Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў Будславе

5 ліпеня 2014 г.

Марыя, узор малітвы, апякуйся намі

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёcтры!

1. Сённяшнім адпустовым набажэнствам завяршаецца святкаванне Юбілейнага года 400-годдзя прысутнасці цудатворнага абраза Божай Маці ў Будславе. Моцным акцэнтам гэтага года было асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якое адбылося 27 чэрвеня г.г. у Назарэце і дзякуючы якому на Святой Зямлі з’явіўся яшчэ адзін знак беларускай прысутнасці.

Сённяшняе набажэнства таксама прысвечана падзяцы Богу за кананізацыю Яна Паўла II, які адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, вельмі шмат учыніў для духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, яе моцна любіў і паважаў.

Яно адбываецца ў першым годзе падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме, які будзем адзначаць у 1917 г. З гэтымі аб’яўленнямі звязаны лёс Касцёла як у Беларусі, так і ва ўсім былым Савецкім Саюзе і многіх краінах. У іх Марыя заклікала да малітвы, пакаяння і дала надзею свету. Менавіта гэтым тэмам прысвечаны паасобныя гады падрыхтоўкі да юбілею, які набліжаецца. Таму  2014 год – гэта Год малітвы. Адсюль і дэвіз сёлетніх урачыстасцяў: “Марыя – узор малітвы”.

2. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае пра адведзіны Марыяй дома Захарыі і Альжбеты, якая чакала народзінаў папярэдніка Хрыста  – св. Яна Хрысціцеля. Убачыўшы Марыю, натхнёная Святым Духам Альжбета ўсклікнула: “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?”1 У адказ Марыя прамовіла славуты гімн “Magnificat” – “Велічае душа мая Пана, бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны”2. Словы гэтага гімну – не што іншае, як апагей малітвы ўдзячнасці Марыі Богу як за тое, што ён учыніў Ёй, так і за Яго дзеянне ў гісторыі збаўлення. У гэтым гімне праяўляецца Яе духоўны партрэт, а менавіта Яе жаданне, каб Бог быў праслаўлены ў свеце, – кажа Папа Бэнэдыкт XVI3.

Марыя вырасла ў Назарэце і Яе дом быў школай малітвы, якой вучылі Яе бацькі і якой Яна жыла. Іканаграфія прадстаўляе маці Марыі, св. Ганну, з дзяўчынкай на каленях з адкрытым перад імі Святым Пісаннем. Іканаграфія сцэны Звеставання таксама прадстаўляе Марыю, якая моліцца. Менавіта малітва тады дапамагла Ёй велікадушна адкрыцца на таямніцу Богаўцелаўлення. Славутым з’яўляецца абраз Маці Божай “Maria orante” – “Марыя, якая моліцца”.

Евангелле пакінула нам шмат прыкладаў малітоўнай сувязі Марыі з Богам. Гэта найперш Яе ахвяраванне ў Ерузалемскай святыні, дзе Яна заставалася на працягу некалькіх гадоў, каб вучыцца дасканалай малітве і служыць Богу. Гэта ўжо ўзгаданыя вышэй адведзіны св. Альжбеты і Яе гімн “Magnificat”. Гэта ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні, каб выканаць закон Майсея. Гэта таксама пошук Езуса ў святыні4.

Марыя таксама з’яўляецца недасягальным узорам разважання аб Езусе, бо ў Яе ўлонні Ён сфарміраваўся і з Яе ўзяў чалавечае падабенства. Ніхто не прысвяціў сябе разважанням аб Ім з такой трываласцю, як Марыя. Вочы Яе сэрца засяроджваюцца на Ім ужо ў момант Звеставання, калі Яго зачала ад Святога Духа. І так было аж да Яго цудоўнага нараджэння ў Бэтлееме, калі Яе цялесныя вочы змаглі з матчынай чуласцю ўглядацца ў твар Яе Сына. Езусам быў вызначаны кожны момант Яе жыцця. Яна жыла Ім і Ягонымі словамі. Святы евангеліст Лука кажа, што Марыя захоўвала ў сваім сэрцы ўсе словы Езуса і разважала над імі5.

Святы Айцец Францішак кажа, што жыццё Марыі – гэта пастаянная малітва і дыялог з Богам. Падчас Звеставання Яна адказала Богу “так” і ад той хвіліны канцэнтравалася на Хрысце, які з Яе ўзяў цела і ў якім споўніліся ўсе абяцанні гісторыі збаўлення. Таму Марыя для нас з’яўляецца ўзорам лучнасці з Хрыстом праз малітву і ўдзел у цярпеннях Яе Сына6.

Папа Бэнэдыкт XVI у Марыі бачыць таямніцу прысутнасці Бога з чалавечым тварам і сэрцам на зямлі. Яна Каўчэг Запавету і Святыня Бога, бо праз Яе Бог знайшоў месца на зямлі7. Яна таксама ўзор малітвы і праслаўлення Бога. Дадзеная Ёй ласка бачыць Сына Божага тварам у твар дапаўняецца Яе малітвай.

Святы Ян Павел II, як чалавек пастаяннай малітвы, за кананізацыю якога мы сёння дзякуем, называе Марыю ўзорам нашай веры. Ён кажа, што малітва і пакаянне – гэта сінтэз паслання Яе фацімскіх аб’яўленняў8.

Будучы ўзорам малітвы, Марыя таксама з’яўляецца яе настаўніцай, аб чым найлепей сведчыць цуд у Кане Галілейскай, дзе Хрыстус па просьбе Марыі ператварыў ваду ў віно9. Марыйнай школай малітвы з’яўляецца таксама і ружанцовая малітва10.

Усё гэта нагадвае, што сапраўды Марыя з’яўляецца ўзорам малітвы, што асабліва важна ў наш час, калі ў мітусні сучаснага свету і панаванні секулярных тэндэнцый чалавек губляе пачуццё неабходнасці малітвы і моліцца ўсё радзей. Таму ў Марыі мы павінны вучыцца духоўнай дысцыпліне, каб паступаць згодна з вучэннем Евангелля і быць сапраўднымі вучнямі Хрыста.

3. Фацімскія аб’яўленні Божай Маці адыгралі вельмі вялікую ролю ў гісторыі хрысціянства ва ўсім свеце і ў нашай краіне. Тут, у Будславе, вернікі на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў маліліся ў інтэнцыі свабоды веравызнання, і яна прыйшла. Адрадзіўся Будслаўскі санктуарый, і мы маем усе перадумовы для духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, хаця гэты працэс нялёгкі і на ім з дня на дзень з’яўляюцца новыя, выкліканыя тэндэнцыямі секулярызму, перашкоды.

4. Мы ўжо ведаем усе тры фацімскія таямніцы. Першая – гэта візія пекла. Другая – заканчэнне Першай і распачацце Другой сусветнай вайны, пераслед веры і надзея на яе адраджэнне. Трэцяя абвяшчае прышэсце часоў адыходу ад веры і жыцця так, як быццам Бога зусім няма, што вядзе да рознага роду крызісаў, якія чалавецтва цяпер перажывае.

У сувязі з гэтым паўстае фундаментальнае пытанне: “Ці актуальныя фацімскія аб’яўленні ў наш час?” Без сумнення, адказ адзіны: яны актуальныя і такімі застануцца да канца вякоў. Марыя ў Фаціме заклікала да навяртання і малітвы, каб усё было добра і каб свет не быў паддадзены новым выпрабаванням рознымі няшчасцямі. Гэта было не што іншае, як актуалізацыя слоў Езуса: “Кайцеся і верце ў Евангелле”11. “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе”12.

Калі мы хочам быць шчаслівымі, то павінны глыбока да сэрца прыняць гэтыя словы і імі жыць. Усё залежыць ад нас саміх. Найбольшым ворагам чалавека ёсць сам чалавек, – кажа прыказка. У той жа час сучасны чалавек не жадае падпарадкавацца Богу і вучэнню Евангелля. Ён давярае толькі самому сабе і сам, без Божай дапамогі, хоча быць кавалём свайго лёсу. У такіх абставінах фацімскае пасланне з’яўляецца актуальным для нашай эпохі. Марыя, як наша духоўная Маці, клапоціцца аб нас, людзях цяжкіх і драматычных часоў, і заклікае да малітвы і навяртання, што з’яўляецца ўмовай новай надзеі.

5. Імкненне сучаснага чалавека любым коштам падпарадкаваць сабе зямлю праяўляецца ў адмаўленні ад Божага закону і ў жаданні ўладкоўваць сваё жыццё без Бога.

Мы добра ведаем евангельскі аповед пра марнатраўнага сына, які хацеў быць свабодным, вызваліцца ад апекі бацькі і таму пакінуў яго дом. У выніку чаго апынуўся ў драматычнай сітуацыі і, каб выжыць, павінен быў пасвіць чужых свінняў. Толькі тады ён зразумеў трагізм сваёй сітуацыі, што замест таго, каб быць свабодным, стаўся нявольнікам. Дзякуй Богу, ён знайшоў у сабе сілы вярнуцца ў дом бацькі, каб там сапраўды быць свабодным і цешыцца паўнатой жыцця13.   

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што нешта падобнае перажывае і сучасны свет, які спіхвае Бога на перыферыю жыцця, каб адчуваць сябе аўтаномным і свабодным, каб чыніць усё тое, што ён хоча. Але калі ў жыцці чалавека знікае Бог, то чалавек траціць боскую годнасць, паводле якой быў створаны, і становіцца прадуктам сляпой эвалюцыі, якім можна маніпуляваць, што і пацвярджае досвед нашай эпохі14.

Такім чынам, трыумфуе не Богачалавек, але чалавекабог. Гэта не памылка, бо сучасны чалавек мае за сваімі плячыма трагедыю дзвюх сусветных войнаў, пераслед рэлігіі, парушэнне правоў чалавека, Хірасіму і Нагасакі, генацыд у Руандзе, былой Югаславіі і іншых краінах свету, трываючую дзесяцігоддзямі трагедыю Блізкага Усходу, сучасную трагедыю Украіны і многае іншае. Досвед штодзённага жыцця паказвае, што бязмежная свабода без захоўвання Божага закону вядзе да бязмежнага дэспатызму.

6. Адзін аповед распавядае пра трох маладых, здольных і вельмі амбітных маладых людзей. Яны вырашылі навучыцца незвычайным спецыяльнасцям, каб здзівіць усіх. Прайшло некалькі гадоў, і яны сабраліся разам. Адзін хваліўся тым, што можа з кавалка косці адрадзіць увесь шкілет. Іншы – што, можа, на яго нарасціць мяса. Трэці – што, можа, абцягнуць яго скурай. А чацвёрты казаў, што, можа, трэба яго ажывіць. Натхнёныя такімі навінамі, яны накіраваліся ў джунглі. Знайшлі там костку, і кожны ўзяўся за працу, у выніку якой быў ажыўлены леў. Звер быў галодны і з’еў усіх чатырох даследчыкаў. Ці не з’яўляецца гэтая гісторыя перасцярогай перад небяспекай кланавання? Чалавек не задумваецца, каго ён можа кланаваць і якія наступствы ўсё гэта можа мець.

Мараль вышэйпрыведзенага аповеду ясная: калі мы выкарыстоўваем дасягненні навукі і свае здольнасці ў супярэчнасці з маральным законам, то яны могуць знішчаць нас саміх. Сведчанняў гэтаму ёсць шмат. Драпежная эканоміка з дня на дзень пагаршае экалагічную сітуацыю. Нарастаючая колькасць абортаў і генетычныя маніпуляцыі вядуць да дэмаграфічнага крызісу і дэвальвацыі Божага дару жыцця. Імкненне да свабоды, асабістых задавальненняў і адказ ад Богам устаноўленай мадэлі сям’і, як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, з’яўляецца прычынай не бачанага дасюль крызісу сям’і як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Незахаванне этычных норм у гаспадарцы вядзе да эканамічнага і фінансавага крызісаў, а таксама з’яўляецца прычынай сацыяльнай несправядлівасці. Гэтую літанію сучасных бед і праблем, выкліканых адмаўленнем ад Божага закону, можна працягваць доўга. Яны сведчаць аб тым, што сучасны свет перавярнуўся з ног на галаву і перажывае страшны крызіс. Тут да месца ўспомніць кітайскую прыказку, што не віно ап’яняе чалавека, але ён сам сябе. У той жа час чалавек толькі тады будзе вялікім, калі прызнае веліч Бога15, як гэта ўчыніла Марыя.

Веліч чалавека залежыць ад яго адносін да Бога. Чым яны бліжэйшыя, тым больш вялікі чалавек. Гэта нялёгкі, нават крыжовы, шлях. Лацінская прыказка кажа: “Per aspera ad astra” – “Праз церні да зорак”. Гэта азначае, што да велічы мы павінны імкнуцца праз цяжкую працу над сабой. Крыж Сусветнага дня моладзі, які знаходзіцца сярод нас, заклікае маладых людзей не баяцца яго, бо гэта знак нашай веры, у ім наша надзея і праз яго мы ўдасканальваемся.

7. Святкуючы чарговую ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, звяртаемся да яе: “О Марыя - Маці Збаўцы і Маці нашых цяжкіх і нават трагічных часоў! Сёння ў Будслаўскім санктуарыі мы праслаўляем Цябе за згоду з Божай воляй і за прыклад малітвы. Праслаўляем за тое, што Ты мужна стаяла пад крыжам Твайго Сына, які ёсць крыжам гісторыі чалавецтва, у тым ліку і крыжам нашых часоў. Праслаўляем і дзякуем за Тваю апеку над намі, за тое, што падтрымліваеш у нас агонь святла Евангелля.

Дапамажы нам знайсці дарогу вяртання да Бога, каб на сучаснай і пазбаўленай Бога пустыні мы знайшлі крыніцу жыцця! Прымі малітву Тваіх духоўных дзяцей на Тваю славу і славу Бога, як нязгаснага святла, якога мы, згубленыя і поўныя непакою, патрабуем! Спадарожнічай нам на шляхах нашага жыцця, каб мы тут, на зямлі, будавалі шчаслівую будучыню і прыйшлі ў порт вечнай радасці, дзе Ты валадарыш са сваім Сынам!” Амэн.

  1. Лк 1, 43
  2. пар. Лк 1, 46.49
  3. пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/ documents/hf_ben-xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html
  4. пар. Лк 2, 48-49
  5. пар. Лк 2, 19
  6. пар. http: //www.jp2w.pl/pl/37921/122371/Maryja_jest_dla_Kosciola_wzorem_wiary.htm
  7. пар. http://www.vatican.va/holy_father/ benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20120815_assunzione_it. html
  8. пар. http://www. sekretariatfatimski.pl/jan-pawe-ii-i-fatima/169-w-swiatlach-fatimy-nowa-ewangelizacja-europy
  9. пар. Ян 2, 1-12
  10. пар. RVM 5
  11. Мк 1, 15
  12. Мц 26, 41
  13. пар Лк 15, 11-32
  14. пар. http://www.vatican.va/holy_father/ benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html
  15. пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf_ ben-xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Апостальскі ліст “Rosarium Virginis Mariae” (RVM).
2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/ documents/hf_ben xvi_hom_20050815_assunzione-maria_it.html.
3. http://www.jp2w.pl/pl/37921/122371/Maryja_jest_dla_Kosciola_wzorem wiary.htm.
4. http://www. sekretariatfatimski.pl/jan-pawe-ii-i-fatima/169-w-swiatlach-fatimy-nowa-ewangelizacja-europy.

Адноўлена 05.07.2014 10:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі