Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XIX Звычайную нядзелю, Год А

10 жніўня 2014 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Не бойцеся, даверцеся Богу

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сучасны свет, на жаль, але зразумела чаму, найбольш зацікаўлены дэструктыўнымі падзеямі, якія ў ім адбываюцца. Гэта рознага роду катастрофы, ураганы, пажары лясоў, землятрусы, цунамі, выбухі вулканаў, а таксама тэрарыстычныя акты ці збройныя канфлікты, якіх у апошнія часы вельмі шмат у розных рэгіёнах свету і таксама ў нашых паўднёвых суседзяў, на Украіне.

Нам, як веруючым людзям, да гэтага неабходна далучыць многія маральныя трагедыі, якія перажывае сучасны свет. Гэта крызіс сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, алкагалізм, наркаманія, амаральнае жыццё і г.д. Менавіта яны, у якіх праяўляецца дзеянне злога духа, з’яўляюцца галоўнай прычынай адыходу чалавека ад Бога.

2. У такой сітуацыі мы, як веруючыя хрысціяне, павінны памятаць, што гэтыя негатыўныя сілы ні ў якім выпадку не могуць раўняцца з пазітыўнай сілай Езуса. Яго ласка, прысутнасць сярод нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах і дзейнасці Касцёла, а таксама бязмежная любоў – гэта тая пазітыўная сіла, якую не можа перамагчы злы дух. Такое пасланне даюць нам сённяшнія чытанні, асабліва Евангелле. Яны кажуць нам: “Чалавек, не бойся, давер сябе Богу!” Сіла Божай міласэрнасці мацнейшая за дзеянне злога духа.

Аб гэтым нам нагадваюць сённяшнія чытанні. Яны кажуць пра збаўчую прысутнасць Бога для людзей і неабходнасць моцнай веры ў Яго. Гэта мы бачым у першым чытанні, калі прарок Ілля зведаў Божую моц не ў ветры, не ў землятрусе, не ў агні, але ў слове Божым. Бачым гэта ў псальме, дзе абвяшчаецца мір, збаўленне, слава, міласэрнасць, праўда, справядлівасць і шчасце тым, хто баіцца Бога. Асаблівым чынам бачым гэта ў Евангеллі, якое распавядае аб вопыце апостала Пятра. Ён, як і іншыя апосталы, баяўся шторму. Гэта натуральна, бо шторм на моры нярэдка завяршаецца трагедыяй. Аднак Пётр паверыў слову Езуса і пайшоў па вадзе, што з пункту гледжання фізікі абсалютна не магчыма. Так доўга, як ён давяраўся Богу, ён мог ісці па вадзе. Аднак калі пачаў азірацца па баках і ізноў убачыў вялікую хвалю, то спужаўся і пачаў тануць.

3. Падобную сітуацыю мы бачым і ў нашым жыцці. На самой справе мы знаходзімся як быццам на моры, дзе хвалі выклікаў бушуюць і імкнуцца затапіць човен Касцёла. Аднак, калі мы моцна верым у моц Божай ласкі, маем надзею на прысутнасць Бога сярод нас і вочы нашага сэрца накіроўваем на Езуса, асабліва праз сакрамэнтальнае жыццё і разважанне над Яго словам, тады можам чыніць немагчымае з чалавечага пункту гледжання. Маем адвагу перамагчы кожны жыццёвы шторм, пазбегнуць спакусаў і грахоў, перамагчы злога духа, любіць ворагаў, нават аддаць сваё жыццё за веру, як гэта ўчынілі многія мучанікі.

З іншага ж боку, тыя, хто малой веры, хто не прызнае, што Езус мацнейшы за злога духа і хто не зведаў Божую міласэрнасць, хто азіраецца па баках, а не накіроўвае свой духоўны позірк на Езуса, баяцца шторму злога духа і тонуць у яго хвалях. Трэба памятаць аб тым, што Бог не хоча, каб мы апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Мы ў яе трапляем самі. Таму сённяшнія чытанні заахвочваюць нас да канца даверыцца Богу, каб нас не перамаглі ніякія жыццёвыя штормы.

4. Адна гісторыя распавядае пра пажар дома, дзе на другім паверсе жыла маладая сям’я. Усе яе члены хутка выбеглі на вуліцу. Аднак бацька заўважыў, што з імі няма пяцігадовага сына. Потым ён пачуў яго крык і ўбачыў у акне. Разумеючы, у якой небяспецы ён знаходзіцца, бацька пачаў крычаць: “Скачы ўніз, я цябе злаўлю”. Але хлопчык адказаў: “Я цябе не бачу”. “Але я цябе бачу, – адказаў бацька. – Хутка скачы ўніз”. Хлопчык паслухаў і кінуўся ўніз, дзе яго чакаў бацька.

Сённяшнія чытанні заклікаюць якраз да даверу Богу, бо Ён заўсёды з намі і нас ратуе.

5. “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся”, – сказаў Езус апосталам на ўзбураным моры. Апостал Мацвей напісаў гэтыя словы пасля ўкрыжавання апостала Пятра, калі хрысціяне цярпелі жорсткі пераслед. Гісторыя са штормам на моры прадстаўляе небяспеку, у якой апынуліся апосталы, і веру, якая можа выратаваць з яе. Човен прадстаўляе сабой Касцёл, які змагаецца са спакусамі, выпрабаваннямі і пераследам. У гэтай гісторыі Езус прадстаўлены як чэмпіён, які ратуе тых, хто верыць у Яго. Гэтая евангельская гісторыя ў першыя стагоддзі хрысціянства давала новую надзею веруючым у Хрыста, нават перад абліччам жорсткага пераследу.

Сённяшняе Евангелле таксама з’яўляецца актуальным для нас, людзей ужо XXI стагоддзя. Яно дае надзею ў хваробе і смерці, падчас пераследу ці іншых турботаў. Яно вучыць, што цяжкасці жыцця – гэта не знак таго, што Бог адвярнуўся ад нас і што наша вера слабая, таксама як і поспех ці добрае здароўе не азначае, што наша вера моцная. Можа, гэта гучыць як парадокс, але нярэдка жыццёвыя штормы становяцца благаслаўленнем. Калі ў жыцці нам нешта не ўдаецца, калі мы адчуваем цяжкасці, то часта звяртаемся да Бога. Акрамя таго, на памылках мы вучымся. Разбітае сэрца можа стаць той шчылінай, праз якую Езус увойдзе ў яго, каб сказаць нам: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся”.

6. Якое пасланне дае нам сённяшняе Евангелле?

Найперш яно заклікае звяртацца да Езуса падчас нашых жыццёвых штормаў. Нам неабходна наблізіцца да Езуса з моцнай верай, каб Ён суцішыў штормы нашага жыцця. Гісторыя Касцёла вельмі добра сведчыць аб тым, як Езус ратаваў Касцёл падчас розных выпрабаванняў. Гэта шторм пераследу Касцёла ў першыя тры стагоддзі і потым у розныя перыяды яго дзейнасці, як напрыклад яшчэ нядаўна ў нашай краіне. Гэта шторм розных ерасяў у V i VI стагоддзях. Гэта шторм падзелаў хрысціянства, які трывае да сённяшняга дня. Гэта штормы сучасных выклікаў секулярызму, маральнага рэлятывізму, крызісу сям’і і многае іншае.

Прысутнасць Езуса дае нам супакой у розных штормах нашага жыцця, такіх, як крызісы, смутак, сумненне, няўпэўненасць, трывога, гнеў, роспач, спакусы і г.д. Яны паказваюць нам нашу няздольнасць самім справіцца з імі і адначасова Божую моц, каб выратаваць нас з існуючых праблем. Жыццёвыя штормы вучаць нас, што без Бога мы нічога не зможам зрабіць. Прыгожа аб гэтым нагадвае прыказка: “Без Бога не да парога”. Нездарма святы апостал Павел кажа, што ўсё можам у тым, хто нас умацоўвае. А тым, хто нас умацоўвае, ёсць Езус Хрыстус.

Таму мы не павінны абмяжоўваць прысутнасць Бога ў нас, што наступае тады, калі мы не хочам жыць паводле Яго закону. Трэба памятаць аб тым, як кажа Папа Францішак, што Бог не стамляецца праяўляць сваю міласэрнасць да нас, але чалавек стамляецца прасіць яе. Няхай жа сённяшняе Божае слова заахвоціць нас шукаць шляхоў, на якіх Бог здзівіць нас і суцішыць штормы нашага жыцця. Каб Божы супакой запанаваў у нашых сэрцах. Амэн.

Адноўлена 10.08.2014 15:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі