Мінская архікатэдра, 21 чэрвеня 2014 г.
Святар – інструмент Хрыста
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам быць удзельнікамі прэзбітэрскага пасвячэння. Тры новыя святары, якія сёння выйдуць на жніво Пана, – гэта знак дынамізму жыцця Мінска-Магілёўскага Касцёла, нягледзячы на існуючыя ў наш час секулярныя тэндэнцыі.
Як пастыр мясцовага Касцёла выказваю сваю падзяку ўсім, хто паспрыяў адкрыццю дару паклікання гэтымі маладымі людзьмі і хто прымаў удзел у іх святарскай фармацыі. Найперш хачу нізка пакланіцца і падзякаваць іх бацькам. Вы былі тымі выхавацелямі, якія стварылі адпаведную духоўную атмасферу для сваіх сыноў, каб яны маглі выбраць шлях святарскага служэння. Словы шчырай падзякі кірую да святароў і іншых асобаў, якія сваёй малітвай і радай дапамаглі гэтым юнакам распазнаць пакліканне да святарства і на заклік Хрыста “ідзі за Мной” адказаць: “Так, вось я, Пане, пашлі мяне”.
З глыбіні сэрца выказваю падзяку пінскай, беластоцкай, шчэцінскай і гродзенскай семінарыям, у якіх праходзілі святарскую фармацыю сённяшнія кандыдаты да пасвячэння. Мэтай семінарыі ёсць падрыхтоўка святароў. Таму яна існуе для такога дня, які мы перажываем сёння, бо новыя святары – гэта вынік дзейнасці семінарыі.
2. Калі мы прымаем удзел у прэзбітэрскім пасвячэнні, то, натуральна, узнікае пытанне: “Кім з’яўляецца святар?” Для большасці сучасных людзей святар - гэта чалавек, галоўная задача якога - узначальванне набажэнстваў, бо ён цэлебруе святую Імшу, спавядае, удзяляе Камунію і г.д. Такое меркаванне з’яўляецца вялікай памылкай і неразуменнем сутнасці святарства.
Шлях да пазнання сутнасці святарства – гэта вера, бо ў гэтым выпадку чыста чалавечае пазнанне не з’яўляецца дастатковым і можа прывесці да памылак. Чаму? Праз натуральнае пазнанне ў святары мы бачым толькі чалавека. Гэта праўда, што святар таксама чалавек. Але праўдай ёсць і тое, што ён выбраны праз Хрыста да дзеяння ад Яго імя. Бог яго выбірае яшчэ ва ўлонні маці, каб учыніць сваім пасланнікам, пасланнікам Бога перад людзьмі і пасланнікам людзей перад Богам.
Аднак гэта яшчэ далёка не ўсё, бо слова “пасланнік” не перадае ўпоўні сутнасці святарства. Калі пасланнік – гэта чыйсьці прадстаўнік, то ў сакрамэнце святарства Хрыстус чыніць нас сваім інструментам.
Слова “інструмент” мае шмат значэнняў. Аднак святар з’яўляецца прывілеяваным і ўнікальным інструментам, які, дзякуючы невымоўнаму саюзу з Хрыстом, дзейнічае ад Яго імя. Гэты саюз ажыццяўляецца ў сакрамэнце пасвячэння праз пазначэнне чалавека нязмыўным святарскім характарам, пячаткай, якая чыніць яго святаром і дае яму паўнамоцтвы, якія бясконца пераўзыходзяць усе натуральныя здольнасці чалавека. Таму святар сапраўды аб’яднаны з Езусам Хрыстом у саюзе, які пераўзыходзіць наша чалавечае разуменне.
Для параўнання возьмем прыклад з пісьменнікам. Асабовасць пісьменніка праяўляецца ў яго творах, і графолагі могуць шмат сказаць пра яго. Гэта азначае, што ў пісьменніку ёсць нешта такое, што перакладаецца на паперу, па якой ён піша. Падобна і ў выпадку святара: асоба Езуса перакладаецца на святара так, што ён моцаю Хрыста здольны рабіць незвычайныя рэчы.
4. Святы Леў Вялікі казаў, што хрысціянін павінен распазнаваць сваю годнасць. Што тады трэба казаць пра святара? Тое, што святар павінен распазнаваць сваю годнасць і веліч як інструмента Хрыста. Гэта вялікая таямніца. Нездарма святы Ян Віянэй казаў, што калі б хтосьці пазнаў, кім з’яўляецца святар, то памёр бы, бачачы ў ім праяўленне бязмежнай Божай любові.
Сваю веліч святар распазнае ў тых функцыях, якія ён выконвае ў заданнях, да якіх пакліканы. Гэтыя заданні святара акрэслівае вучэнне Касцёла. Імі з’яўляюцца абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і будаванне хрысціянскай супольнасці праз служэнне людзям у любові.
Сучасны свет патрабуе новых, адданых Богу вестуноў Добрай Навіны, каб адрадзіць веру, якая знаходзіцца ў крызісе. Гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго жыцця і да яго неабходна падысці з поўнай адказнасцю, бо ад эфектыўнасці абвяшчэння Божага слова будзе залежаць вера. Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла і каб мы не блукалі, але жылі ў святле веры.
Свет патрабуе тых, якія годна цэлебруюць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю. Гэта не нашы асабістыя сакрамэнты, але Хрыста, і таму яны павінны цэлебравацца згодна з устаноўленымі Касцёлам правіламі. Вернікі маюць на гэта поўнае права, і святар павінен задаволіць іх жаданні.
Свет патрабуе ўстанаўлення новых і ўмацавання існуючых хрысціянскіх супольнасцяў. Нішто не прамаўляе мацней да людзей, як паслуга любові і асабістае сведчанне святара. Аб гэтым кожны дзень прыгадвае нам Святы Айцец Францішак. Паводле яго, святар павінен ведаць “пах” – значыць жыццё -сваіх вернікаў, каб ім дапамагаць.
5. Праз належнае выконванне даручаных прэзбітэру абавязкаў праяўляецца годнасць святара. Распавядаюць, што святы Францішак Сальскі атрымаў ад Бога ласку бачыць свайго анёла-ахоўніка, які спадарожнічаў яму. У дзень яго прэзбітэрскага пасвячэння, калі ён выходзіў з касцёла, яго анёл-ахоўнік адышоў у бок і саступіў яму дарогу. Гэта нагадвае, што святар мае большую за анёла годнасць.
Нагадваючы пра веліч і годнасць святара, можна правесці аналогію паміж ім і кансэкраванай гостыяй. Спазіраючы на гостыю, мы бачым яе форму і колер. Прымаючы яе, у вуснах адчуваем смак хлеба. Аднак у рэальнасці мы ведаем, што гэта Езус. Падобна і са святаром. Мы бачым чалавека, але ў рэчаіснасці гэта Езус, які дзейнічае праз яго.
6. Святар павінен быць чалавекам моцнай веры і змагацца за яе. Мы жывем у эпоху, калі верай злоўжываецца як па-за Касцёлам, так і ўнутры яго. Таму адным з найбольш актуальных вашых абавязкаў, дарагія кандыдаты ў прэзбітэры, будзе абавязак самім быць людзьмі моцнай веры, перадаваць яе іншым і бараніць. Як Езус ахвяраваў сваё жыццё за збаўленне ўсіх людзей, так і святар павінен ахвярна весці да збаўлення ўсіх. Нездарма Святы Айцец Францішак настойліва заклікае пакінуць межы касцёлаў і несці Езуса ў свет.
Акрамя моцнай веры, неабходна выконваць святарскія функцыі ў стане Божай ласкі, каб эфектыўна супрацьстаяць спакусам, якіх з кожным днём становіцца ўсё больш і больш, і гэтаму вучыць людзей.
Моцная вера і стан Божай ласкі павінны праяўляцца ў справах міласэрнасці і любові да кожнага чалавека, каб учыніць святарскае служэнне плённым. Нездарма святы Піё любіў казаць, што святар важнейшы за сонца. Вядома, што без фізічнага сонца не можа існаваць жыццё. Таксама і без духоўнага сонца, Езуса Хрыста, ласка якога прыходзіць да нас праз служэнне святара, не можа існаваць духоўнае жыццё.
7. Такім чынам, дарагія браты і сёстры, святар сапраўды ёсць інструментам Хрыста, бо перадае нам Божую ласку, якая патрэбна для збаўлення.
Удзячныя Богу за дар трох новых прэзбітэраў, у гэты суботні дзень, калі Касцёл асаблівым чынам успамінае Марыю, мы звяртаемся да Цябе – Маці святароў: выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста гэтым нашым сынам ласку захавання святарскай годнасці, каб з моцнай верай, надзеяй і любоўю належна выконвалі даручаныя ім абавязкі на славу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.
|