Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўспамін усіх памерлых вернікаў

Мінская Кальварыя, 2 лістапада 2014 г.

Надзея памерлых — у Божай міласэрнасці

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае усіх памерлых, успамінае тых, якія былі перад намі і адышлі да Пана, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду.

Так ужо сталася, што сёлета свята памерлых адзначаецца ў нядзелю. Звычайна нядзеля — гэта ўспамін Уваскрасення Езуса Хрыста, той падзеі, якая з’яўляецца падмуркам нашай веры. Таму Касцёл вельмі рэдка ў нядзелю ўспамінае святых. Выключэннем з’яўляецца свята свв. апп. Пятра і Паўла, святых, якія асаблівым чынам упісаліся ў гісторыю збаўлення і абвяшчэння Евангелля, якія з’яўляюцца крывавымі фундаментамі Касцёла. У наступную нядзелю мы таксама будзем адзначаць свята пасвячэння Латэранскай базылікі, якая з’яўляецца катэдрай біскупа Рыма, гэта азначае самога Папы. Яна была збудавана яшчэ ў часы імператара Канстанціна як базыліка Хрыста Збаўцы.

2. У той жа час сённяшняя нядзельная Эўхарыстыя канцэнтруецца на пасхальнай таямніцы Уваскрасення Хрыста праз прызму душаў памерлых. Сёння мы ўспамінаем не святых, як учора, але памерлых, каб, молячыся ў іх інтэнцыях, павялічыць колькасць святых. Калі ўчора мы, як Касцёл пілігрымуючы, лучыліся з Касцёлам трыўмфуючым, то сёння мы злучаемся з Касцёлам церпячым, які складаецца з душаў чысцовых.

Успамін усіх памерлых з наведваннем могілак і жалобнымі працэсіямі дапамагае нам мужна зносіць цяжар расставання з нашымі блізкімі, якія адышлі ў іншы свет. Сёння мы асаблівым чынам выказваем нашу веру ў еднасць святых і верым у тое, што дзякуючы нашым малітвам яны могуць перайсці з чысца ў неба.

3. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе, адыгрываюць вялікую ролю ў гэтым працэсе, нас натхняюць і напаўняюць мірам і спакоем.

Так, у першым чытанні з кнігі Мудрасці Саламона напісана, што «душы справядлівых у руках Бога» (Мдр 3, 1). Найчасцей гэтыя словы мы ўспрымаем як гарантыю таго, што душы нашых памерлых знаходзяцца ў небе. Але гэта не заўсёды так. Душы справядлівых — гэта тыя душы, якія завяршылі жыццё ў стане Божай ласкі. Аднак яшчэ можа заставацца часовая кара, і яе неабходна адпакутаваць у чысцы. Толькі Бог ведае, дзе знаходзяцца душы нашых памерлых. Але мы ведаем, што нішто нячыстае не ўвойдзе ў вечную славу, і ведаем таксама, што існуе чысцец, як месца ачышчэння перад уваходам у неба. Таму душы, якія знаходзяцца там, з аднаго боку ведаюць, што яны прызначаны для вечнага шчасця, але яшчэ павінны чакаць.

Успомнім школу: як мы ўсе хацелі як мага хутчэй яе скончыць. Успомнім цяжкія падарожжы, калі мы марылі, каб яны хутка і шчасліва завяршыліся. Успомнім шпіталь, дзе мы пыталіся ва ўрача, ці доўга нам там трэба прабываць. Гэта была туга па лепшым. Падобная туга таксама і ў нашых памерлых, каб як мага хутчэй завяршыўся час прабывання ў чысцы.

У другім чытанні з Другога Паслання св. ап. Паўла да Карынцянаў чытаем, што «той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі» (2 Кар 4, 14).  У гэтых словах знаходзіцца надзея для душаў памерлых быць далучанымі да святых.

Евангелле паводле Яна развейвае ўсялякую няяснасць адносна нашай будучыні: «У доме Майго Айца шмат святліц… іду падрыхтаваць месца для вас» (Ян 14, 2).

Месца ў небе нашым памерлым падрыхтавана, але яшчэ, кажучы ўмоўна, трэба расчысціць дарогу да яго і адчыніць дзверы, каб яны маглі туды ўвайсці. На працягу ўсёй актавы малітваў за памерлых — ад поўдня 1 лістапада па 8-е ўключна — кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы чысцовыя, якія чакаюць нашай дапамогі. Адпуст за памерлых — гэта ключ, якім мы можам адчыніць ім дзверы неба.

Касцёл, як міласэрны Езус, укладае ў нашы рукі гэты ключ і дае нам  магчымасць дапамагчы нашым памерлым. Нам неабходна ёю скарыстацца. Гэтым самым мы дапаможам нашым памерлым і заслужым Божую міласэрнасць адносна нас саміх у будучыні. Бог за дабро плаціць дабром.

4. Сённяшнюю нядзелю, калі мы ўспамінаем нашых памерлых, мы таксама павінны ўспрымаць як яшчэ адну нагоду ўзрастаць у даверы Богу, памятаючы аб тым, што наша надзея на пераход душаў чысцовых у неба — гэта не іх і не наша заслуга, але дзеянне Міласэрнага Езуса, які сам цярпеў, памёр на крыжы і ўваскрос, і толькі ў Ім чалавек мае жыццё.

Апошнія словы сённяшняга Евангелля аб тым, што Хрыстус ёсць дарога, праўда і жыццё і ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Яго (пар. Ян 14, 6), павінны стаць для кожнага з нас праграмай жыцця. Гэта тая праграма, якая гарантуе нам вечнае шчасце ў будучыні. Езус кажа ясна, што Ён сам, а не хтосьці іншы, не іншая ідэалогія, з’яўляецца дарогай і праўдай, каб дасягнуць вечнага жыцця.

Памятаючы пра нашых памерлых, мы таксама павінны памятаць і пра сваю  будучыню. Нездарма на помніках можна сустрэць наступны надпіс: «Я быў такім, якім ты ёсць цяпер. Ты будзеш такім, якім я ёсць цяпер». Сёння мы, дзякуй Богу, жывыя, няхай памяць аб памерлых і малітва ў іх інтэнцыях натхняць нас на сапраўднае хрысціянскае жыццё, каб мы ў будучыні разам з імі маглі сузіраць Бога тварам у твар. Амэн.

Адноўлена 02.11.2014 21:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі