Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы для студэнтаў з нагоды распачацця новага навучальнага года

Мінскі архікатэдральны касцёл, 17 верасня 2014 г.

Верыць, каб пазнаваць, і пазнаваць, каб верыць

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія студэнты!

1. “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!“ (Лк 12, 49). Мы толькі што пачулі гэтыя словы з Евангелля паводле Лукі. Засяродзімся на іх на пачатку новага навучальнага года.

Агонь займае асаблівае месца ў біблійнай сімволіцы. Асабліва шмат тэкстаў, звязаных з агнём, у Старым Запавеце. Найбольш вядомымі вобразамі агня з’яўляюцца наступныя. Агонь, якім гарэў куст у пустыні і не спальваў яго. Менавіта там Майсей пачуў наказ Бога зняць свае сандалі, бо ён стаяў на святой зямлі, і там атрымаў місію ад Бога вывесці ізраільскі народ з егіпецкай няволі. Стоўп агню і дыму ў пустыні ўказваў габрэям дарогу ў Зямлю Абяцаную. У агні выпрабоўваецца золата і срэбра. Прарокі таксама выкарыстоўвалі сімвал агню, каб нагадваць аб апошнім судзе.

Мы добра ведаем, што агонь патрэбны для таго, каб чалавек мог жыць. На агні мы гатуем ежу. Агонь нас абагравае, каб мы не замёрзлі, асвятляе, каб мы не блукалі ў цемры. Адначасова мы таксама ведаем, што агонь вельмі небяспечны. Ён можа спаліць нашы дамы і памяшканні. Ад яго чалавек можа атрымаць апёкі, і нават смяротныя.   

Такім чынам, агонь, калі выкарыстоўваецца паводле свайго прызначэння, жыццёва неабходны чалавеку. З іншага ж боку, калі ён выкарыстоўваецца не згодна са сваім першасным прызначэннем, то можа прынесці шмат зла.

2. Дарагія студэнты, вы распачынаеце новы навучальны год, каб пазнаваць таямніцы навукі і такім чынам падрыхтавацца да будучага жыцця і яго ўдасканальваць.

Веды і навука – гэта як быццам агонь. Яны, калі выкарыстоўваюцца згодна з Божай воляй, прыносяць плён і вельмі патрэбныя для жыцця чалавека і яго ўдасканалення. У той жа час, калі яны выкарыстоўваюцца не згодна з Божай воляй, то становяцца вялікім выклікам і нават пагрозай чалавецтву.

Сучасны свет перажывае энергетычны крызіс і для яго вырашэння ўсё часцей выкарыстоўвае ядзерную энергію. Аднак у той жа час свет занепакоены развіццём ядзерных тэналогій, бо ўсе памятаюць трагедыю Хірасімы і Нагасакі, калі першыя атамныя бомбы ў далёкім 1945 г. знішчылі гэтыя два японскія гарады. Усе памятаюць трагедыю Чарнобыля, якая мла месца ў 1986 г., або зусім яшчэ нядаўнюю трагедыю на японскай ядзернай электрастанцыі на Фукусіме.

Бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі – гэта не што іншае, як збройны і амаральны акт супраць Японіі, якая практычна ўжо паддалася. Мы да канца яшчэ не ведаем прычыны чарнобыльскай катастрофы, але яе наступствы былі і працягваюць заставацца вельмі сур’ёзнымі. Галоўная прычына аварыі на атамнай станцыю Фукусіма – гэта імкненне да ўзбагачэння любым коштам, бо станцыя ўжо выпрацавала свой рэсурс і яе трэба было закрыць або мадэрнізаваць. Гэтага, аднак, не адбылося і станцыя працягвала працаваць, у выніку чаго здарылася катастрофа.

Падобных прыкладаў амаральнага выкарыстання дасягненняў навукі можна знайсці шмат. Мы бачым, да чаго можа прывесці не згоднае з Божай воляй выкарыстанне дасягненняў генетыкі, калі чалавек урываецца ў святая святых – у перадачу Божага дару жыцця. Кожны чалавек мае свой непаўторны генетычны код, ДНК, якое з’яўляецца адметнай характарыстыкай чалавека. Усялякія спробы маніпуляваць гэтым Божым дарам нясуць у сабе небяспечныя наступствы, якіх мы нават не можам сабе ўявіць.

Рабунковае і не згоднае з Божай воляй выкарыстанне прыродных рэсурсаў і зямлі ўжо прывяло да экалагічнага крызісу, які пагражае экзістэнцыі чалавецтва.

Такіх прыкладаў можна прывесці значна больш. Усе яны сведчаць, што калі выкарыстоўваць так патрэбныя для развіцця чалавецтва дасягненні навукі не згодна з маральнымі нормамі, то яны могуць прывесці да катастрофы, прыкладаў якой мы маем сёння больш чым дастаткова.    

3. Распачынаючы новы навучальны год, дарагія студэнты, вы распачынаеце новы этап сваёй фармацыі. Ён не павінен быць аднабаковы, гэта азначае – не толькі навуковы і без адносін з духоўнасцю і маральнасцю.
 
Чалавек складаецца з цела і душы, і таму неабходна ўдасканальваць не толькі розум і цела, але і душу, каб супрацьстаяць выклікам секулярызму і жыць так, як быццам Бога зусім няма. Мы павінны быць сведкамі хрысціянскага стылю жыцця. Мы, хрысціяне, пакліканы да гэтага і свет ад нас чакае такога сведчання. Чакае ў студэнцкай аўдыторыі, у лабараторыі, у інтэрнаце, на стадыёне і дыскатэцы, ва ўсіх жыццёвых абставінах.

Чалавек павінен развівацца гарманічна. Таму навуковае ўдасканальванне павінна ісці ў нагу з духоўным, каб не страціць сваёй хрысціянскай годнасці. Святы Леў Вялікі ўсклікаў: “Хрысціянін, пазнай сваю годнасць”. Мы павінны ісці яшчэ далей, не толькі пазнаваць сваю годнасць, але і яе сведчыць. А гэта будзе тады, калі дасягненні чалавечага розуму будуць выкарыстоўвацца згодна з Божай воляй.

Вера і навука ніколі не супярэчылі адна адной, а наадварот - спрыялі як пазнанню законаў прыроды, так і ўмацаванню веры. Святы Ян Павел II вучыць, што вера і навука – гэта два крылы, на якіх чалавек ляціць да пазнання праўды. Няхай жа словы св. Аўгустына “Веру, каб пазнаваць, і пазнаю, каб верыць” спадарожнічаюць вам на шляхах новага навучальнага года. Няхай агонь ведаў і веры так распаліць вашы сэрцы, каб вы сапраўды развіваліся гарманічна. Няхай новы навучальны год, які распачынаецца, стане новым этапам вашай прафесійнай і духоўнай фармацыі, на хвалу Бога і карысць грамадства. Амэн.

Адноўлена 17.09.2014 11:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі