1 лістапада 2014 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл перажывае вялікае свята — усіх святых, тых нам вядомых і не вядомых. Сёння пілігрымуючы Касцёл аб’ядноўваецца з Касцёлам трыўмфуючым у небе. Сёння Касцёл прадстаўляе нашай увазе святых, каб мы бралі з іх прыклад і такім чынам таксама імкнуліся да святасці, каб потым у вечнасці быць членамі трыўмфуючага Касцёла. Бог стварыў чалавека не для смерці, але для жыцця, і жыццё чалавека са смерцю не завяршаецца, але толькі змяняецца.
2. Урачыстасць Усіх Святых плаўна пераходзіць ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, і ў гэтым ёсць вялікая логіка. Аднойчы катэхетка спыталася ў дзяцей, што неабходна, каб стаць святым. Маленькі хлопчык адказаў, што для гэтага трэба памерці. У адказе гэтага хлопчыка ёсць праўда таго, што Касцёл святым аб’яўляе чалавека толькі пасля яго смерці, хаця для гэтага ён павінен быў весці святое жыццё на зямлі.
Сёння вечарам сваімі думкамі мы пераносімся на месцы пахавання нашых блізкіх. Сёння мы іх успамінаем асаблівым чынам. Падчас іх пахавання мы абяцалі ім, што ніколі не забудземся пра іх. Аднак жыццёвыя клопаты і штодзённая мітусня сведчаць аб іншым. Сёння, аднак, Касцёл заклікае нас успомніць пра іх, асабліва пра бацькоў, блізкіх, сяброў і г.д. Сёння мы з удзячнасцю становімся над іх магіламі фізічна ці маральна, каб падзякаваць за ўсё тое добрае, што яны нам учынілі. Сёння мы, можа, больш, чым у іншы час, адчуваем як многім мы ім абавязаны. Яны перадалі нам Божы дар жыцця, нас выхоўвалі, вучылі, дапамагалі і г.д. Дзякуючы ім мы маем тое, што маем. Яны пакінулі нам багатую спадчыну. Без іх не было б нас і багатай хрысціянскай спадчыны, якая з’яўляецца фундаментам нашага жыцця.
3. У сучасным свеце многія лічаць, што ўсё тое, што яны маюць і як жывуць, залежыць толькі ад іх саміх, іх прадпрымальнасці, здольнасцяў і інш. Такі погляд — не што іншае, як знак іх духоўнай нясталасці. Кім мы былі б сёння, калі б наша маці не навучыла нас знаку крыжа? Якім было б наша жыццё, калі б у спрацаваных руках бацькі мы не бачылі ружанца ці малітоўніка?
Таму сёння мы павінны паглядзець, як мінаюць пакаленні і які след яны пакідаюць на нашай зямлі і як яны працягваюць жыць у нас саміх. Што з іх жыцця мы можам узяць сабе.
Яны ўжо ў Бога. Адны бачаць Яго тварам у твар. Іншыя яшчэ ачышчаюцца ў чысцы, і мы можам і з удзячнасці павінны ім дапамагчы. Памятаючы пра святых і молячыся да іх, мы аб’ядноўваемся з трыўмфуючым Касцёлам. Молячыся за душы чысцовыя, мы яднаемся з Касцёлам церпячым, з тымі душамі, якія ведаюць, што яны збаўленыя, але яшчэ не могуць увайсці ў вечную радасць, бо ім неабходна ачысціцца з часовых караў. Такім чынам, сёння мы сапраўды перажываем еднасць святых.
4. Час заслугаў для тых, якія знаходзяцца ў чысцы, завяршыўся, і яны самі не могуць дапамагчы сабе. Яны здадзены на Божую ласку і Яго міласэрнасць. А яе выпрасіць можам мы сваёй малітвай і асабліва поўнымі адпустамі, якія можам атрымаць кожны дзень падчас актавы малітваў за памерлых. Нездарма Кніга Макабэяў Старга Запавету кажа, што добрай і збаўленчай справай ёсць маліцца за памерлых. Езус Хрыстус вучыць нас, што яны не адышлі ад нас назаўсёды і мы з імі злучымся ў вечнасці. Таму нас не павінна страшыць думка аб смерці, як яна страшыла паганаў. Так, напрыклад, Дамокл павесіў над сваёй галавой меч на тонкім валаску, каб паказаць, якім нетрывалым з’яўляецца жыццё чалавека, які жыве ў пастаянным страху перад смерцю.
Мы, хрысціяне, дзякуючы праўдзе Уваскрасення адкрываем занавес, які перад нашымі вачыма рассунула смерць, і разам са святым апосталам Паўлам усклікаем: О, смерць, дзе ж твая перамога?!
5. Праўда аб еднасці святых і тых, хто знаходзіцца ў чысцы, вучыць нас, як мы павінны жыць, каб у іншым жыцці спаткаць Бога і нашых блізкіх тварам у твар. Параду дае Езус Хрыстус: жыць паводле васьмі благаслаўленняў, якія Ён прадстаўляе ў сённяшнім Евангеллі.
Паводле адной легенды, Бог стварыў чалавека падчас таго, як вытапляў золата. Ён узяў начынне, у якім было вытапленае золата, і ўбачыў на ім смецце. Бог падзьмуў на смецце, каб яно зляцела з паверхні золата, і ўбачыў у ім самога сябе. Яго вобраз быў такі прыгожы, што Ён вырашыў падарыць яго чалавеку.
Гэтая легенда распавядае нам аб тым, чый вобраз мы носім у сабе, і таму нам неабходна клапаціцца аб яго чысціні, каб увайсці ў Божае Валадарства.
Сёння мы кажам нашым памерлым: «Да пабачэння, спаткаемся ў небе», — бо верым, што за вернасць Богу і міласэрнасць да нашых памерлых Ён скажа нам: «Увайдзіце ў Маё Валадарства». Амэн.
|