадстаўлена Божая Маці, якая ўручае цынгуль чысціні гэтаму святому. Касцёл у Крывічах належаў айцам трынітарыям, і св. Сыман дэ Рояс якраз з’яўляецца святым з гэтага закону.

2. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус казаў апосталам, што ім лепей будзе, калі Ён адыдзе, бо толькі тады Ён зможа паслаць Святога Духа з мэтай кіраваць Касцёлам і яго ажыўляць. Дзякуючы дзеянню Святога Духа Езус прысутны па ўсёй зямлі, а мы духоўна аднаўляемся. Святы Дух улівае ў нашы душы новую энергію, каб нас змяніць, і праз нас – аблічча зямлі. Бо сапраўднае аблічча зямлі – гэта не толькі і не столькі новыя гарады, развітая навука, прамысловасць і інфраструктура, але чалавек, які ўвасабляе сабой сапраўднае яе аблічча.

3. Дзякуючы дзеянню Святога Духа Касцёл цэлебруе сакрамэнты як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі. Сярод гэтых знакаў цэнтральнае месца належыць Эўхарыстыі, якая з’яўляецца ўспамінам і некрывавым ажыццяўленнем крыжовай ахвяры Хрыста, а таксама хлебам вечнага жыцця. Цэлебрацыя ж Эўхарыстыі адбываецца на алтары. Таму алтар адыгрывае дынамічную ролю ў жыцці каталіцкай супольнасці.

Ужо ў Старым Запавеце алтар быў месцам складання ахвяры Богу і таму лічыўся сімвалам Яго прысутнасці. У Новым Запавеце Езус прыгадаў асвячаючае ахвяру значэнне алтара, бо не ахвяра асвячае алтар, але алтар – ахвяру. Таму, калі мы набліжаемся да алтара, каб скласці на ім ахвяру, то набліжаемся да самога Бога.

Такім чынам, алтар з’яўляецца цэнтрам святыні, вакол якога збіраецца народ Божы падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Ён таксама з’яўляецца сімвалам Хрыста, прысутнага сярод вернікаў як ахвяра за нашы грахі і як хлеб вечнага жыцця.

Каменная пліта алтара асацыюецца з Хрыстом, як вуглавым камянём, і таксама са скалой, з якой Майсей здабыў ваду ў пустыні. Вядома, што вада з’яўляецца знакам жыцця, а Эўхарыстыя ёсць хлебам вечнага жыцця.

У старажытнасці алтар выконваўся ў форме гроба, што азначае смерць Хрыста. Белы абрус на алтары сімвалізуе палатно, у якое было загорнута цела Хрыста пасля смерці. Часамі на каменнай пліце выбіваюць пяць крыжоў, якія сімвалізуюць пяць ран Хрыста. Запаленые на алтары свечкі з’яўляюцца сімвалам Уваскрослага Езуса. Таму алтар – гэта таксама сімвал смерці і ўваскрасення Хрыста.

Абрад асвячэння алтара з’яўляецца адным з найбольш значных у літургіі Касцёла, бо гэта месца, на якім цэлебруецца Эўхарыстыя і дзе мы асаблівым чынам адчуваем прысутнасць Бога і Яго дзеянне. Дзякуючы малітве асвячэння і памазанню алеем алтар, як плён чалавечай працы і мастацкай творчасці, становіцца месцам для ажыццяўлення некрывавай ахвяры Езуса Хрыста, як крыніцы нашага збаўлення і новага жыцця ў Божай ласцы.

3. Калі мы кажам, што алтар уяўляе сабой прысвечанае Богу месца, то найперш думаем пра Эўхарыстыю, у якой выражана бязмежная любоў Бога да чалавека. Таму Касцёл настойліва запрашае вернікаў да алтара, асабліва на нядзельную і святочную Імшы.

Сабраўшыся вакол алтара, мы выказваем нашу еднасць з Эўхарыстычным Езусам і паміж сабой. Каб наблізіцца да гэтага месца Бога, мы павінны, кажучы ўмоўна, мець адпаведны білет. Гэта не папяровы білет, які падобны да білета ў тэатр, на цягнік, самалёт або на хакейны матч і які мы можам перадаваць адзін аднаму. Гэта духоўны білет, якім з’яўляецца прыналежнасць да Хрыста і жыццё ў Ім. Ён належыць толькі нам, і яго нельга перадаць іншаму чалавеку.

4. У сваім Евангеллі Езус шмат разоў кажа аб запрашэнні на Божы банкет. Яго запрашэнне не надрукавана на прыгожай паперы і не накіравана толькі да выбраных. Яно распаўсюджваецца на ўсіх, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, адукацыі, здольнасцяў і г.д. Са старонак Евангелля яно накіравана таксама і да бедных, сляпых і кульгавых, хворых і прабываючых у турботах.

Што гэта азначае? Чаму гэтыя адкінутыя грамадствам ці абяздоленыя людзі ў той жа час з’яўляюцца ганаровымі гасцямі Божага банкету? Што з’яўляецца крытэрыем іх запрашэння і прысутнасці? Чаму менавіта яны, а не іншыя?

Запрошаныя – гэта тыя, якія на першае месца ставяць не саміх сябе і свае магчымасці, але Бога. Гэта пакорныя людзі, якія прызнаюцца ў сваіх недахопах і спяшаюцца з дапамогай да іншых. Яны таксама ўсведамляюць, што зведваюць шчодрасць Хрыста не дзякуючы сваім заслугам, але як Божы дар, якім з’яўляецца любоў, што змяняе нас і чыніць годнымі спаткання са Збаўцам. Праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён, як правіла, згаджаецца весці дыялог з Богам, але паводле сваіх уласных чалавечых планаў. Чалавек таксама жадае, каб Бог адказваў яму так, як чалавеку хочацца, не адкрываючыся пры гэтым на Божую любоў і не кідаючыся ў абдымкі Езуса, які яго чакае.

Тут неабходна на першае месца ставіць не свае амбіцыі, але зыходзячую з алтара Божую ласку, якая нас перамяняе і чыніць больш абагаўлёнымі, здольнымі супрацьстаяць злу і спакусам.

5. Дарагія браты і сёстры! Не забудземся дарогі да гэтага алтара, на якім нараджаецца Збаўца, на якім Ён аддае сябе ў ахвяру за нашы грахі і адкуль корміць нас хлебам вечнага жыцця, даючы надзею нават насуперак надзеі.

Няхай алтар, які асвячаецца сёння, дзеяннем Святога Духа і праз заступніцтва  святога Сымана дэ Рояса стане нам і будучым пакаленням месцам духоўнай адновы і ўмацавання духоўных сіл, каб мы не страцілі сваёй хрысціянскай годнасці і былі вернымі хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

Адноўлена 07.06.2014 18:50
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі