Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXI Звычайную нядзелю, Год А

24 жніўня 2014 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Пётр – скала і гарантыя адзінства

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле распавядае нам пра выбар апостала Пятра быць бачным галавой Хрыстовага Касцёла і фундаментам, на якім Езус яго будуе.

Год 1978 упісаўся ў гісторыю як год трох Пантыфікаў. Памірае Папа Павел VI. Канклаў выбірае Папам венецыянскага кардынала Альбіно Лучыяні, які абірае сабе імя Ян Павел. Ён, аднак, пасля 33 дзён нечакана памірае. Новы канклаў, і зусім нечакана Папам становіцца прадстаўнік камуністычнай краіны Польшчы кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, які абраў сабе імя Ян Павел II. Гэта быў першы пасля чатырох з паловай стагоддзяў Папа-неітальянец.

Год 2005 становіцца годам дваіх Папаў. Пасля смерці Яна Паўла II канклаў выбіраў Папам нямецкага кардынала Ёзафа Ратцынгера, які абраў сабе імя Бэнэдыкт XVI.

Мінулы 2013 год таксама адзначыўся як год дваіх Пантыфікаў – Папы Ратцынгера, які дабравольна пакінуў сваю пасаду, і новаабранага Францішка. Як заўсёды, так і гэтым разам перад абраннем новага Папы медыя былі перапоўнены рознымі прагнозамі і здагадкамі на тэму таго, хто стане наступным пераемнікам апостала Пятра. Былі выразныя лідары, і многія спадзяваліся, што Папам стане адзін з іх. Італьянцы таксама чакалі рэваншу і марылі, што іх кандыдат зойме пасад святога Пятра. Аднак канклаў яшчэ раз пацвердзіў старую праўду, што Папу выбіраюць не журналісты, але Святы Дух. І новым Пантыфікам ён выбраў кандыдата з канцоў зямлі, з далёкай Аргенціны, – як заўважыў сам Папа Францішак.

2. Хрыстус, ведаючы аб тым, што пасля завяршэння атрыманай ад Нябеснага Айца місіі павінен будзе вярнуцца ў Яго дом, паклапаціўся аб тым, каб на зямлі застаўся Яго Вікарый, які будзе бачнай галавой сусветнага Касцёла і якому Ён дасць ключы Божага Валадарства. Калі б у той час людзям задалі пытанне, каго з апосталаў Езус абярэ сваім Вікарыем на зямлі, то, напэўна, былі б розныя меркаванні: можа, Пётр, можа, Якуб, можа, Ян, як любімы Яго вучань, а можа, нехта іншы.

Аднак Хрыстус выбраў Пятра. Чаму? Напэўна, выбраў Пятра не таму, што, магчыма, той быў наймацнейшым у параўнанні з іншымі. Вядома таксама, што ён не быў самым адукаваным сярод апосталаў. Не быў ён і звязаны сямейнымі сувязямі з Езусам.

Адказ на пастаўленае вышэй пытанне дае сённяшняе Евангелле. Пётр першым з апосталаў прызнаў у Езусе Сына Божага. Пры гэтым ён прамаўляў ад імя ўсіх апосталаў, а не толькі ад свайго, бо ніхто іншы з іх не супрацівіўся і не каментаваў выказвання Пятра. Ён быў выбраны таму, што лідар павінен служыць іншым. А такім якраз і быў Пётр. Ён кіраваў выбарам апостала Мацвея, які замяніў Юду. Пётр першым прамаўляў на Пяцідзясятніцы і на сходзе апосталаў у Ерузалеме.

Выбар Пятра вучыць нас таксама і таму, што Божая ласка можа слабага, нават нявернага ўчыніць лідарам. Ведаем, што Пётр аж тры разы адрокся ад Езуса, але потым шкадаваў і пайшоў шляхам Хрыста аж да крыжовай смерці.

Устанаўліваючы прымат Пятра, Езус Хрыстус учыніў яго таксама і гарантам адзінства хрысціянства. Потым Хрыстус наказаў Пятру, каб пас Яго авечак і ўмацоўваў сваіх братоў у веры, паабяцаўшы пры гэтым яму малітоўную падтрымку.  

3. Ужо два тысячагоддзі Пётр, які жыве ў сваіх наступніках, умацоўвае нас у веры. Вучэнне Папы з’яўляецца святлом на нашым жыццёвым шляху і адказам на выклікі часу. Яно таксама з’яўляецца голасам сумлення кожнага часу, аб чым вельмі добра сведчаць апошнія Пантыфікі Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Яны мужна ўздымалі і ўздымаюць свой голас па найбольш надзённых пытаннях сучаснасці. Так, Папа Францішак заклікаў да малітвы аб супакоі ў Сірыі і, дзякуй Богу, вісеўшая ў паветры замежная вайсковая інтэрвенцыя, якая прывяла б да яшчэ большых ахвяраў і ўскладніла б і так складаную сітуацыю, была стрымана. А чаго вартая апошняя ініцыятыва Папы Францішка, якая заклікае сусветных лідараў і міжнародных арганізацый узняць свой голас у абарону хрысціян, пераследуемых у многіх краінах свету, а таксама да малітвы аб супакоі і свабодзе веравызнання там, дзе хрысціяне праліваюць кроў. Сапраўды, Папа з’яўляецца скалой, на якой Хрыстыс будуе свой Касцёл.

4. Папа таксама з’яўляецца знакам бачнага адзінства хрысціян. Калі мы жадаем адзінства паміж рознымі людзьмі, палітычнымі, грамадскімі і эканамічнымі структурамі, то павінны яднацца вакол адной ідэі, аднаго пункту. Гэта зразумела адносна кожнай грамадскай супольнасці. Тое ж самае правіла дзейнічае і ў адносінах да рэлігіі. Хрыстус заснаваў адзін і адзіны Касцёл, якога галавой Ён з’яўляецца. Пілігрымуючы па зямлі Касцёл, як боска-чалавечая рэальнасць, таксама павінен мець адну бачную галаву, каб быць адзіным.

5. Гэтай святой Імшой распачынаецца дзясяты юбілейны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”, галоўным заданнем якога з’яўляецца несці праўду Евангелля ў сучасны свет. Сярод многіх і разнастайных сродкаў евангелізацыі асаблівае месца займае хрысціянскае кіно і тэлепраграмы. І іх неабходна выкарыстоўваць як мага шырэй.

Дэвіз сёлетняга фестывалю “Каб усе былі адно” вельмі добра адпавядае думцы сённяшняга Евангелля, што апостал Пётр і яго наступнікі з’яўляюцца бачным знакам адзінства хрысціян. Падзел хрысціянства на заходняе і ўсходняе – на каталіцызм і праваслаўе, – а таксама падзелы ў заходнім хрысціянстве на каталіцызм і пратэстанцкія супольнасці – гэта не што іншае, як наступства граху і дзеянне злога духа, які дзейнічае паводле вядомага правіла: раздзяляй і валадар. Гэта таксама крывавая рана на адзіным Містычным Целе Езуса Хрыста. І мы пакліканы яе лячыць. Да гэтага заклікае нас Езус, які падчас Апошняй Вячэры маліўся, каб усе былі адно. У адзінстве наша сіла. Толькі аб’яднаныя, мы можам эфектыўна супрацьстаяць выклікам нашага часу, якіх з кожным днём становіцца ўсё больш і больш.

6. У ажыццяўленні гэтага запавету Езуса нам можа дапамагчы фестываль, які распачынаецца. Ужо дзясяты раз на ім прадстаўляюцца каталіцкія і праваслаўныя фільмы і тэлепраграмы, што прамаўляе само за сябе. Розныя хрысціянскія традыцыі разважаюць аб адным - як евангелізаваць сучасны свет. Ці гэта не знак імкнення да адзінства? Напэўна, так. Пры гэтым геаграфія фестываля пашыраецца, што нагадвае аб яго актуальнасці і неабходнасці, як новага спосабу евангелізацыі і імкнення да адзінства.

Фестываль праходзіць у юбілей 100-годдзя нараджэння жывога мучаніка таталітарных рэжымаў – камуністычнага і фашысцкага – Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, які таксама пакінуў багатую спадчыну аўтарскіх фільмаў і імкнуўся да адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста. Ён цярпеў разам з католікамі, праваслаўнымі, пратэстантамі, веруючымі і няверуючымі, годна знёс усе выпрабаванні, сведчачы сваё хрысціянскае і святарскае пакліканне, і дачакаўся адраджэння веры.

7. Будучы людзьмі ўваскрашэння, а не смерці, мы павінны імкнуцца да адзінства, паважаючы традыцыі адзін аднаго. Папа Францішак і Патрыярх Канстацінопальскі Барталамей падчас сумеснай сустрэчы 25 мая 2014 г. заклікалі хрысціян, вернікаў усіх рэлігійных традыцый і ўсіх людзей добрай волі прызнаць неадкладнасць той гадзіны, якая падахвочвае нас шукаць прымірэння і адзінства чалавечай сям’і пры поўнай павазе законных адрозненняў, дзеля дабра ўсяго чалавецтва і будучых пакаленняў. Таму існуючыя паміж хрысціянамі рознагалоссі не павінны нас пужаць і затрымліваць на пошуку шляхоў да адзінства. Для гэтага найперш неабходна кожнаму з нас ачысціцца і выйсці з магілы сваіх грахоў (пар. http://www.portal-credo.ru/site/?act=news&id=107942&topic=860).

Няхай жа фестываль “Magnificat”, які распачынаецца, спрыяе далейшай справе евангелізацыі для перадачы веры, будаўніцтву Касцёла на моцным фундаменце і стане новым крокам на шляху да так патрэбнага адзінства хрысціян. Няхай пераменіць існуючыя ў хрысціянстве недаверы адзін да аднаго ва ўзаемнае разуменне і любоў. Няхай дапаможа адсунуць усе перашкоды, якія перашкаджаюць адзінству, падобна таму, як быў адсунуты камень ад гроба Езуса, каб служэнне наступніка апостала Пятра стала ўсімі прызнаным служэннем любові і адзінства. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі