Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас наведвання парафіі ў Адэльску

28 верасня 2014 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. У сённяшнім Евангеллі на XXVI Звычайную нядзелю Езус заклікае нас да адказнасці за нашы словы і да неабходнасці быць паслухмянымі Божай волі. У гаспадара былі два сыны, якім ён загадаў працаваць у полі. Першы сказаў бацьку, што не пойдзе, але потым адумаўся і пайшоў. Другі паабяцаў працаваць, але не пайшоў. Хто выканаў волю бацькі? Вядома, першы.

Часта падобна бывае і ў нашым жыцці. Мы шмат чаго абяцаем, але потым не выконваем. Нездарма прыказка кажа, што абяцанкі – гэта цацанкі. У жыцці лічацца не словы, але справы. Чалавека, які толькі хваліцца і шмат гаворыць, але нічога не робіць, не паважаюць.

2. Як хрысціяне і веруючыя мы таксама абавязаны жыць паводле Божага закону. Абяцанні хросту – не пустыя словы, але абавязак перад Богам. Гэта дадзенае Яму слова, і яно павінна быць выканана, калі мы жадаем быць сапраўднымі хрысціянамі. Незахаванне Божых запаведзяў, сужэнская нявернасць, аборты, алкагалізм, наркаманія, сацыяльная несправядлівасць і многія іншыя анамаліі нашага жыцця – гэта не што іншае, як адмаўленне ад дадзеных Богу абяцанняў. Гэта таксама адмаўленне ад нашай хрысціянскай ідэнтычнасці.

Касцёл заўсёды стаіць на варце маральнасці і дапамагае чалавеку вярнуцца на яе шлях. Гэта ён чыніць праз сваіх пастыраў.

3. Такім бескампрамісным у справах маралі і адначасова абвяшчаючым Божую міласэрнасць быў ксёндз прэлат Пётр Барташэвіч. Многія з нас памятаюць, як пасля доўгага перыяду адсутнасці святара ў Адэльску ў 1956 г. з’явіўся малады і дынамічны ксёндз, які адразу змяніў аблічча парафіі. Яго харызма прыцягвала ўсіх, асабліва маладых, нягледзячы на забароны атэістычнай улады. Тут, у Адэльску, а потым у Жалудку фармавалася моладзь і яе хрысціянская будучыня.

Сёння мы дзякуем табе, наш настаўнік, які быў змушаны тагачаснымі ўладамі пакінуць Адэльск у 1961 г. і якога Бог паклікаў да сябе ў 1991 г. Ты адышоў, як адыходзіць кожны іншы чалавек. Але ты да канца выканаў сваю місію святара, якую Божы Провід даверыў табе выканаць у цяжкія часы ганенняў. Ты перанёс ліхалецці сібірскай ссылкі і лагераў. Ты мужна супрацьстаяў атэістычным уладам, бараніў веру, распаўсюджваў і ўмацоўваў яе. Асабліва дбаў аб рэлігійным выхаванні моладзі, як будучыні Касцёла. Ты быў адпаведным святаром, якога Бог паслаў Касцёлу ў Беларусі ў адпаведны час. Плён, які ты прынёс на гэтую зямлю, трывае і павялічваецца.

4. Божы Провід распарадзіўся так, што я быў адным з тваіх вучняў. Гэта ты вучыў мяне праўдам веры і неабходнасці захоўваць хрысціянскую ідэнтычнасць, не марнаваць дару паклікання. Калі я ад’язджаў на вучобу ў Ленінград, ты мне сказаў, дзе знаходзіцца касцёл у гэтым велізарным горадзе на Няве. Калі я вучыўся ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце, ты цікавіўся як станам маёй вучобы, так і маім духоўным станам і дапамагаў жыць у адпаведнасці з Божым правам. Потым ты вельмі далікатна падказваў пытацца ў Бога на малітве: ці часам Ён не кліча мяне да святарства. І менавіта ты напісаў мне рэкамендацыю ў семінарыю.

Дзякую табе, бо добра разумею, што без тваёй рады і малітвы я наўрад ці распазнаў бы голос паклікання да святарства. Ты адышоў, дачакаўшыся адраджэння Касцёла, знакам чаго быў новапрызначаны біскуп, семінарыя, новыя святары і касцёлы і г.д.

5. Як твой вучань, па волі Бога і рашэннем святога Яна Паўла II я стаў першым пасля 60 гадоў біскупам на Беларусі. Потым доўга працаваў у Расіі, і цяпер зноў на сваёй Айчыне.

Божы Провід сёння дазваляе мне ў сваёй роднай адэльскай парафіі адзначаць сярэбраны юбілей біскупскай сакры. Хачу адзначаць яго разам з вамі, дарагія адэльчане, з тымі, сярод каго я нарадзіўся, з кім узрастаў і фармаваўся.
 
Найперш хачу падзякаваць Богу за дар жыцця і бацькам, якія мне яго перадалі і былі першымі выхавацелямі. Гэта яны разам з бабуляй у цяжкія часы ганенняў прывілі мне любоў да Бога і Касцёла, вучылі жыць згодна з Божымі запаведзямі, любіць бліжняга як самога сябе. Дзякую трагічна памерлай сястры за яе прыклад веры і клопат аб сваёй сям’і і аба мне. Колькі ёй, як настаўніцы, трэба было знесці здекаў з-за таго, што яе брат быў святаром! Але яна не паддалася і вытрывала. Дзякую ўсім блізкім, аднакласнікам і ўсім адэльчанам, усім, хто падтрымліваў мяне малітвай і прыкладам.

6. Дваццаць пяць гадоў таму Папа Ян Павел II прызначыў мяне біскупам. Дзякуючы біскупскаму пасвячэнню святар яшчэ мацней злучаецца з Хрыстом і Касцёлам і з Божага ўстанаўлення становіцца наступнікам Апосталаў і членам Калегіі Біскупаў на чале з Папам. Да такой годнасці ўзвёў мяне, сына адэльскай зямлі, святы Ян Павел II у тыя складаныя часы перабудовы, калі ламаўся стары парадак і яшчэ невядома было, што нас чакае заўтра.

Прызначэнне біскупа ў Беларусі пасля 60 гадоў – гэта  знак павагі Апостальскага Пасаду і Папы да Касцёла ў нашай краіне, які так шмат выцерпеў, захаваў веру і заслужыў нармальнае жыццё і дзейнасць. Гэта таксама знак павагі да Беларусі. Дзякуючы гэтаму прызначэнню таксама і Адэльск стаў вядомым ва ўсім свеце.

У тыя складаныя часы Папа даверыў мне спачатку Касцёл у Беларусі, потым у Еўрапейскай частцы Расіі і цяпер зноў у маёй Айчыне. Мінулыя чвэрць стагоддзя былі часам адраджэння Касцёла ў былым Савецкім Саюзе пасля трох пакаленняў ганенняў. І Бог паслаў мяне быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам гэтага працэсу.

7. Слова біскуп паходзіць ад грэчаскага эпіскопос, што азначае той, хто глядзіць наперад. Біскупу Хрыстус даручае клопат пра мясцовы Касцёл і адначасова пра сусветны. Як той, хто павінен глядзець наперад, біскуп, будучы наступнікам апосталаў, мае за заданне найперш абвяшчаць Божую праўду і вучыць людзей прынцыпам Евангелля. Гэтае заданне ён, як наступнік апосталаў, атрымаў ад самога Езуса, які перад унебаўшэсцем сказаў сваім вучням: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19). Так ужо сталася, што Божы Провід паслаў мяне як святара і біскупа вучыць праўдзе Евангелля ў Літве, Расіі і Беларусі, што азначае да многіх народаў.

Заданне вучыць Народ Божы праўдам Евангелля з’яўляецца найбольш актуальным у наш час заданнем Касцёла, бо ўсе праблемы маральнага характару, якія ўзнікаюць у сучасным свеце, з’яўляюцца наступствам ігнаравання Божага права і адмаўленнем яго выконваць. Адсюль таксама выводзяцца ўсе іншыя праблемы і крызісы, такія, як эканамічны, фінансавы, сям’і, экалогіі і г.д. Таму вельмі важным з’яўляецца навучанне біскупа, як першага настаўніка і абаронцы веры. Нездарма галоўны касцёл дыяцэзіі называецца катэдрай, бо ў ім знаходзіцца трон біскупа – яго катэдра (крэсла), з якой ён навучае.

Біскуп таксама пакліканы да цэлебрацыі сакрамэнтаў з мэтай асвячэння людзей і адказны за верную цэлебрацыю літургіі святарамі ў дыяцэзіі. Літургія з’яўляецца вяршынай жыцця Касцёла, і таму яна павінна цэлебравацца паводле зацверджаных Касцёлам нормаў. Вернікі маюць на гэта права. Таму біскуп з’яўляецца першым літургістам і вартаўніком літургіі.

Трэцім заданнем біскупа, як таго, хто глядзіць наперад, ёсць кіраванне даверанай яму дыяцэзіяй, як часткай Божага Народу. Гэтае заданне ён павінен выконваць па прыкладу Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць (пар. Мк 10, 45).

8. Як бачым, на біскупа ўскладаецца вельмі адказнае заданне. Біскуп павінен чуваць над духоўным станам даручаных яго апецы вернікаў, каб умацоўваць іх веру, надзею і любоў. Гэтае заданне немагчыма годна і паспяхова выканаць без Божай дапамогі.

Таму з глыбіні сэрца дзякую вам, мае землякі, за вашу памяць і малітву. Я, са свайго боку, заўсёды памятаю аб вас у сваіх малітвах і ганаруся тым, што паходжу з Адэльска. Адэльск, які ў XVI стагоддзі атрымаў магдэбурдскае гарадское права, цяпер з’яўляецца таксама і біскупскім горадам.

9. Дэвізам майго біскупскага служэння з’яўляюцца словы “Quis ut Deus” – “Хто ж, як Бог”. Гэтым самым я хачу выказаць сваё прызнанне тым, хто падчас ганенняў на Касцёл на першае месца паставіў Бога і захаваў веру.  Сярод іх і вы, дарагія адэльчане.

Цяпер, у новай сітуацыі свабоды веравызнання, не паддавайцеся спакусам секулярнага свету і, як вашы продкі, заставайцеся заўсёды вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Няхай словы святога Міхала Арханёла, з якімі ён выступіў на барацьбу з узбунтаваўшыміся анёламі — “Хто ж, як Бог” — і прыклад святой памяці ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча будуць праграмай вашага жыцця, каб Адэльск быў Божым горадам на славу Пана і для збаўлення людзей. Маліцеся таксама і за мяне, каб я змог годна выканаць ускладзеныя Божым Провідам на мае слабыя чалавечыя плечы заданні і, будучы для вас біскупам, разам з вамі заставаўся хрысціянінам. Амэн.

Адноўлена 28.09.2014 13:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі