Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з удзяленнем прэзбітэрскага пасвячэння дыякану Віктару Жуку SJ

14 жніўня 2014 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Святар – радасць і надзея

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Божы Провід у апошнія часы дазваляе нам усё часцей перажываць прэзбітэрскія пасвячэнні, што з’яўляецца вялікай радасцю і надзеяй Касцёла ў нашай краіне. Сённяшняя ўрачыстасць, аднак, мае выключны характар. Прэзбітэрскае пасвячэнне прымае першы беларускі езуіт, дыякан Віктар Жук SJ. Сённяшняе пасвячэнне мае выключны характар таксама і таму, што адбываецца ў былым езуіцкім касцёле, які цяпер з’яўляецца мінскай катэдрай. Такім чынам, езуіцкі дух пасля двух стагоддзяў сёння прысутнічае ў гэтым cвятым месцы.

Сённяшні кандыдат у святарскі стан з’яўляецца членам Таварыства Езуса і будзе ажыццяўляць сваё служэнне ў якасці члена гэтага манаскага ордэна, які быў заснаваны Папам Паўлам III па просьбе святога Ігнацыя Лаёлы ў 1540 г. Дэвізам Таварыства Езуса з’яўляюцца словы “Ad majorem Dei gloriam” – “Для большай Божай славы”. Ад пачатку свайго існавання езуіты прысвяцілі сябе абвяшчэнню Евангелля на місіях і апостальству ў галіне адукацыі.

2. Кожнае прэзбітэрскае пасвячэнне выклікае пачуццё глыбокай павагі і здзіўлення. Найперш таму, што праз рукі і малітву біскупа дзейнічае сам Бог, дзякуючы чаму ласкаю сакрамэнту святарства пасвячаемы становіцца Alter Christus – Другі Хрыстус.  

Калі мы глядзім на кандыдата ў святарства, то, напэўна, задаём сабе пытанне: кім з’яўляецца святар? Ён ва ўсім падобны да кожнага іншага чалавека, але адначасова адрозніваецца ад яго, бо на яго ўскладзена нейкае асаблівае заданне і даручана спецыяльная місія, дзякуючы чаму ён нясе людзям Божы дар. Трэба заўважыць, што гэта Божы дар, а не вытворчасць самога святара. Гэтым дарам з’яўляецца ласка, якой людзі чакаюць і якая патрэбна для збаўлення.

Прыгожа аб гэтым кажа прарок Ісая: “Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце, купляйце без срэбра і без платы за віно і малако” (Іс 55, 1). Гэтай вадой з’яўляецца Божая ласка, якая духоўна ажыўляе чалавека. Атрымаць яе можна толькі праз паслугу святара.

3. Заданні святара ўстанаўлівае Касцёл, і імі з’яўляюцца наступныя.

Першым і галоўным заданнем з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова і навучанне праўды веры. Гэтае заданне асабліва актуальнае ў наш час, калі чалавек адыходзіць ад веры, калі яго вера слабее, калі народам з багатай хрысціянскай традыцыяй патрэбна новае абвяшчэнне Евангелля, мэтай якога з’яўляецца спатканне з Езусам.

Наступным заданнем святара з’яўляецца асвячэнне чалавека Божай ласкай, што адбываецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў. Дзякуючы гэтым бачным знакам нябачная Божая ласка зыходзіць да чалавека. У сакрамэнтах праз паслугу святара дзейнічае сам Хрыстус. Таму сакрамэнты – гэта не прыватныя дзеянні святара, а дзеянне самога Збаўцы.

Нарэшце, трэцім заданнем слугі алтара ёсць кіраванне Божым народам праз служэнне яму. Святар узяты з людзей і людзям на служэнне пастаўлены (пар. Гбр 5, 1). Ён павінен быць добрым пастырам, а не наймітам, які толькі думае пра свае асабістыя справы (Ян 10, 11-18). Святы Айцец Францішак кажа вельмі прыгожа, што святары не могуць быць тымі, якія толькі стрыгуць авечак. Іх заданнем ёсць служыць людзям. Таму яны павінны ведаць пах людзей, гэта азначае ведаць, чым яны жывуць. Яны павінны дапамагаць ім уладкаваць іх духоўнае жыццё, па меры магчымасці дапамагаць таксама і матэрыяльна, і бараніць ад дзеяння злога духа.

Такім чынам, святар з’яўляецца як быццам мостам паміж грэшным чалавекам і міласэрным Богам. Яго заданнем ёсць абвяшчаць людзям праўду аб тым, што цемра гісторыі пераменена святлом Хрыста.

4. Святарскае служэнне можа прымаць розныя формы. Але ў якой бы форме яно ні ажыццяўлялася, святар забяспечвае тое, што сапраўды неабходна чалавеку для збаўлення і што ён можа прапанаваць у сілу свайго святарскага пасвячэння. Гэта прынцыпова бачна ў выпадку з Эўхарыстыяй, якая ляжыць у аснове жыцця і місіі святара і сімвалізуе яго святарскую асобу. Дзякуючы святару хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Хрыста, які памёр на крыжы і з бока якога цякла кроў і вада для збаўлення людзей і іх прымірэння з Богам. Моц перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста святар атрымаў як дар Хрыста і з’яўляецца носьбітам гэтага дару. Усё яго жыццё і яго быццё павінны быць сфармаваны гэтай праўдай.

Гэта таксама павінна быць бачна і ў служэнні Слова. Тут маецца на ўвазе не толькі абвяшчэнне Евангелля, але і вучэнне праўды веры, духоўнае кіраўніцтва, камунікацыя, дабрачыннасць і г.д. У нас ёсць нашы асабістыя меркаванні, погляды і ідэі, але мы заўсёды павінны заставацца носьбітамі Слова Божага, якое мы пакліканы даць іншым.

Ажыццяўленне паклікання павінна быць бачна і ў служэнні людзям і кіраўніцтве імі, што з’яўляецца вельмі актуальным у наш час, калі ўсе толькі і мараць аб абсалютнай свабодзе і незалежнасці. Аднак мы павінны памятаць, што свабода дзяцей Божых знаходзіцца ў межах Божага закону.

Такі спосаб разумення святарскага жыцця па праву называецца пакліканнем. Аб чым сведчыць Евангелле, якое распавядае, як галілейскія рыбакі пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам (пар. Мц 4, 18-22). Такім чынам Евангелле нагадвае аб сутнасці паклікання - пакінуць тое, да чаго мы прывыклі, і пайсці ў новае і невядомае. Галілейскія рыбакі пакінулі сваю працу, хаця былі вопытнымі рыбакамі, і пайшлі за Езусам, не вельмі добра ўяўляючы сабе, чым усё гэта можа завяршыцца.

Такое рашэнне цяжка зразумець сучаснаму маладому чалавеку, які хоча ведаць свой лёс і быць упэўнены ў ім. Гэта вынік пануючай у сучасным свеце палітыкі прагматызму. Але ісці туды, куды нас пасылаюць, жыць з тымі, да каго мы пасланы, і выконваць працу, да якой мы пакліканы, – гэта праяўленне нашага святарскага паклікання і шлях жыцця, які патрабуе свабоднага выбару.

5. Паколькі сёння прэзбітэрскае пасвячэнне атрымлівае езуіт, які належыць да Незалежнага Расійскага рэгіёна “Таварыства Езуса”, то да месца нагадаць пра героя-езуіта першай паловы ХХ стагоддзя, амерыканскага святара а. Вальтэра Цішэка SJ. У савецкія часы ён тайна прыбыў у СССР, каб там служыць людзям. Але хутка быў арыштаваны і змешчаны ў канцэнтрацыйны лагер у Сібіры, дзе, нягледзячы на пагрозы жыццю, выконваў свае святарскія абавязкі. У сваіх успамінах ён піша, як людзі, даведаўшыся, што ён святар, самі ішлі да яго. Яны патрабавалі яго, каб даў ім Божую ласку. Яны прыходзілі да святара як да Божага чалавека, што абавязвала да служэння ім. Айцец Вальтэр Цішэк у сувязі з гэтым піша, што менавіта ў гэтым заключаецца прыгажосць і годнасць святарства.

Святы Ян Павел II кажа, што святар - жывы вобраз Хрыста, дзякуючы якому Ён прысутны ў свеце. Менавіта гэта зведаў а. Вальтэр Цішэк у канцэнтрацыйным лагеры. Людзі ішлі да яго. І гэта была не яго заслуга, але Таго, які яго такім учыніў і каго ён прадстаўляў, – Езуса Хрыста.

Святарства – гэта дар для самога святара, бо ён дзейнічае моцаю Хрыста, і дар для хрысціянскай супольнасці, для Касцёла. Так было заўсёды, што асабліва было бачна падчас ганенняў на Касцёл, калі людзі шукалі святара за тысячы кіламетраў. Так павінна быць і цяпер, у часы крызісу веры і крызісу пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Падобна таму, як складаныя ўмовы канцэнтрацыйнага лагеру ў Сібіры не перашкодзілі а. Вальтэру Цішэку SJ выконваць яго святарскае служэнне, таксама і сучасныя цяжкасці і культура секулярызму, якая ўмацоўваецца, не могуць перашкодзіць сапраўдным слугам алтара ў ажыццяўленні іх паклікання.

6. Цудоўны ўлоў рыбы, аб якім распавядае Евангелле (пар. Лк 5, 1-6), паказвае, што неабходна даверыцца Хрысту, выплыць на глыбіню і закінуць сеткі, нягледзячы на шматлікія сумневы. Езус і сёння чыніць цуды. Святар на сваім жыццёвым шляху спаткае шмат розных людзей, якіх павінен напаіць жывой вадой Божай ласкі.

Характэрным з’яўляецца навяртанне святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса. У маладосці ён вёў свабодны стыль жыцця і не вельмі праймаўся Божымі справамі. Падчас вайны з французамі ён быў паранены, і калі праходзіў рэабілітацыю, папрасіў, каб яму прынеслі які-небудзь раман або рыцарскі аповед. Аднак у шпіталі нічога такога не было, і яму далі кнігу “Жыццё Хрыста”, якая стала пачаткам яго навяртання. У сваёй аўтабіяграфіі ён успамінае, што тады меў візію Марыі з Дзіцяткам Езусам, якая кардынальна змяніла яго жыццё. Езус сваёю ласкай змяніў яго жыццё і ўчыніў сваім абраным начыннем, і яго духоўнае вучэнне не страціла сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень.

7. Сучасны свет таксама захоплены свецкімі справамі і не думае пра духоўныя. Гэтым самым ён трапляе ва ўсё новыя залежнасці. Дыякан Віктар, праз некалькі хвілін ты станеш святаром, памятай аб тым, што ў гэтым свеце шмат такіх, якія не спаткалі Бога або забыліся пра Яго. Шмат такіх, якія паранены духоўна і хварэюць на духоўную праказу. Бог пасылае цябе да іх, каб дзякуючы тваёй паслузе яны з духоўна хворых сталі падобнымі да твайго духоўнага настаўніка святога Ігнацыя Лаёлы.

Сімвалічна, што прэзбітэрскае пасвячэнне ты прымаеш ва ўспамін св. Максімільяна Кольбэ, які ў жудасных абставінах лагеру смерці ў Асвенцыме захаваў святарскую годнасць і аддаў жыццё за іншага чалавека. Ён памёр, але жыццё затрыўмфавала. Сімвалічна і тое, што ты становішся прэзбітэрам у вігілію ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца Маці  святароў.

Няхай жа Яе прадстаўніцтвам Бог, які цябе паклікаў да святарства, дапоўніць распачатую справу, каб ты сваім служэннем, нясеннем Бога патрабуючым і шукаючым Яго сапраўды быў радасцю і надзеяй Ордэну езуітаў і ўсяго Касцёла. Амэн.  

Адноўлена 14.08.2014 19:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі