Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на святой Імшы ў ХХ Звычайную нядзелю

17 жніўня 2014 г., Мінск, касцёл святых Сымона і Алены

Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог – наша надзея

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшнія чытанні канцэнтруюць нашу ўвагу на прадмеце Божай міласэрнасці, якая, як кажа святы Ян Павел II, з’яўляецца адзінай надзеяй свету. Ужо ў першым чытанні прарок Ісая нагадвае аб Божай справядлівасці адносна тых, хто жыве справядліва. Пры гэтым прарок таксама ўзгадвае і пра тое, што чужаземцы, гэта азначае тыя, хто не належыць да Выбранага народу, але давяраюцца Богу, таксама спазнаюць Яго справядлівасць. У другім чытанні, узятым з паслання апостала Паўла да Рымлянаў, нагадваецца пра тое, што і язычнікі спазнаюць Божую міласэрнасць, калі навернуцца да Бога. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца Евангелле, у якім распавядаецца аб тым, як Езус выслухаў просьбы ханаанскай жанчыны і вылечыў яе дачку ад апантанасці злым духам.

2. Калі мы ўважліва слухалі словы Евангелля, то з лёгкасцю заўважылі, што першы адказ Езуса на просьбу гэтай жанчыны быў як быццам правакацыйны. Ханаанская жанчына ішла за Езусам і прасіла, каб вызваліў яе дачку ад апантанасці злым духам. Езус маўчаў, а апосталы прасілі Яго адаслаць яе, бо яна крычала ўслед за імі. Можна зразумець гэтую жанчыну. Яна крычала, бо яе дачка была апантаная. А кожная маці хоча дабра свайму дзіцяці, хоча бачыць яго здаровым. На просьбу апосталаў адаслаць жанчыну далей ад іх Езус правакацыйна сказаў, што Ён пасланы да загінуўшых авечак з дому Ізраіля.

Але далей наступае самае цікавае. Жанчына падыходзіць да Езуса, каб размаўляць з Ім асабіста, а не толькі прасіць здалёк. Яна просіць ад дапамозе. І зноў гучыць правакацыйны адказ Езуса, які кажа, што нягожа забіраць хлеб у дзяцей і кінуць яго шчанятам. Дзеці – гэта Выбраны народ, а шчаняты – гэта паганцы, язычнікі.

Кажучы так, Езус хацеў выпрабаваць веру гэтай жанчыны. І яна сапраўды яе паказала, адказваючы, што і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала іх гаспадароў. Езус пахваліў яе вялікую веру і ўчыніў цуд выбаўлення яе дачкі ад апантанасці злым духам. Гэтым самым Ён яшчэ раз паказаў, што прыйшоў збавіць не толькі Выбраны народ, але і ўсё чалавецтва.

3. Гэтым шляхам ішлі апосталы і гэтым шляхам ужо 2000 гадоў ідзе Касцёл. Апосталы найперш абвяшчалі Евангелле габрэям, але на гэтым не затрымліваліся. Добра зразумеўшы запавет Езуса: “Ідзіце і навучыце ўсе народы”, яны ішлі таксама і да язычнікаў. Найлепшым прыкладам з’яўляецца апостал Павел, якога называюць апосталам язычнікаў.

Выконваючы сваю місію абвяшчэння Евангелля ўсім народам, апосталы звярталі ўвагу на тое, што і язычнікі, прынамсі некаторыя, мелі вялікую веру, падобна той, якую мела ханаанская жанчына. Многія язычнікі не ведалі Хрыста, але мелі моцную натуральную веру ў Бога і нават былі прыкладам габрэям.

4. Чынячы цуд вызвалення ад злога духа дачкі ханаанкі, Езус як быццам кажа, што ніхто не можа быць выключаны з гісторыі збаўлення, для якога патрэбна вера. Гэта таксама добры ўрок для сучаснага чалавека і хрысціяніна. Мы не можам пазбаўляцца тых, якія не належаць да Касцёла, але шукаюць праўды і Божай дапамогі. Калі мы разам з Езусам увойдзем у сітуацыю тых, якія знаходзяцца ў патрэбе і шчырым сэрцам шукаюць Бога, якога дасюль не ведаюць, то ўбачым тое, чаго Бог чакае ад нас, - а менавіта дапамагчы гэтым людзям Яго знайсці.

Ханаанка была выслухана, бо яе вера была больш магутнай, чым яе паходжанне. Вера – гэта агонь, які распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека. Калі мы падвяргаемся ўплыву веруючага чалавека, то наша вера расце. Расце яна і тады, калі дзякуючы нам вера іншых умацоўваецца. Тут існуе ўзаемная рэляцыя: дапамагаючы іншым, мы таксама дапамагаем сабе. Падобна таму, як настаўнік, вучачы іншых, удасканальваецца і сам.

5. Ніхто не можа спыніць агонь Святога Духа, які дзьме туды, куды хоча. Мы не можам загадаць Богу, як і дзе Ён павінен дзейнічаць. Мы таксама не маем права казаць іншым, што ў нас ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ў іх душы няма Бога. Вельмі сумна, калі хрысціяне розных веравызнанняў абвінавачваюць адзін аднаго ў тым, што яны не сапраўдныя хрысціяне.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што і іншыя хрысціянскія супольнасці не пазбаўлены значэння і вагі ў таямніцы збаўлення. Асабліва гэта адносіцца да Праваслаўнай Царквы, у якой ёсць усе сродкі для збаўлення. Сабор заклікае да прызнання, захоўвання і падтрымкі тых духоўных, маральных і сацыяльна-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў нехрысціянскіх рэлігіях. Часамі нам, хрысціянам, неабходна вучыцца ў іх. Напрыклад, мусульмане ніколі не прапусцяць устаноўлены час малітвы, а мы, хрысціяне, вельмі часта забываемся не толькі аб тым, што трэба маліцца кожны дзень, а ў нядзелю і свята прымаць удзел у святой Імшы, але і зусім не молімся.

Божая міласэрнасць бязмежная, і Бог вызначае шляхі збаўлення кожнаму чалавеку і кожнаму народу. Мы не павінны замыкацца ў сваім уласным каталіцкім гетта. Нам неабходна клапаціцца аб абвяшчэнні Евангелля ўсім людзям, каб Божая міласэрнасць дасягнула іх як мага хутчэй.

6. Вельмі павучальнай з’яўляецца гісторыя Давіда, які не раз грашыў супраць Бога. Быў момант, калі ён паверыў больш у сваё войска, чым у Божую моц. Прарок Гад прапанаваў яму тры пакаранні: голад яго народу, уцёк ад ворагаў і пакаранне чумой. Давід падумаў і сказаў, што першыя два пакаранні былі б выратаваннем у выпадку, калі б іншыя людзі аказалі яму сваю міласэрнасць. Але трэцяе пакаранне – чума – будзе выратаваннем толькі тады, калі Бог будзе міласэрным. І ён выбраў пакаранне чумой, кажучы, што лепей трапіць у рукі Бога, міласэрнасць Якога бязмежная, чым у рукі людзей.

Праблема ў тым, што Божая міласэрнасць бязмерная і большая, чым чалавечая. Чалавек вельмі хутка пасылае іншых у пекла, калі яны не ўпісваюцца ў межы яго разумення хрысціянства. У сённяшнім Евангеллі мы бачылі, што нават апосталы хацелі пазбыцца ханаанскай жанчыны. Яны вырашылі, што язычнікі не могуць быць лепшымі за хрысціян. Аднак Бог паступае інакш. Ён хоча, каб усе людзі дасягнулі збаўлення.

7. Аб гэтым вельмі добра сведчыць гісторыя хрысціянства. Шмат язычнікаў ці веруючых нехрысціянскіх рэлігій потым сталі хрысціянамі і святымі. Трэба памятаць, што Езус глядзіць у сэрца чалавека, а не на тое, як ён апрануты ці якую пасаду займае. Ён ведае нас лепей, чым мы сябе самі. Таму, беручы прыклад з ханаанскай жанчыны, не пераставайма прасіць дапамогі ў Бога. Даверым сябе, свае лёсы і лёсы нашай краіны Божай міласэрнасці, у якой наша надзея. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі