Вілейка, 4 лістапада 2014 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, бацькі трагічна загінулага год таму а. Андрэя Ахрэма, сястра, блізкія, браты і сёстры.
1. Адзін вельмі стары чалавек спадзяваўся на хуткую смерць, якой не баяўся, бо для яго яна азначала, што ён пакіне сваё цела. А паколькі яно ўжо не было такім спраўным, як у маладосці, то ён не баяўся смерці. Адно, што яго бянтэжыла, было тое, як яго сябры адрэагуюць на яго смерць.
Аднойчы вечарам ён вярнуўся дадому, з’еў вячэру і, адпачываючы ў фатэлі, хутка заснуў. Прысніўся яму дзіўны сон. Перад ім адкрыўся доўгі тунэль, па якім ён вельмі лёгка бег, адчуваючы сябе свабодна, як быццам выпаўшы са свайго цела.
На наступны дзень яго сябры занепакоіліся, бо ён не выходзіў з дому. Яны даведаліся, што яго ўжо няма ў жывых, і на стале ўбачылі ліст паперы, на якім было напісана: “Да пабачэння, сябры, я прайшоў праз доўгі тунэль”. Усе любілі гэтага чалавека і таму моцна сумавалі з-за яго смерці. Кожны з яго сяброў успамінаў, што добрага ён яму зрабіў.
2. Дарагія ўдзельнікі сённяшняга жалобнага набажэнства. Усе мы хацелі б, каб яго не было, каб не было той трагічнай аварыі пад Івянцом год таму, каб а. Андрэй жыў і далей служыў людзям.
Нашы сэрцы напоўнены смуткам, і мы маем на гэта права, бо нават Езус плакаў, калі памёр Лазар. І як бы мы прагнулі, каб аповед аб смерці а. Андрэя распачынаўся так, як аб тым старым чалавеку, аб якім я ўспомніў на пачатку. Аб смерці трэба гаварыць і памятаць, бо чалавек на зямлі не мае сталага месца прабывання. Зараз мы перажываем актаву малітваў за памерлых, і яна нам нагадвае пра рэчаіснасць смерці.
3. Аднак у выпадку а. Андрэя мы маем справу з трагічным здарэннем, калі малады, здольны і поўны сіл святар нечакана гіне. Думаючы чыста па-чалавечы, цяжка зразумець, чаму Бог паклікаў яго да сябе.
Калі восенню ападае лісце з дрэваў і калі падае старое струхнелае дрэва, то гэта ўсё прымаецца як само сабой зразумелае. Алі калі віхор вырывае з карэннямі здаровае дрэва, гэта называцца трагедыяй. Таксама, калі памірае малады чалавек, нам цяжка пагадзіцца з гэтым. Мы зноў і зноў задаем сабе пытанне: “Чаму?” і шукаем на яго адказу.
4. Адказ дае Хрыстус, які кажа: «Я ёсць Уваскрасенне і Жыццё, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ». Гэтай праўдзе вучыў людзей а. Андрэй, і гэтая праўда сёння яго суправаджае ў жыццё вечнае. На смерць неабходна глядзець вачыма веры. Уваскрослы Хрыстус ёсць гарантыя нашага вечнага жыцця. Гарантыя таго, што са смерцю жыццё чалавека не завяршаецца, але толькі змяняецца.
«Душы справядлівых у руках Бога», — чытаем у кнізе Мудрасці Саламона. Няхай гэтыя словы будуць нашай надзеяй, што а. Андрэй прайшоў праз доўгі тунэль у шчаслівую вечнасць.
Евангелле паводле Яна распавядае аб дыялогу паміж апосталамі і Езусам, падчас якога Ён сказаў ім, што ідзе падрыхтаваць ім месца ў небе і яны ведаюць дарогу, якой Ён ідзе. На гэта апостал Тамаш сказаў, што яны не ведаюць, куды Ён ідзе, і таму не могуць ведаць дарогі. Езус яму адказаў, што Ён ёсць дарога, праўда і жыццё і ніхто не прыходзіць да дому нябеснага Айца, як толькі праз Яго.
Гэтыя словы Езуса вельмі важныя. Ён не кажа: «ідзіце той ці іншай дарогай», але падкрэслівае, што Ён сам дарога. Гэта азначае, што Яго закон ёсць той дарогай, якой мы павінны трымацца. Езус таксама кажа, што Ён, а не хтосьці іншы, з’яўляецца праўдай. Колькі слоў кожны дзень мы чуем: радыё, тэлебачанне, газеты, часопісы, інтэрнэт... Словы, словы і яшчэ раз словы. І кожны кажа, што ён гаворыць праўду. Але жыццё паказвае, што гэтая чалавечая праўда кожны дзень таксама змяняецца. Толькі праўда Евангелля застаецца нязменнай. Нарэшце, Езус сцвердзіць, што Ён ёсць жыццё. Усе мы хочам жыць як мага даўжэй. Але на гэтай зямлі гэта немагчыма. У той жа час Езус вучыць, што той, хто жыве паводле Яго вучэння і прымае Яго Цела і Кроў, гэта азначае прымае ўдзел у Эўхарыстыі, будзе мець жыццё вечнае.
Гэтай праўдзе людзей вучыў а. Андрэй і сам гэтай праўдай жыў.
5. Яго нечаканая і трагічная смерць павінна таксама схіліць нас спытаць сябе саміх, ці жывём мы гэтай праўдай, ці гатовы да спаткання з Панам, які можа нас паклікаць у кожную хвіліну.
Яго смерць, як святара, павінна таксама абудзіць са сну многіх маладых людзей, якіх Бог кліча да святарства ці кансэкраванага жыцця, бо адышоў святар; адышоў той, які быў пакліканы Езусам вучыць людзей праўдзе Евангелля, асвячаць іх Божай ласкай, без якой няма збаўлення, і кіраваць імі, служачы ім у любові. Касцёл чакае вас, маладыя людзі, чакае, каб замянілі а. Андрэя.
6. Айцец Андрэй, год таму ты нечакана адышоў. Можна падумаць, што пасля цябе застаўся глухі тэлефон, на які ты не адказваеш. Але гэта не ўсё. Пасля цябе засталася праўда Евангелля, якой ты вучыў людзей, і засталося тваё хрысціянскае, святарскае і законнае сведчанне. Гэта азначае, што ты пакінуў след на гэтай зямлі.
Дзякуем табе за тваё кароткае, але напоўненае любоўю да Бога і людзей святарскае жыццё. Няхай наша супольная малітва ў гэты асаблівы час актавы малітваў за памерлых выпрасіць табе ў Бога ласку бачыць Яго тварам у твар. Амэн.
|