Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас асвячэння салезіянскага манаскага дома з араторыем імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах

20 верасня 2014 г.

Бараўлянскі аазіс духоўнага жыцця

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія ўдзельнікі сённяшняй ўрачыстасці!

1. Салезіянская супольнасць моцна ўкаранілася як на беларускай зямлі, так і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца шматлікія пастырскія акцыі, дабрачыннасць, фармацыя моладзі і г.д. Сведчаннем ёсць таксама і сённяшняя падзея, калі асвячаецца салезіянскі манаскі дом і афіцыйна распачынае дзейнасць араторый імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах.

Слова «араторый» паходзіць ад лацінскага слова «orare», што азначае «маліцца». Ідэя салезіянскага араторыя, натхняльнікам якога быў св. Ян Боско, — што гэта не толькі месца малітваы, але таксама месца навукі, гульняў і працы моладзі. Першы араторый быў заснаваны ў Турыне і прызначаўся для цяжкай моладзі з вуліц гэтага прамысловага горада. Вялікі настаўнік моладзі — св. Ян Боско — такім чынам даў цяжкай і беднай моладзі магчымасць вучыцца і атрымаць прафесію, каб яна потым магла ўладкавацца ў жыцці. Ён таксама даў ім магчымасць удасканальвацца духоўна.

Паводле св. Яна Боско, дзейнасць араторыя базуецца на чатырох наступных элементах:

- дом, дзе моладзь павінна адчуваць сябе адной сям’ёй, развіваць дух сяброўства, адчуваць апеку выхавацеляў і іх цяпло;
- школа, дзе моладзь атрымлівае магчымасць паглыблення сваіх ведаў, дапамогу ў навучанні і развіцці здольнасцяў;
- касцёл, дзе моладзь мае магчымасць духоўнага ўдасканальвання і развіцця адносін з Езусам, для чаго збіраецца на заняткі ў біблійных і малітоўных групах;
- стадыён і тэатр, дзе моладзь удасканальваецца фізічна і развівае свае акцёрскія і мастацкія здольнасці.

2. У сённяшнім першым чытанні з Паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў апостал народаў задае вельмі важнае пытанне: «Як памерлыя ўваскрэснуць?» (1 Кар 15, 35). І потым дае на яго адказ, што пакуль зерне не памрэ, то не ажыве (пар. 1 Кар 15, 36). Нешта падобнае мы перажываем на нашай прапітанай крывёю мучанікаў і розных войнаў зямлі. Можа, многім здавалася, што ўжо ніколі на нашай радзіме не загучыць голас Евангелля, бо атэістычныя ўлады амярцвілі яго зерне. Аднак Бог, які з’яўляецца гаспадаром гісторыі, ставіць апошнюю кропку над «і» і піша проста на пакручастых лініях гісторыі. Сёння ізноў Добрая Навіна абвяшчаецца на нашай зямлі.

Мы маем вельмі шмат сведчанняў гэтаму, калі пасля трох пакаленняў ганенняў Касцёл адраджаецца, бо кроў мучанікаў ёсць насеннем хрысціян, як кажа Тэртуліян. Парафія Маці Божай Успамогі хрысціянаў, якая развіваецца ў Бараўлянах, і араторый імя св. Дамініка Савіо, які асвячаецца сёння, — гэта найлепшыя сведчанні ўваскрашэння Касцёла.

3. Бараўляны вядомыя як буйны медыцынскі цэнтр нашай краіны, дзе паспяхова лечаць розныя хваробы, у тым ліку і вельмі небяспечныя, такія, як рак. Аднак сярод хвароб сучаснага свету ёсць яшчэ адна, духоўная. Рак секулярызму нішчыць усё духоўнае, з хрысціянскай зямлі чыніць духоўную пустыню. Гэта найбольш сур’ёзны выклік нашага часу, бо прычынай усіх крызісаў з’яўляецца духоўны крызіс. На яго неабходна адказаць і лячыць рак секулярызму. Паступаючая секулярызацыя вядзе да дэхрысціянізацыі. У выніку чаго рэлігія замяняецца чалавечымі ідэалогіямі, паводле якіх не Бог, але чалавек павінен збавіць сябе. Такія ідэалогіі выхоўваюць новага чалавека, індыферэнтнага на Божы закон і эгаістычнага, што вядзе да паўстання новых канфліктаў паміж людзьмі і народамі.

