Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Усіх Святых

Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2014 г.

Ці ідзём мы дарогай да неба?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Кожны дзень літургічнага календара прызначаны таму ці іншаму святому. Звычайна гэта дзень яго смерці для зямнога жыцця, які адначасова з’яўляецца днём яго нараджэння для неба. Сёння мы ўспамінаем усіх святых — тых кананізаваных, гэта азначае прызнаных Касцёлам такімі, і тых, якія на самой справе з’яўляюцца святымі, але працэс іх праслаўлення не вядзецца. Гэта людзі, якія жылі паводле Божага закону і перайшлі ў вечнасць у стане Божай ласкі. Мы не ведаем іх імёнаў і не ведаем іх колькасці. Аб гэтым вельмі добра нагадвае св. апостал Ян, кажучы, што перад Богам знаходзіцца незлічоная колькасць тых, якія абмылі свае адзенні ў крыві Збаўцы. Гэта азначае тых, якія свабодныя ад граху.

Ужо на пачатку гісторыі Касцёла вернікі ўшаноўвалі памяць мучанікаў за веру. Паколькі іх колькасць павялічвалася з кожным днём, Касцёл усё часцей пачаў вызначаць адзін дзень для ўшанавання групы мучанікаў. Каля 840 г. Папа Грыгорый IV устанавіў дзень 1 лістапада днём Усіх Святых.

2. Калі ўзгадваем усіх святых, напэўна, паўстае пытанне: як стаць святым? Ці гэта магчыма ў наш час? Ці святасць не з’яўляецца перажыткам мінулага? Ці іду я ў сваім жыцці дарогай святасці?

Мы добра ведаем, што, каб выіграць спаборніцтва, неабходна перамагчы суперніка. Нашым духоўным супернікам з’яўляецца злы дух. Выкарыстоўваючы тактыку спакусы, ён прывёў да граху нашых першых бацькоў. Злы дух не адыйшоў ад гэтай практыкі і ў адпаведнасці з абставінамі змяняе тактыку, імкнучыся як мага больш людзей зацягнуць у свае сеці.

Святое Пісанне недвухсэнсоўна вучыць, што, каб дасягнуць неба, неабходна дасягнуць перамогі. Яно прадстаўляе шмат вобразаў дасягнення неба праз перамогу ў духоўнай барацьбе. Так, св. апостал Павел параўноўвае хрысціянскае жыццё да барацьбы ці забегу на стадыёне. Розніца толькі ў тым, што чэмпіён у спорце атрымлівае медаль, а ў духоўным жыцці — вечнае шчасце.  

Езус кажа вельмі ясна, што напрыканцы часоў усё чалавецтва будзе падзелена на авечак і казлоў. Тыя, хто не жыў паводле Божага закону і не выйграў барацьбы са злым духам, будуць кінуты ў вогненнае возера. У гэтым сцвярджэнні Хрыста знаходзіцца праўда аб тым, што неба — гэта тэрыторыя пераможцаў. Гэта месца для тых, хто выйграў духоўнае спаборніцтва і захаваў веру.

3. Сучасны чалавек часта адыходзіць ад праўды, што неба прызначана для духоўных чэмпіёнаў. Трагедыя сучаснага чалавека ў тым, што ён страціў пачуццё граху і нават кажа, што нельга зграшыць або што Бог міласэрны і даруе нам нашы правіны, і таму мы аўтаматычна прызначаны для неба. Менавіта таму падчас цырымоніі пахавання можна пачуць прамовы, якія кананізуюць памерлага, нават таго, хто не верыў у Бога.

Гэта праўда, што мы не можам і не маем права судзіць іншага чалавека і пасылаць яго ў пекла. Але з вучэння Хрыста бачна, што грэшнік не ўвойдзе ў Божае Валадарства. Людзям часта здаецца, што для таго, каб трапіць у неба, дастаткова быць прыветлівым з іншымі. Напэўна, гэта важна, але далёка не дастаткова. Злы дух таксама вельмі прыветлівы з усімі і абяцае шчаслівае жыццё, аднак ён сам не цешыцца прабываннем у вечнай радасці.

Жыццёвая практыка паказвае, што і атэісты могуць быць прыветлівымі. Мы, аднак, павінны памятаць, што заслужыць неба азначае значна больш, чым быць толькі прыветлівым. Яно патрабуе духоўных герояў, тых, якія з’яўляюцца святымі.

Сёння якраз такі дзень, калі мы ўспамінаем святых мужчын і жанчын. Не тых, якія выйгралі алімпійскія медалі падчас алімпійскіх спаборніцтваў, але тых, якія выйгралі духоўныя алімпійскія медалі падчас духоўнай алімпіяды, якой ёсць нашае жыццё.

Сучасная культура адзначаецца тэндэнцыяй, калі мы ўсё больш прывыкаем да таго, што нам па праву нешта належыць, што мы заўсёды павінны нешта атрымліваць. Яна, на жаль, з’яўляецца благім урокам, які вучыць, што, калі зазвоніць апошні званок, то нам аўтаматычна належыць неба. Хрыстус, аднак, вучыць, што гэта далёка не так.

4. Сённяшні дзень — гэта дзень, калі мы ўшаноўваем духоўных пераможцаў. Мы заўсёды з радасцю вітаем алімпійскіх чэмпіёнаў. Сёння, вітаючы ўсіх святых, як чэмпіёнаў духоўнай алімпіяды, кожны з нас павінен спытаць сябе самога: як я стараюся выйграць мой жыццёвы забег? Ці дапамагае мне мая вера дзейнічаць інакш, чым я б дзейнічаў, калі б не верыў? Ці з’яўляюся я ў сваім жыцці сведкам Хрыста і Яго Евангелля?

Самым шчаслівым момантам жыцця кожнага чалавека з’яўляецца момант, калі ён, можа, зусім змучаны і вычарпаны, але становіцца пераможцам.

Гэта адзіны шлях да неба, і няма іншага. Амэн.




Адноўлена 01.11.2014 17:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі