Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў 100-ю гадавіну нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка

Мінскі архікатэдральны касцёл, 21 кастрычніка 2014 г.

Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы вельмі добра адпавядае асобе выдатнага пастыра кардынала Казіміра Свёнтка, які сваім жыццём пацвердзіў гэтая словы Святога Пісання. Божы Провід дазваляе нам сёння адзначаць 100-ю гадавіну нараджэння гэтай іконы  Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, жывога мучаніка, які прайшоў пекла пераследу за веру, застаўся верным Богу Касцёлу і свайму пакліканню і дачакаўся часоў адраджэння веры.

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся ў 1914 г. у вёсцы Валга ў Эстоніі. Яго лёс туляча распачаўся ў дзяцінстве, калі ў 1917 г. яго сям’я ў пошуках хлеба выехала ў Сібір.

2. Пасля вяртання з Сібіры ў 1922 г. яго сям’я пасялілася ў Баранавічах, дзе малады Казімір скончыў школу і меў намер атрымаць гуманітарную адукацыю ў Віленскім ўніверсітэце. Аднак Божы Провід павёў яго іншым шляхам. І на яго змену рашучы ўплыў меў ужо памерлы першы Пінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі. Менавіта падчас рэкалекцый для моладзі, калі малады Казімір Свёнтэк маліўся каля яго магілы, пачуў пакліканне да святарства. Ён паступіў у Пінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1939 г., калі ў паветры ўжо лунаў пах самай жудаснай у гісторыі чалавецтва ІІ Сусветнай вайны, і распачаў пастырскую працу ў парафіі ў Пружанах.

У 1941 г. ён быў арыштаваны атэістычнымі ўладамі і асуджаны на смяротнае пакаранне, выканання якога на працягу двух месяцаў чакаў у Брэсцкай вязніцы. Як успамінаў сам кардынал, асуджаных на расстрэл выводзілі кожную ноч, і ён услухоўваўся ў крокі па калідоры вязніцы, думаючы, ці не ідуць за ім.

3. Божы Провід так учыніў, што з-за ваенных дзеянняў, якія тады распачаліся, ён ізноў змог працягваць служыць людзям як святар. Аднак нямецкія акупацыйныя ўлады таксама не зводзілі з яго вока і арыштавалі, у выніку чаго перад ім было новае невядомае. У 1944 г. ізноў фронт, на гэты раз з Усходу, яго вызваляе. Але яму не давялося доўга радавацца свабодзе, бо хутка ён быў арыштаваны і сасланы пад Варкуту, дзе працаваў на лесапавале.

У тых умовах ён таксама стараўся выконваць свае святарскія абавязкі, несучы духоўную дапамогу сябрам па няшчасці і застаючыся сведкам веры. Дзякуючы яго паслузе і святарскаму сведчанню ў лагерных абставінах вязні таксама маглі спавядацца, прымаць святую Камунію і жыць духоўным жыццём.

4. Характэрным быў аптымізм кардынала Свёнтка і яго бязмежны давер Богу. Калі прыйшоў час завяршэння ссылкі і начальнік лагера спытаў яго, як магло стацца, што з такім складаным лёсам ён застаўся жывы, Свёнтэк адказаў, што так хацеў Бог.

Сапраўды, так хацеў Бог, каб гэты, як здавалася б, сціплы святар стаўся гігантам хрысціянскага і святарскага сведчання і дачакаўся часоў адраджэння веры, стаў першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і першым кардыналам у сучаснай гісторыі Беларусі.

5. У 1954 г. ён вяртаецца на свабду і едзе ў Пінск. Якраз была нядзеля, катэдра поўная людзей, але няма Імшы, бо няма святара. Тады Свёнтэк становіцца перад алтаром у фуфайцы і кажа, што Імша будзе, бо ён святар. Так распачаўся яго новы шлях святарскага служэння, падчас якога неабходна было бараніць веру, вучыць дзяцей і моладзь праўдам веры, аднаўляць катэдру і г.д.

Добра памятаю візіт Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа ў Беларусь, у тым ліку ў Пінск, у 1988 г. Тады, сустракаючы кардынала, ксёндз Казімір Свёнтэк папрасіў яго перадаць Папу Яну Паўлу II напісаны ад рукі малітоўнік, прадкрэсліваючы пры гэтым, што беларускі народ нават у абставінах жорсткага пераследу веры не адмовіўся ад яе. Ва ўсіх прысутных на вачах былі слёзы, бо ўсе добра ведалі, якім коштам была захавана вера. І ў гэтым вялікая заслуга ксяндза Казіміра Свёнтка.

6. Ва ўзросце 77 гадоў ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк прызначаецца арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім, Мітрапалітам і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З характэрнай яму энергіяй ён узяўся за адраджэнне і ўмацаванне структур Каталіцкага Касцёла і яго дзейнасці, асабліва ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Дзякуючы яго намаганням было пабудавана шмат касцёлаў, адноўлена мінская катэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адноўлена дзейнасць Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, распачалася выдавецкая і дабрачынная дзейнасць і многае іншае.

Каталіцкі Касцёл не толькі адрадзіўся, але і падняўся на новы ўзровень сваёй дзейнасці. Аб гэтым вельмі добра сведчыць праведзены Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, які выпрацаваў неабходныя для дзейнасці Касцёла ў беларускім кантэксце нарматыўныя дакументы.

Вялікім урокам для ўсіх нас была цяжкая хвароба кардынала Казіміра Свёнтка і адыход да дому Нябеснага Айца гэтага марафонца. Сённяшняе Евангелле кажа аб неабходнасці быць гатовым да спаткання з Богам. Кардынал Свёнтэк быў гатовы, ён неаднаразова казаў, што не баіцца смерці.

7. Сёння Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, дзякуе табе, кардынал — вялікі Сведка веры. Сваім святарскім і біскупскім служэннем, гераічным сведчаннем веры і грамадскай паставай ты заслужыў пашану не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Гэтым самым ты праславіў наш Касцёл і нашу краіну.

Добра памятаю, як кардынал Свёнтэк з захапленнем распавядаў аб палярных ззяннях, якія бачны найчасцей падчас палярнай начы. Тады неба заліваецца захапляючым ззяннем каляровага святла з чутным у паветры патрэсківаннем. Менавіта таму кажуць, што палярнае ззянне – гэта гаворачае святло. Мне выдаецца, што гэтае святло для вязня святара Казіміра Свёнтка пад Варкутой было знакам святла Хрыста, якое свеціць у цемры атэізму.

Езус вучыць, што добрыя справы ідуць за чалавекам. Няхай за ўчыненае табой, кардынал Казімір Свёнтэк, дабро для Касцёла і Беларусі Бог адорыць цябе радасцю вечнага шчасця, каб з акна нашага Нябеснага Айца ты благаславіў нам, каб мы падобна табе былі сведкамі веры, без якой няма збаўлення, і каб сярод пануючай ночы секулярызму і адыходу ад Бога ў нас ніколі не згасла святло Хрыста, нашага Збаўцы і нашай надзеі. Амэн.

Адноўлена 21.10.2014 22:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі