Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе, 31 жніўня 2014 г. Не прыстасоўвацца, але перамяняцца
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. “Часы змяняюцца, і я чыню толькі тое, што чыняць іншыя і што прымае грамадства.” Такі адказ можна вельмі часта пачуць у нашы часы на заўвагу, што чалавек не жыве паводле Божага закону. І гэта становіцца самай вялікай праблемай сучаснасці. А менавіта жыць так, як жывуць іншыя. Плысці па цячэнні, а не супраць. Жыць філасофіяй натоўпу, калі жыццёвым сredo становіцца не Божае права, але стыль жыцця грамадства, які, як добра ведаем, вельмі далёкі ад згоднага з маральнымі нормамі і натуральным правам.
2. Таму лагічна задаць пытанне: ці можа быць прымальным з маральнага пункту гледжання той факт, што грамадства дазваляе і прымае законы, якія не згодны з Божым правам, як напрыклад, разводы, аборты, эўтаназія, гомасексуальныя саюзы? Ці прымальным з маральнага пункту гледжання з’яўляецца тое, што ў грамадстве пануе геданізм або стаўленне прыемнасцяў на першае месца ў жыцці? Такое грамадства з’яўляецца амаральным з кожнага пункту гледжання.
Калі чалавек апраўдвае свае амаральныя паводзіны тым, што так жывуць усе і што такія паводзіны агульна прыняты ў грамадстве, гэта не што іншае, як, гаворачы словамі святога апостала Паўла, дастасоўванне да свету. У наш час – гэта дастасоўванне да секулярнага свету.
Менавіта гэты свет Хрыстус прыйшоў збавіць. Гэта свет самадастатковасці, самазадаволенасці, ганарлівасці, духоўнай цемры і г.д. Свет, у якім няма Бога.
3. У сакрамэнце хросту мы былі інкарпараваны ў іншы, Божы свет. Дзякуючы гэтаму кожны з нас з’яўляецца часткай новага свету, імя якому Божае Валадарства. Тысячы і тысячы людзей з надзеяй глядзяць на нас, каб мы асвятлілі цемру іх жыцця святлом Хрыста. І самая галоўная праблема - гэта спакушэнне тым, што вакол нас, з мэтай адрачыся ад таго, што ў нас унёс сакрамэнт хросту.
Усё гэта вядзе да пахіснення асноўных прынцыпаў нашага жыцця і нагадвае аб тым, што сучасны хрысціянін хоча верыць у такога Бога, які павінен выконваць яго пажаданні. Сучаснаму чалавеку патрэбны не такі Бог, якому трэба падпарадкавацца, але такі, які павінен падпарадкавацца чалавеку. Такім чынам чалавек пераварочвае ўсё з ног на галаву і змяняе ўстаноўлены Творцам парадак. Адсюль і тыя праблемы, з якімі сустракаецца сучасны свет.
4. Аднойчы група добра ўбраных маладых людзей прагульвалася па беразе возера. Яны ўбачылі лодачную станцыю, і адзін з іх прапанаваў паплаваць. Усе адмовіліся, бо не хацелі забрудзіць свае гарнітуры. Іх сябар, аднак, нягледзячы на ўсё, вырашыў выплыць чаўном на возера. Ён падышоў да чаўна, паставіў адну нагу ў яго, а другой стаяў на доку. Човен пачаў паволі адплываць ад берага. У выніку малады чалавек страціў раўнавагу і ўпаў у ваду. Ён упаў, бо адной нагой стаяў на беразе, а другой у лодцы. Прыказка кажа, што нельга адначасова сядзець на двух крэслах - гэта азначае, што нельга адразу добра выконваць дзве функцыі. Іншая прыказка вучыць, што калі пагонішся за двума зайцамі, то ніводнага не зловіш.
Праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён паступае так, як паступае свет, а не як хоча Бог. Ён прыстасоўваецца да свету, а не перамяняе яго. Хоча быць веруючым і адначасова прыпадабняе сябе свету. Гэта вельмі добра бачна ў сённяшнім Евангеллі. Езус дакарае апостала Пятра, які не хоча нават дапусціць думкі аб смерці свайго Настаўніка. Можа, гэта цяжка зразумець. Хрыстус толькі што ўстанавіў Пятра скалой, каб на ёй будаваць свой Касцёл. А цяпер называе яго сатаной. Як так можа быць? Можа, бо Пётр думаў не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае. Ён яшчэ не перамяніўся Божай моцай, але заставаўся духоўна старым, бо ў сваім мысленні быў дастасаваны да гэтага свету.
5. Мы не можам дазволіць, каб так адбывалася з намі. Свет, які знаходзіцца ў грахоўнай цемры, патрабуе святла Евангелля. Людзі шукаюць надзеі. Яны хочуць ведаць сэнс свайго жыцця. Нашым заданнем ёсць даць яго ім. Мы павінны стаць святлом Хрыста для іншых. Каб дасягнуць такой мэты, мы не павінны дастасоўвацца да гэтага свету, але быць зменены Божай ласкай.
Для гэтага неабходна дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах. Калі мы не прымаем лекаў, то яны не будуць дзейнічаць і мы не вылечымся. Калі не дапусцім Бога ў нашы сэрцы, то Ён таксама не будзе там дзейнічаць і не пераменіць нас.
6. Сёння ў вішнеўскім касцёле адбываецца цэлебрацыя сакрамэнту канфірмацыі і асвячаецца алтар св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і апекуна Езуса. У сакрамэнце канфірмацыі Святы Дух адорвае чалавека сваімі сямю дарамі і ўмацоўвае яго веру, каб жыў ёю, а не духам свету, і каб паступаў паводле Божай волі. Святы Юзаф добра зразумеў Божую волю і дазволіў Богу дзейнічаць у яго сэрцы. У выніку чаго Збаўца свету нарадзіўся ў сям’і і там выхоўваўся. Па прыкладу святога Юзафа нам неабходна даверыць сябе Богу, каб мы, падобна яму, з радасцю выконвалі Божую волю, што і з’яўляецца гарантыяй нашага шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці.
Неабходна памятаць, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла і праз нас змяняла свет. Няхай жа праграмай нашага жыцця будзе не прыстасаванне да звычаяў секулярызаванага свету, але імкненне да яго перамены паводле прынцыпаў Евангелля. Амэн.
|