Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы асвячэння мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце

27 чэрвеня 2014 г.

Вотум беларускага народа

“Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).

Глыбокапаважаныя пілігрымы!

1. Гэтыя словы Евангелля, якое мы толькі што пачулі, выказваюць галоўнае правіла жыцця Марыі - Яе абсалютную паслухмянасць Божай волі. Таму Яе называюць другой Евай.

Са старонак Святога Пісання мы ведаем, што наша першая маці – Ева – не згадзілася з Божай воляй, бо паслухала д’ябла, а не Бога. Злы дух яе спакушаў, прапануючы з’есці плод з забароненага дрэва, якое Бог назваў дрэвам пазнання дабра і зла. Ева напачатку баранілася і казала, што памрэ, калі з’есць гэты плод. Д’ябал пераканаў яе, што яна не памрэ, а наадварот - стане падобнай да Бога.

Ева паверыла злому духу, сама з’ела плод з забароненага дрэва і пачаставала ім Адама. Гэта быў першы грэх, які ўчыніў чалавек.

Што ў выніку атрымалася? Сапраўды, Адам і Ева не памерлі імгненна, але яны і ўсё чалавецтва сталі смяротнымі. Таксама яны пазналі дабро і зло. Бог іх выгнаў з раю. Ім трэба было цяжка працаваць, каб пражыць. І самае галоўнае – яны ўбачылі сваю нагату, бо страцілі адзенне Божай ласкі.

2. Сённяшняе Евангелле паказвае зусім іншы тып чалавека – а менавіта Марыю, якая не ўяўляе сабе нязгоднага з Божай воляй жыцця. Яе “fiat”, ці “так”, Богу – гэта прынцып Яе жыцця, гэта ключ да таямніцы Збаўлення, гэта шлях да шчасця кожнага чалавека. Святы Ірэней кажа, што слава Бога – гэта жывы чалавек. Гэтыя яго словы паўтарыў Другі Ватыканскі Сабор, жадаючы яшчэ раз падкрэсліць, што ў часы адыходу ад веры і новых выклікаў секулярызму слава Бога праяўляецца ў духоўна жывым чалавеку.

Такім духоўна жывым чалавекам была Марыя. Яе праслаўляюць усе народы, бо вялікае ўчыніў Ёй Усемагутны Бог. Сапраўды вялікае, бо абраў быць Маці Збаўцы, і Марыя прыняла гэты выбар.

3. Божы Провід прывёў нас, беларускіх пілігрымаў, у Назарэт, у месца, дзе 2000 гадоў таму здзейснілася таямніца Звеставання Пана. Са Старога Запавету мы ведаем, што людзі пагардліва ставіліся да Назарэта. Яны нават казалі: “Што добрага можа быць з Назарэта?” Аднак гісторыя паказала, што апошні можа стаць першым. Менавіта ў малым і забытым усімі Назарэце Бог праз арханёла Габрыэля аб’явіў Марыі сваю волю. Марыя яе прыняла, і пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца будучага Збаўцы свету. Такім чынам, у Назарэце распачалося ажыццяўленне Божага плану збаўлення чалавека праз зачацце Божага Сына ад Святога Духа ва ўлонні Марыі.

Мы ўшаноўваем месцы, дзе нарадзіліся, жылі, вучыліся ці працавалі вядомыя людзі. Сёння Божы Провід прывёў нас у месца, дзе, дзякуючы згодзе Мары з Божай воляй, распачалася новая эра – эра збаўлення.

4. У мінулым годзе мы ўрачыста на чале з легатам Святога Айца Францішка кардыналам Жанам-Луі Таранам святкавалі юбілей 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў цудатворнага абраза Маці Божай. Гэтае святкаванне працягваецца цэлы год і завершыцца 5 ліпеня г.г. Святкаванне гэтага юбілею ўзбагачаецца асвячэннем мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у базыліцы Звеставання ў Назарэце.

Устаноўка і асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце – гэта зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі праект, і пілігрымка, якая адбываецца з гэтай нагоды, з’яўляецца агульнабеларускай.

Сёння да вялікай колькасці мазаік абразоў Божай Маці з розных краін свету ў Назарэце дадаецца яшчэ адна - з Беларусі. Сінявокая Беларусь, з яе больш за тысячагадовую хрысціянскай традыцыяй, заслужыла таго, каб у гэтым асаблівым месцы гісторыі збаўлення, куды штодзённа прыбываць многія тысячы пілігрымаў з розных куткоў нашай планеты, мець свой знак. Абраз Маці Божай Будслаўскай будзе распавядаць наведвальнікам назарэтанскай базылікі як аб Будслаўскім санктуарыі, так і аб Беларусі і яе культуры. Гэтым самым яна будзе спрыяць як лепшаму пазнанню жыцця католікаў у нашай краіне, так і самой краіны.

5. Усталяваннем мазаікі цудатворнага Будслаўскага абраза Маці Божай у Назарэце мы хочам выказаць нашу падзяку Марыі за Яе апеку над нашым народам на працягу чатырох стагоддзяў, у часы росквіту веры і часы яе пераследу. З дапамогай Марыі, як прытулку грэшнікаў, мы жадаем перапрасіць Бога за нашы асабістыя грахі і грахі нашага народу, за нявернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню, за крызіс сям’і, за непашану да Божага дару жыцця і за ўсё тое, што не згодна з Божай воляй. Давяраючы наш народ далейшай апецы Марыі, праз Яе заступніцтва мы таксама просім Божага благаслаўлення на новыя часы.

Марыя, наша духоўная Маці, вядзі нас да свайго Сына і выпрасі ў Яго ласку, каб па Твайму прыкладу мы заўсёды згаджаліся з Божай воляй і казалі Яму нашае “так”, не паддаваліся спакусам секулярызаванага свету, баранілі і захоўвалі веру, былі яе сведкамі, ёю жылі і паспяхова перадавалі новым пакаленням.

Мазаіка цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце, якая асвячаецца сёння, – гэта вотум беларускага народа Марыі. Вотум народа, які ганарыцца сваёй гісторыяй, хрысціянскай і культурнай спадчынай. Вотум народа, які прайшоў цяжкія выпрабаванні і які сёння з надзеяй глядзіць у будучыню, давяраючы яе Богу прадстаўніцтвам Марыі.

Прымі, Марыя, гэты наш вотум! Прымі нашае пасвячэнне і давер Табе! Прымі ў сваю апеку нашу Бацькаўшчыну і выпрасі ў Бога ласку, каб яна заўсёды была вернай Яму і хрысціянскім традыцыям! Каб сапраўды была Белай, гэта азначае святой! Амэн.

Адноўлена 27.06.2014 13:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі