Мінская архікатэдра, 28 кастрычніка 2014 г.
Дзякую Богу. Прашу аб малітве
«Па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас» (Пс 19 (18), 5).
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэтыя словы рэфрэну сённяшняй святой Імшы перадаюць самую глыбокую сутнасць свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Яны былі пакліканы Езусам быць Яго вучнямі, каб потым выканаць Яго наказ ісці і навучаць усе народы (пар. Мц 28, 19).
Апостал Сымон меў прозвішча «зэлётус», што ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае руплівы, які клапоціцца пра давераныя яму справы. Гэты яго прыдомак характарызуе апостала, які абвяшчаў Добрую Навіну ў многіх краінах сучаснага Блізкага Усходу, а таксама на тэрыторыі сучаснай Абхазіі. Да нашых часоў там знаходзіцца пячора, дзе ён прабываў, а ў праваслаўным кляштары ў Новым Афоне захавалася пабудаваная яшчэ ў VI–VIII стагоддзях і прысвечаная гэтаму святому царква.
Другі апякун сённяшняга дня — святы Юда Тадэвуш. Ён атрымаў прыдомак «верны», што нагадвае аб яго вернасці свайму апостальскаму пакліканню.
Святыя сённяшняга дня абвяшчалі Евангелле ў краінах БлізкагаУсходу і загінулi мучаніцкай смерцю ў Персіі.
Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном у цяжкіх і складаных справах, якіх, нягледзячы на буйное развіццё навукі, тэхналогіі, медыцыны, культуры і г.д., як гэта ні парадаксальна, з кожным днём становіцца ўсё больш і больш.
2. Прыклад сённяшніх святых заклікае нас да вернасці нашаму пакліканню і руплівасці ў выкананні нашых абавязкаў, каб самім ісці шляхам духоўнага ўдасканалення і сваім прыкладам дапамагчы іншым.
Гэтае заданне стаіць перад кожным з нас, як хрысціянінам, у часы адыходу ад веры і наступаючага працэсу секулярызацыі, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога зусім няма. Гэтае заданне стаіць перад кожным святаром і кансэкраванай асобай, а асабліва перад біскупам, як пастырам даверанага яго пастырскай апецы Божага народу.
3. Прыклад руплівасці ў Божых справах і вернасці свайму пакліканню святых Сымона і Юды Тадэвуша адношу да сябе самога ў 25-ю гадавіну майго біскупскага пасвячэння. Таму сёння, аглядаючыся на 25 гадоў біскупскай паслугі, пытаюся ў самога сябе: ці сапраўды я заўсёды клапаціўся аб даручаным маёй пастырскай апецы народзе Божым? Ці заўсёды заставаўся верным свайму пакліканню?
Біскуп таксама чалавек, і ён можа памыляцца. За што прашу прабачэння ў Бога і вернікаў. Аднак пры гэтым хачу падкрэсліць, што заўсёды і ў кожных, часамі нават вельмі складаных, абставінах на першым месцы ставіў Бога і Касцёл. Гэта не было лёгка, тым больш што Божы Провід паслаў мне быць першым як у Беларусі, так і ў Расіі. Першы Нунцый у былым Савецкім Саюзе арцыбіскуп Франчэско Каласуона 25 гадоў таму казаў, што мне трэба стаць гэткім бульдозерам, які павінен расчысціць дарогу іншым. Вядома, што калі пройдзе бульдозер, то не заўсёды пасля яго застаецца прыгожая дарога, але яна застаецца і па ёй можна ехаць.
Як апосталы павінны былі распачаць сваю дзейнасць у вельмі складаных і няпэўных, што датычыць заўтрашняга дня, абставінах, таксама і мяне святы Ян Павел II у далёкім 1989 г., калі было відавочна, што старая атэістычная сістэма больш не здольна існаваць, а новай яшчэ не было, устанавіў наступнікам апосталаў і паслаў абвяшчаць Добрую Навіну ўсім народам, іх асвячаць Божай ласкай і імі, праз служэнне, кіраваць спачатку ў Беларусі, потым у Расіі і цяпер ізноў у Беларусі.
4. Вялікі прарок сучаснасці — Папа Вайтыла — выдатна прачытаў знакі часу і іх выкарыстаў. У гаміліі падчас маёй біскупскай сакры 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы святога Пятра ў Рыме ён падкрэсліў, што Касцёл з надзеяй глядзіць на беларускую зямлю, куды пасля 60 гадоў у Мінск вяртаецца біскуп, каб служыць яе людзям. Ці гэта не знак перамен, якія адбываюцца і якія будуць служыць дабру ўсіх вернікаў? Падчас доўгага перыяду пераследу веры Біскуп Рыма быў блізка да беларускіх католікаў. І сёння ён жадае падкрэсліць сувязь паміж Катэдрай св. Пятра і Касцёлам у Беларусі з надзеяй хутка ўбачыць адноўленую іерархію ў гэтых гістарычных і вельмі дарагіх Папу дыяцэзіях. Пасля гэтага ён на беларускай мове сказаў: «Вялікаю таксама з’яўляецца мая радасць магчы ўдзяліць поўню святарства дарагому мансіньёру Тадэвушу Кандрусевічу, якога я прызначыў Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў усёй Беларусі. Жадаю яму з бацькоўскай любоўю поспехаў у вядзенні пастырскай працы на гэтай прасторнай тэрыторыі, у той жа час прашу Божага благаслаўлення яму і ўсім вернікам, давераным яго душпастырскай апецы» (L’Osservatore Romano, 22 Ottobre 1989, p. 5). Пасля святой Імшы біскупскага пасвячэння ён узяў мяне мoцна за рукі і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, я за цябе малюся, усё будзе добра!»
5. Ян Павел II добра разумеў, што азначае біскуп у Беларусі, дзе Касцёл мужна перанёс ганенні і захаваў веру. На другі дзень пасля кансэкрацыі ў Апостальскім палацы Ватыкана адбылася сустрэча Папы з блізкімі дваіх новапасвячаных біскупаў з Польшчы, сярод якіх быў першы пасля II Сусветнай вайны Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Юзаф Кавальчык. Адзначаючы вялікае значэнне прызначэння Нунцыя ў Польшчу, Папа сказаў, што яшчэ важнейшай падзеяй з’яўляецца прызначэнне біскупа ў Беларусі, дзе яго вельмі доўга не было.
Служачы ў Расіі, я часта распавядаў Яну Паўлу II аб цяжкасцях, з якімі змагаўся Касцёл у гэтай краіне і ў былым Савецкім Саюзе. На гэта ён заўсёды казаў: «Памятай, як Божая Маці ў Фаціме казала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і Расія навернецца».
Усе гэтыя выказванні вялікага і святога Пантыфіка былі і надалей застаюцца падтрымкай мне. Асабліва яго словы: «Не бойся, я за цябе малюся». Сёння, адзначаючы сярэбраны юбілей біскупскай сакры, дзякую табе за гэта, Ян Павел Вялікі!
6. Свядомы ўдзячнасці за прызначэнне мяне біскупам і кансэкрацыю, а таксама за прыклад пастыра, які быў сумленнем свайго часу, гэтую святую Імшу цэлебрую, ужываючы той самы пярсцёнак, які ты мне наклаў на палец 25 гадоў таму, як знак абручынаў з Касцёлам; і той самы пастарал, які ты мне ўручыў як знак пастырскай улады. Мітра, на жаль, знішчылася яшчэ падчас доўгіх вандровак па неахопных тэрыторыях Расіі. Аднак святары мне падарылі мітру, якую выкарыстоўваю падчас сённяшняга набажэнства, за што ім удзячны. А арнат, які выкарыстоўваю сёння, — падарунак з Расіі, а канкрэтна з Санкт-Пецярбурга. Дзякую Папу на пенсіі Бэнэдыкту XVI, які з’яўляецца прыкладам нязломнага абаронцы маральнага парадку.
Дзякую сённяшняму Папу Францішку за яго прыклад пакорнага служэння ў якасці Біскупа Рыма і напоўненае ідэяй Божай міласэрнасці навучанне.
Дзякую Апостальскім Нунцыям, з якімі працаваў і якія прадстаўляюць Папу, вакол якога мы павінны быць аб’яднаны.
Дзякую біскупам Беларусі і Расіі, з якімі працаваў і працую, а таксама біскупам з іншых краін свету, за сумеснае служэнне, сяброўства і падтрымку.
Дзякую святарам і кансэкраваным асобам, а таксама свецкім вернікам Беларусі і Расіі. Вы былі і далей знаходзіцеся побач са мной, падтрымліваеце і натхняеце. Можа, не заўсёды дасканала, але стараюся быць тым, які ўзяты з народа і для народа пастаўлены, памятаючы аб словах святога Аўгустына: «Для вас я біскуп, а разам з вамі — хрысціянін».
Без вас, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, я быў бы генералам без войска. Без вас, дарагія вернікі, маё служэнне не мела б сэнсу. Дзякую вам за плённае супрацоўніцтва, разуменне, малітву і дапамогу. Толькі разам мы ўтвараем адзіны Касцёл, як народ Божы і Містычнае Цела Хрыста. Толькі разам можам адказваць на выклікі часу. Толькі разам можам ісці шляхам духоўнага ўдасканалення. Толькі разам можам быць прыкладам сучаснаму свету, які страціў надзею, каб ён яе знайшоў. Толькі разам можам будаваць будучыню Касцёла і нашай краіны.
Дзякую дзяржаўным уладам і грамадскім арганізацыям за разуменне неабходнасці адраджэння Касцёла і дапамогу.
Сёння не хачу пералічваць таго, што з Божай дапамогай удалося дасягнуць. Няхай ацэньвае Бог, Касцёл і людзі.
На маім біскупскім шляху мне заўсёды спадарожнічала благаслаўленне мамы. Калі ад’язджаў на пасвячэнне ў Рым, то папрасіў у яе благаслаўлення. Калі пасля пасвячэння вярнуўся, ізноў стаў перад ёю на калені, каб благаславіла. Калі ад’язджаў у Расію, яе благаслаўленне таксама мне спадарожнічала. Тата памёр раней, але глыбока ўпэўнены, што малітва бацькоў і іх благаслаўленне былі і застаюцца мне дапамогай. Нізка кланяюся ім і дзякую.
Пакорна дзякую Богу і Божай Маці за 25 гадоў біскупскага служэння. Перапрашаю Яго і вас усіх за тое, што, можа, не заўсёды і не да канца выкарыстоўваў прадстаўленыя Божым Провідам магчымасці. Хачу, аднак, заверыць, што мэтай свайго служэння бачыў і далей бачу дабро Касцёла, грамадскасці і збаўленне людзей. 7. Дзякуючы біскупскаму пасвячэнню святар атрымлівае поўню святарства, становіцца наступнікам апосталаў і членам калегіі біскупаў на чале з Папам. Яго заданнем ёсць найперш евангелізаваць, абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, што асабліва важна ў наш час, калі людзі самі адракаюцца ад веры і жывуць так, як быццам Бога зусім няма, давяраючы свой лёс самім сабе. Але мы добра ведаем прыказку, якая кажа, што без Бога не да парога. Яна спраўдзілася не адзін раз у гісторыі чалавецтва. Сучасны свет шукае праўды, і яму неабходна яе прадставіць праз абвяшчэнне непарушўнай праўды, якой з’яўляецца Евангелле.
Для збаўлення і сапраўднага духоўнага жыцця неабходна Божая ласка, якую атрымліваем у сакрамэнтах. Таму другім заданнем біскупа з’яўляецца клопат аб вернай іх цэлебрацыі.
Трэцім заданнем ёсць кіраванне даручаным яго пастырскай апецы Касцёлам. Папа Францішак дае нам добры прыклад, як гэта чыніць, у галаву вугла ставячы любоў бліжняга, па прыкладу Хрыста, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць.
Гэтыя заданні біскуп выконвае ў еднасці са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі. Для гэтага нам усім патрэбна Божая дапамога.
8. Дэвізам свайго біскупскага служэння я выбраў словы «Quis ut Deus» — «Хто ж як Бог». Гэтым самым я хацеў выказаць пашану ўсім тым, хто падчас пераследу веры не адрокся ад яе, часамі нават коштам жыцця ці кар’еры. Я хацеў таксама падкрэсліць мэту свайго служэння, каб Бог быў на першым месцы ў жыцці кожнага чалавека, да якога Ён мяне пасылае.
Кожны юбілей — гэта добрая нагода ацаніць сваё служэнне, падзякаваць Богу за тое, што ўдалося здзейсніць, перапрасіць за недахопы і памылкі і папрасіць благаслаўлення на будучыню.
Мой апякун святы Юда Тадэвуш у іканаграфіі прадстаўляецца з выявай Езуса Хрыста на грудзях. Сёння, у дзень сярэбранага юбілею біскупскага пасвячэння, звяртаюся да цябе, святы памочнік у цяжкіх справах: выпрасі для мяне ў Бога ласку, каб дзякуючы майму служэнню ў душы кожнага чалавека, да якога Бог пасылае мяне, жыў Хрыстус — адзіны Збаўца свету (пар. Дз 4, 12; 1 Ян 4, 14), адзіны яго Валадар, адзіная надзея і адзіны наш кіраўнік, які можа нас вывесці з жыццёвай цемры ў нязгаснае святло Евангелля.
А ты, верны народ, будзь разам са мной — сваім пастырам! Падтрымлівай мяне, каб мы адзіным сэрцам і адной душой утваралі адзіны святы Мінска-Магілёўскі Касцёл i каб ён быў нам усім «Gaudium et Spes» — «Радасцю і надзеяй». Амэн.
|