4. Араторый, які адкрываецца сёння, якраз і павінен стаць месцам лячэння гэтай найбольш небяспечнай хваробы сучаснасці праз выхаванне маладога пакалення на прынцыпах Евангелля. Сучаснаму свету патрэбны не толькі антыбіётыкі ці іншыя лекі, але Божы дух, які ажыўляе чалавека. Заўтрашні свет будзе такім, якой будзе моладзь.

Таму абавязкам Касцёла ёсць адпаведная выклікам і знакам часу фармацыя маладога пакалення паводле маральных прынцыпаў. Моладзь павінна быць выхавана так, каб яна ведала, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Толькі тады яна будзе здольнай захаваць веру, яе ўмацоўваць, бараніць і на яе прынцыпах будаваць сваё жыццё. Толькі тады яна стане новым зачынам. Толькі тады яна будзе здольная змяніць свет на лепшы.    

5. Два стагоддзі таму Бог паклікаў св. Яна Боско і даў яму асаблівую харызму выхавання моладзі і падрыхтоўкі яе да самастойнага жыцця. Яго прэвентыўны метад выхавання не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час. Дэвізам свайго служэння ён выбраў словы: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце». Ён актуальны і цяпер, калі ідзе адкрытая барацьба за душы людзей. Стаўка ў гэтай барацьбе вельмі вялікая, - а менавіта мець духоўна дасканалых людзей, якія не баяцца супрацьстаяць выклікам часу і плыць супраць цячэння, а не жыць філасофіяй натоўпу і плыць па цячэнні, становячыся непрадуктыўнымі трутнямі.

Хрысціянін пакліканы ўдасканальваць гэты свет. Для чаго ён найперш сам павінен быць духоўна моцным, каб справы гэтага свету не захілялі перад ім справы духоўныя, каб ён не прыпадабняўся свету, але жыў духам Евангелля.

6. Святы Дамінік Савіо вельмі любіў гуляць у футбол, зрэшты як любіць кожны італьянец. І вось аднойчы, калі ён гуляў у гэтую найбольш папулярную на свеце гульню, яго спыталіся, што ён рабіў бы, калі б яму сказалі, што праз некалькі хвілін наступіць канец свету. На гэта ён адказаў, што працягнуў бы гуляць.

У гэтых словах юнага святога крыецца веліч хрысціянскага паклікання і бязмежны давер Богу. Дамінік быў выхаваны так, што да канца даверыўся Богу, бо Ён быў у яго сэрцы. Ён прыпадобіўся не свету, але Богу, і таму ў яго не было праблемы спаткацца з Ім.

7. Араторый святога Дамініка Савіо! Сёння дзень твайго нараджэння. Сёння ты распачынаеш сваю дзейнасць. У абставінах секулярызацыі, якая распаўсюджваецца і, як новы Чарнобыль, імкнецца нашу багатую на хрысціянскія традыцыі зямлю ператварыць у духоўную пустыню, будзь аазісам духоўнага жыцця. Заставайся верным харызме св. Яна Боско і так выхоўвай моладзь, каб па прыкладу свайго апекуна, будучы ў свеце і ў ім выконваючы свае абавязкі, яна не прыпадобілася яму, але заўсёды заставалася вернай свайму хрысціянскаму пакліканню і жыла паводле духу Евангелля.

«In nomine Domini» — «У імя Пана» — у новы шлях, бараўлянскі араторый. Амэн.

Адноўлена 20.09.2014 21:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі