Касцёл Маці Божай Фацімскай 26.06.2014 года. 7.00.
Кароль стаў на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Пана, каб ісці за Панам і захоўваць запаведзі Яго і аб’яўленні Ягоныя, і пастанаўленні Яго ўсім сэрцам і ўсёй душою, каб выканаць словы гэтага запавету, напісаныя ў гэтай кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
Дарагія пілігрымы, вы на пачатку шляху пілігрыма з Баранавіч у Будслаў з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі. Вы паўтараеце шлях многіх вернікаў, якія выпрацавалі ўжо пэўную традыцыю такога шляху. Сёлетняя пілігрымка дапамагае нам лепей адчуць пастаральную праграму года, якую на тры гады зацвердзіла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў сувязі з падрыхтоўкай да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў. А гэта і пакаянне, і навяртанне. І велічна тое, што пачатак пілігрымскага шляху распачынаецца тут, у касцёле Маці Божай Фацімскай.
Чытанне на сённяшні дзень паказвае, як сябе паводзіў кароль і яго падданыя, што выслухалі Божае Слова з Бібліі, якую знайшлі у разбуранай святыні.
І вы, дарагія пілігрымы, таксама адчуваеце тую Божую сілу, якая заахвочвае вас прайсці шлях такім часам у летнюю пару. Вы вызначылі час для Бога, каб асаблівым чынам Яго слухаць. Да Яго маліцца індывідуальна, але і ў той супольнасці, якая сфармавалася тут. Вы хочаце будаваць дом на скале.
Для таго, каб будаваць на моцным фундаменце, неабходна кантактавацца з Езусам. Якім чынам? Мовай веры і яе мы называем малітвай. На малітве чалавек даносіць Езусу пра свае дасягненні, пра будоўлю на скале, як гэта будоўля рухаецца наперад. Але таксама гаворыць Яму пра свае клопаты, сум і журботы. На малітве чалавек дзеліцца з Богам сваёй душой, у якой адлюстроўваецца здзіўленне са святасці, шкадаваннем над грахом, боль з нагоды цярпення, удзячнасць за дабрадзейнасці, туга па будучым шчасці.
Асаблівай формай малітвы з’яўляецца рэлігійная пілігрымка. Пілігрымка — гэта прыняцце цяжару, каб такім чынам данесці Езусу аб сваім даверы, аб сваім сяброўстве. Гэта пераадоленне дарогі да месца прысутнасці асаблівай Божай ласкі, каб там адкрыць цалкам сваю душу перад Панам. Таму менавіта пілігрымка такая ж як малітва. Нават па Святой Зямлі без малітвы пілігрымка замяняецца ў звычайную вандроўку альбо добра зладжаны турыстычны шлях. У пілігрымцы мова набірае большай моцы, большай сілы, большай аўтэнтычнасці.
Мой зварот да Пана пацвярджаецца сапраўдным адрачэннем і ахвярай.
Мой цяжар, мая стомленасць становяцца іншай формай гаворкі, якую разумее толькі Бог.
Мой пост, які я запланаваў, я пастанаўлю вытрымаць для Пана.
Маю міластыню ведае толькі Бог. Усё гэта прыношу Пану дабравольна, ахвотна, з любоў’ю.
Да пілігрымкі не прымушаюць. Прымусовасць, загады і пілігрымка не сумяшчальныя. Збор і шматкіламетровы крос, у поўным боекамплекце не з’яўляецца пілігрымкай. Але дабравольны, з рэлігійных перакананняў рэлігійны паход у Будслаў, каб з дапамогай такой камунікацыі данесці Езусу аб сабе і блізкіх, з’яўляецца пілігрымкай, гэта асаблівы спосаб малітвы.
Сёлетняя пілігрымка асаблівая. Яна адбываецца ў 100 гадавіну нараджэння кс. Кардынала Свёнтка, першага кардынала нашай краіны, і яго аднагодкаў слаўных святароў кс. Ежы Росяка, кс. Люцыяна Хмялёўца. Яны многіх пераканалі хадзіць у пілігрымкі, кардынал зацвердзіў пілігрымкі, кс. Люцыян адкрыта і з радасцю прымаў пілігрымаў, умацоўваючы іх Божым Словам і Эўхарыстыяй. Святар аказваў хрысціянскую гасціннасць у парафіі для Божых вандроўнікаў.
Дарагія, прашу вас данясіце Езусу аб сваіх справах і справах дыяцэзіі. У нас будуюцца новыя святыні, паўстаюць новыя парафіі, благаслаўляюцца новыя сужэнствы, але і паўстаюць новыя могілкі. Данясіце, што ёсць і злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі, і гэта нават сярод непаўналетніх. Ёсць групы, дзе знішчаецца вернасць, пачуцці, сумленнасць, разважлівасць і рэлігійнасць. Трэба Езусу сказаць і аб духоўнай пустэчы ў некаторых душах.
Данясіце Езусу аб сабе і аб сваіх грахах.
Мы кволыя і недасканалыя. Такая рэчаіснасць. У нас ёсць цяжкасці, каб прызнацца перад Панам у сваіх грахах. Мы звяртаемся да Божай Маці: «з Сынам сваім нас паяднай». Не бойцеся. Ён поўны міласэрнасці. Мы з такога дыялогу выйдзем перамененыя, лепшыя, прыміраныя з блізкімі і з Богам. Такі дыялог нас лечыць, нашыя сем’і, вёскі і гарады.
Аб аздараўленчай ласцы для кожнага пілігрыма з Езусам будзьма маліцца падчас гэтай Эўхарыстыі.
|